Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Божа, уратуй і захавай наша возера!» — вяскоўцы супраць пабудовы праваслаўнай царквы


Пратэст мясцовых жыхароў

Пратэст мясцовых жыхароў

Жыхары вёсак Вайшкуны і Станчыкі пратэстуюць супраць будоўлі царквы і праваслаўнага летніка на ўнікальным возеры Балдук.

Гэтыя мясьціны — якраз для аматараў адпачыць удалечыні ад цывілізацыі: варта збочыць з аўтатрасы Р-110, якая вядзе з Паставаў на Лынтупы, і апынесься на «гравійцы». Спачатку яна ідзе сярод поля, а пасьля заезду ў вёску Палхуны — сярод лесу. Яшчэ кілямэтры тры па размытым дажджом жвіры, і вось ужо відаць указальнік: адсюль 4 кілямэтры да вёскі Вайшкуны і 6 — да вёскі Станчыкі. За ёй — таямнічае возера Балдук, адно з найпрыгажэйшых у Беларусі.

Дабрацца да возера няпроста

Дабрацца да возера няпроста

Праваслаўную царкву будуюць у каталіцкіх мясьцінах з разьлікам на сотню «дачнікаў»?

Мясцовы жыхар Анатоль Лоўкіс пагадзіўся быць правадніком па гэтых мясьцінах, якія, аказваецца, вабяць ня толькі турыстаў, але й дасьледчыкаў анамальных зьяваў:

«Возера вельмі глыбокае, больш за 40 мэтраў, тут ідзе тэктанічны разлом — з боку Літвы ў кірунку да Глыбокага. Якраз недалёка ад гэтага разлому будуюць Астравецкую АЭС. Я анамальных зьяваў не назіраў, хоць даўно тут жыву. Але многія кажуць, што нібыта лётала НЛА і ў возеры нешта начамі сьвяцілася».

Унізе — унікальнае возера Балдук

Унізе — унікальнае возера Балдук

Навукоўцы-біяфізыкі вызначылі тут геамагнітную анамалію. Яны лічаць, што тут ня варта нічога будаваць. А яшчэ, паводле старых мясцовых паданьняў, у Балдуку жыве свая пачвара, на ўзор лахнэскай... Але ўся гэтая «чартаўшчына» аніяк не паўплывала на ідэю збудаваць тут, у Станчыках — спакон веку каталіцкім краі, — новую праваслаўную царкву.

Анатоль Лоўкіс паказвае пачатак будоўлі

Анатоль Лоўкіс паказвае пачатак будоўлі

«На мінулым тыдні ўжо пачаліся працы. Прывезьлі во гэты жвір, будуць рабіць дарогу да пагорку, на якім хочуць збудаваць царкву. А яшчэ — аб’ект для ўцехаў душы і цела — праваслаўны летнік на 140 месцаў. Замоўнік будоўлі — пастаўскі прыход Мікалая Цудатворцы „Жыватворная крыніца“. Спонсар — менскі прадпрымальнік Мікалай Рамановіч, уладальнік лецішча ў Вайшкунах. Спадар Рамановіч выкупіў там некалькі ўчасткаў, пабудаваў вялікі дом, і нават не адзін. Усёй яго маёмасьці не відаць з-за высокага плоту. Ён шчыры вернік і дбае пра будаўніцтва праваслаўнага храма. Але чамусь ня ў Менску і не ў Вайшкунах, на пустым полі цераз дарогу ад свае „рэзыдэнцыі“. А ў Станчыках, на ўзгорку над Балдуком», — працягвае Анатоль Лоўкіс.

За плотам – сядзіба Мікалая Рамановіча

За плотам – сядзіба Мікалая Рамановіча

Насупраць хопіць месца нават на некалькі храмаў

Насупраць хопіць месца нават на некалькі храмаў

Ён распавядае, што да 2010 году нікому і ў галаву не прыходзіла будаваць цэрквы, бо насельніцтва — спрэс каталіцкае. Дый дзе сёньня тое насельніцтва? У Вайшкунах засталіся 2–3 сталыя мясцовыя жыхары на 40 хат, астатнія — «дачнікі». Тая самая карціна — у Станчыках, толькі хат усяго 15, і апрача «дачнікаў» — 2–3 чалавекі тутэйшых жыхароў. У самы пік сэзону на лецішчах зьбіраецца ня больш за 100 насельнікаў. Для каго ж будаваць царкву?

Дарогу да будучай царквы ладзяць у Станчыках проста пад вокнамі

Дарогу да будучай царквы ладзяць у Станчыках проста пад вокнамі

Некалькі год таму, кажа Анатоль Лоўкіс, у Вайшкунах і Станчыках зьбіралі подпісы за будоўлю невялікай капліцы якраз насупраць сядзібы Мікалая Рамановіча. Хто падпісваўся, хто — не, аднак вялося менавіта пра капліцу, а не пра царкву, якую зьбіраюцца паставіць на самым высокім месцы ў навакольлі. Цяпер людзям спрабуюць давесьці, што яны падпісаліся за вялікае будаўніцтва. Абураныя жыхары напісалі ў пракуратуру, каб там праверылі, ці не прыкладзены іхныя подпісы да іншага звароту — просьбы пра будаўніцтва цэлага праваслаўнага комплексу. Замест праверкі атрымалі адказ — маўляў, пракуратура ня мае сумневаў у праўдзівасьці дакумэнтаў.

Царква — гэта толькі прыкрыцьцё будучай маштабнай будоўлі на беразе запаведнага возера?

Менскі архітэктар Вадзім Гліньнік, гаспадар хаты ў Вайшкунах, лічыць узьвядзеньне тут царквы вялікай памылкай і недарэчнасьцю:

Вадзім Гліньнік

Вадзім Гліньнік

«Балдук — тытульнае возера Балдуцкай групы, болей вядомай як Блакітныя азёры — ахоўваецца Беларускай дзяржавай як прыродная каштоўнасьць. Але ахоўваецца неяк дзіўна — з аднаго боку.

Само возера ляжыць у Менскай вобласьці, і забудова яго „менскага“ берага забаронена. Але супрацьлеглы бераг знаходзіцца ў Віцебскай вобласьці, і ў апошнія гады ён актыўна забудоўваецца. Прычым забудоўваецца хаатычна, без належнага аналізу наступстваў для экалёгіі ўнікальнага прыроднага кутка.

Гэтак і з царквой. Ніхто ня супраць царквы. Няхай будуецца, калі людзі маюць у тым патрэбу. Але нашто разбураць запаведную прыродную мясьціну? Хіба ў навакольлі мала іншых месцаў? Для будаўніцтва царквы абрана самае высокае месца ў прыбярэжнай зоне. На тым пагорку наагул нельга нічога будаваць, бо будзе разбураны архаічны краявід, які сёньня маем з боку запаведніка. Разбурана акурат тое, што павінна ахоўвацца.

Гэта недапушчальна! Жыхары навакольных вёсак зьбіраліся, прапаноўвалі пашукаць для будоўлі іншае месца. Але настойлівасьць інвэстара дала мясцовым людзям падставы меркаваць, што царква —гэта толькі прыкрыцьцё будучай больш маштабнай будоўлі на беразе запаведнага возера».

Прапанова пабудаваць царкву ў іншым месцы агучвалася некалькі разоў, кажа Іна Жызьнеўская, актывістка грамадзкага аб’яднаньня «Экадом»:

«Адна з прапановаў была — збудаваць царкву ў Лынтупах. Я маю хату ў гэтым мястэчку і ведаю: духоўнай працы тут шмат. Каля паўтары тысячы жыхароў, і ёсьць праблемы — прыкладам, алькагалізм. Лынтупскі ксёндз аніколькі ня супраць, каб тут яшчэ служыў і праваслаўны бацюшка, бо з насельніцтвам трэба працаваць. Да ўсяго, Лынтупы — гэта ўсё-ткі мястэчка, „цэнтар жыцьця“, ходзіць сякі-такі транспарт... Значна прасьцей трапіць на імшу сюды, а ня ў Станчыкі. Відавочна: гэтае будаўніцтва храма — аніяк не для зручнасьці вернікаў, не дзеля іх памкненьняў да Бога».

Па гэтай дарозе грамадзкі транспарт ня ходзіць

Па гэтай дарозе грамадзкі транспарт ня ходзіць

Вёскі Вайшкуны і Станчыкі практычна пераходзяць адна ў адну. Зь імі няма абсалютна ніякага транспартнага злучэньня, ня ходзяць нават рэйсавыя аўтобусы. Тут няма крамы, пару разоў на тыдзень прыяжджае аўталаўка. Да Паставаў — 40 зь лішкам кілямэтраў. Якім чынам гэтыя мясьціны далучылі да прыходу пастаўскай царквы — загадка для мясцовых. Іхнае меркаваньне, што далучэньне адбылося незаконна: паводле закону «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» для пашырэньня тэрыторыі дзейнасьці абшчыны на той ці іншы населены пункт неабходна, каб у ім мелі сталае жыхарства вернікі, якія належаць да пэўнай рэлігійнай канфэсіі.

Жыхары вёскі Станчыкі накіравалі ў Віцебскую абласную пракуратуру лісты-паведамленьні пра тое, што яны вызнаюць каталіцкую веру і не зьяўляюцца чальцамі праваслаўнага прыходу. Але пракуратура перанакіравала гэтыя лісты ў Віцебскі аблвыканкам, а той парэкамэндаваў жыхарам вёскі зьвярнуцца ў Пастаўскі праваслаўны прыход з просьбай памяняць яго статут.

Праваслаўная абшчына «Прыход храма Сьвяціцеля Мікалая Цудатворцы» атрымала ўчастак у вёсцы Станчыкі каля возера Балдук у 2011 годзе, якраз-такі зьмяніўшы статут — уключыўшы ў сваю тэрыторыю аддаленую вёску Станчыкі. Віцебскі аблвыканкам зацьвердзіў гэтыя зьмены, мясцовых жыхароў-каталікоў не спыталі ўвогуле.

Царква Мікалая Цудатворцы ў Паставах, за 40 зь лішкам кілямэтраў

Царква Мікалая Цудатворцы ў Паставах, за 40 зь лішкам кілямэтраў

Ужо некалькі тыдняў, як тэрыторыю на пагорку за Станчыкамі абнесьлі плотам, дзе-нідзе ён абцягнуты сеткай. Анатоль Лоўкіс вядзе ўздоўж плота:

«Во тут, за плотам, тэрыторыя заказьніка „Швакшты“. Мы ў ім стаім. А там унізе відаць возера Балдук, мы на яго паўночным беразе. Бачыце, колькі тэрыторыі абгароджана? Бо гэта ўжо ня толькі для царквы — тут будзе нешта буйнейшае. Айцец Валеры, сьвятар з Паставаў, ужо патлумачыў: будзе будавацца ня толькі храм, але й праваслаўны летнік. Мы дзівімся: навошта везьці дзяцей у такую далеч, куды нават транспарт ня ходзіць? Пры жаданьні можна было б арандаваць летнік якога-небудзь прадпрыемства або нават выкупіць яго, бо стратныя прадпрыемствы паўсюдна распрадаюць сваю маёмасьць. Людзі ў нас мяркуюць, што тут можа быць і ня летнік зусім, а нейкая летняя „дача“ для праваслаўных сьвятароў. У любым разе, сьпярша спатрэбіцца адпаведная інфраструктура, потым у разы павялічыцца колькасьць прыежджых, і Балдук можа загінуць».

«Пашпарта аб’екта будаўніцтва» нідзе няма

«Пашпарта аб’екта будаўніцтва» нідзе няма

Зьмененыя межы заказьніка пачынаюцца адразу за будаўнічым плотам

На плоце няма аніякай шыльды, што за аб’ект тут будуюць. Аднак вісіць расьцяжка «Ўратуй і захавай наша возера і прыроду», якую зрабілі тутэйшыя жыхары. У траўні 2014 году мясцовыя актывісты, даведаўшыся пра пляны збудаваць тут і храм, і летнік, стварылі грамадзкую ініцыятыву «Балдук», каб каардынаваць высілкі па захаваньні прыроднага асяродзьдзя. Узначаліў ініцыятыву Ігар Пастухоў, былы дырэктар заказьніка «Сарачанскія азёры», звольнены з пасады за пратэсты супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.

«Возера Балдук — адно з найпрыгажэйшых у Беларусі. Аднак у ім дужа марудны працэс абнаўленьня вады — каля 30 гадоў. Справа ў тым, што возера надта глыбокае, 43 мэтры, напаўняецца яно з крыніц, а выцякае з Балдука толькі адна невялікая канаўка... Раней вада ў ім была дужа чыстая, і менавіта наплыў турыстаў стаў прычынай пагаршэньня стану вадаёма.

Сытуацыя з возерам няпростая: па ім праходзіць мяжа Менскай і Віцебскай абласьцей. Паўднёвы бераг Балдука — гэта частка Нацыянальнага парку „Нарачанскі“, дужа папулярнага месца адпачынку. Навукоўцы з Акадэміі навук дасьледавалі стан вадаёма і рэкамэндавалі адміністрацыі парку абмежаваць колькасьць турыстаў — каб пускалі людзей толькі па выходных і ня больш як 30 чалавек у дзень. Аднак гэтая рэкамэндацыя ігнаруецца: людзей на беразе бывае па некалькі соцень. Кожны, хто купаецца, пакідае ў вадзе 150 мг фосфару. А калі яшчэ турысты мыюць у возеры посуд — дык усё гэта дужа засьмечвае вадаём.

Вядома, яшчэ адзін, праваслаўны, турыстычны комплекс значна пагоршыць і без таго цяжкую сытуацыю», — кажа спадар Пастухоў.

Ігар Пастухоў

Ігар Пастухоў

Ён малюе невясёлыя карціны: вада ў Балдуку, вядома ж, нікуды не падзенецца. Зьменіцца толькі яе якасьць. Засьмечаныя азёры пачынаюць цьвісьці, двойчы на год. Гэта значыць, што водарасьці забіраюць кісларод, хутка распаўсюджваюцца, і вадаём ператвараецца ў балота. Зьнікае рыба, і для чалавека возера робіцца малапрыдатным.

Як хутка гэта можа здарыцца, ніхто прадказаць ня можа: некалькі год экасыстэма будзе імкнуцца да самааднаўленьня, а потым «здасца», і наступствы будуць ужо непапраўныя.

Ігар Пастухоў распавёў, што ў 2010 годзе, калі толькі пачыналіся гаворкі пра ўзьвядзеньне царквы, контраргумэнтам эколягаў было тое, што будоўля плянуецца ў гідралягічным заказьніку «Швакшты». Аднак будаўніцтва не забаранілі, а выставілі адзіную ўмову — ня нішчыць дрэвы ды іншыя насаджэньні, кажа спадар Пастухоў:

«У якасьці пакараньня за высечку прадугледжаны штраф. Але ці спалохаеш штрафам тых, у каго ёсьць грошы будаваць цэлы праваслаўны комплекс? Яны сплацяць тыя штрафы ды зробяць па-свойму! Аднак сёлета зь Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя нам напісалі: межы заказьніка зьмяніліся, яны цяпер пачынаюцца літаральна за будаўнічым плотам. А тэрыторыя пад будаўніцтва ўжо не ахоўная — гэта зямля вёскі Станчыкі. Праўда, тады паўстае пытаньне: чаму не было праведзена грамадзкага абмеркаваньня будоўлі зь мясцовымі жыхарамі?»

За плотам — тэрыторыя заказьніка «Швакшты»

За плотам — тэрыторыя заказьніка «Швакшты»

У сувязі з гэтым мясцовыя жыхары зьвярнуліся ў суд — што пастаўскі прыход распачынае будоўлю без узгадненьня зь імі, як патрабуе заканадаўства.

Анатоль Лоўкіс мяркуе, што ў былыя часы да захаваньня навакольнага асяродзьдзя ў гэтых мясьцінах ставіліся больш адказна:

«Насельніцтва ў Вайшкунах і Станчыках пачало мяняцца яшчэ ў 1980-я, калі вёскі сталі выміраць. „Дачнікаў“, якія куплялі апусьцелыя хаты, вабілі маляўнічыя краявіды, чысьцюткая вада ў крыніцах, возера і цішыня Але ў часы СССР існавалі досыць жорсткія правілы — новае будаўніцтва было забаронена, участкаў ніхто не выдзяляў. Усё зьмянілася ўжо ў 2000-я: пачаліся новыя будоўлі, і самы пік быў з 2006-га да 2009-га гадоў. Вось у Вайшкунах адразу відаць, дзе была старая вуліца, а дзе, бліжэй да возера, — сучасныя дамы. Есьць і цэлыя „сядзібныя комплексы“, нават, я сказаў бы, „міні-гатэлі“, і некаторыя ўжо працуюць. Каб зарабляць грошы. Так што ўсе любяць прыроду па-рознаму: нехта яе ашчаджае, а нехта нажываецца».

«Захоп зямлі адбываецца пад пратэктаратам расейскай праваслаўнай царквы»

Усе просьбы жыхароў Вайшкунаў і Станчыкаў наконт захаваньня ўнікальнага прыроднага асяродзьдзя так і застаюцца без увагі. Пасьля адказаў зь Віцебскага аблвыканкаму і абласной пракуратуры, што «ўсё робіцца па законе», тутэйшыя насельнікі зьвярнуліся наўпрост да Аляксандра Лукашэнкі. Выклалі аргумэнты супраць будаваньня царквы ў водаахоўнай зоне ўнікальнага возера і прыклалі больш як 80 подпісаў на карысьць пераносу месца будоўлі праваслаўнай царквы ў Лынтупы. Аднак ліст да прэзыдэнта быў перанакіраваны ў апарат Савету міністраў, а адтуль — у Віцебскі аблвыканкам, зноў у тую самую ўстанову, на дзеяньні якой і скардзіліся вяскоўцы.

Будоўля зусім побач

Будоўля зусім побач

Сёньня цяжка разьмежаваць, што больш абурае мясцовых жыхароў: ці відавочная пагроза, якую нясе возеру новы аб’ект для адпачынку і турызму, або ўмяшаньне ў іхнае жыцьцё праваслаўнай канфэсіі, да якой вяскоўцы-каталікі, гвалтам уключаныя ў царкоўны прыход, ня маюць аніякага дачыненьня.

І тое, і другое, лічыць Анатоль Лоўкіс:

«Насамрэч, калі б тут будавалі ці сынагогу, ці мячэт, ці нават новы касьцёл — у гэтым усё адно няма аніякага сэнсу. Тут жа практычна няма людзей, яны прыяжджаюць толькі ўлетку! А калі сюды пачнуць завозіць турыстаў — у царкву ці на адпачынак, то антрапагенная нагрузка, якая павялічыцца з уводам у эксплюатацыю гэтых аб’ектаў, прынясе вялікую пагрозу возеру.

Таму абурае, што пад пратэктаратам расейскай праваслаўнай царквы, у дадзеным выпадку, адбываецца захоп зямлі, захоп тэрыторыі. Дарэчы, сярод нашых аднадумцаў ёсьць і праваслаўныя людзі, і яны таксама абураныя гэткімі дзеяньнямі. І ўжо калі казаць пра аўтэнтычную адметнасьць, то тут ніколі не было праваслаўных. Так склалася гістарычна».

«Дык навошта гвалтам разбураць аўтэнтычнасьць як культурную зьяву? І навошта нішчыць дадзеныя богам прыродныя скарбы?» — задаецца пытаньнем Анатоль Лоўкіс.

Мясцовыя жыхары спадзяюцца спыніць гэтае будаўніцтва

Мясцовыя жыхары спадзяюцца спыніць гэтае будаўніцтва

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG