Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украінцы не такія ўжо нам і браты»


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Vadzim Prakopčyk робіць допіс у фэйсбуку пра ўдзел беларусаў ва ўкраінскай барацьбе з расейскай агрэсіяй.

Акцэнт робіцца на адной тэзе – навошта лезьці не ў свае справы? І крыху расшыфроўваецца: украінцы нас бы так не падтрымалі, там нараджаецца новы імпэрыялізм. Маўляў, ня надта яны нам браты, «вунь, добраахвотнікам грамадзянства не даюць». І ўсё, маўляў, скончыцца новым «старэйшым братам».

Разам зь перапостамі тэкст упадабала больш за сто чалавек. Праглядаю: багата тых, хто сам удзельнічае ў стварэньні інфармацыйнай прасторы: журналісты, публіцысты. Кароткі пераказ меркаваньняў падтрымкі: «Трэба сабе дапамагаць, а ня нейкім вонкавым».

Хоць спэктар камэнтароў досыць багаты. Крыўда на ўкраінскіх нацыянал-рамантыкаў зь іх прэтэнзіяй на спадчыну ВКЛ. Сумнеў у добрым стаўленьні ўкраінцаў да беларусаў (1990-я ўжо ня памятаюць, калі ўкраінцаў дзясяткамі здымалі зь цягнікоў перад акцыямі ў Менску, затрымлівалі паводле моўнай прыкметы тых, хто дабраўся, а некаторыя пасядзелі ў турме за «Чарнобыльскі шлях»).

Гэта такая ўкраінаскептычная пазыцыя. Але ёсьць і іншая. Калі браць у суме, то пазыцыя гаспадарнікаў: «Што ж вы сілы раскідваеце, цягніце ўсё ў хату. Мы тут на хутары жылі, і жыць будзем, нашто вам тыя суседзі?» Нічога супраць украінцаў, але ж навошта працуеце на чужым гародзе, калі свой ёсьць?

«Як можна не разумець, што ва Ўкраіне цяпер вырашаецца лёс Беларусі, а, магчыма, усёй Эўропы, калі не ўсяго Сьвету?», – гучыць пара разгубленых галасоў у абмеркаваньні.

А вось можна не разумець! «У нас на хутары свой агарод. І нас нічога больш не ці-ка-віць».

То бок, ва ўкраінцаў свой, у балтыйскіх народаў свае, «а і мы ня горшыя, і ў нас агарод ёсьць!» І тое, што ва ўкраінцаў які раз у гісторыі спрабуюць забраць іхны агарод – «гэта іх унутраная справа». А тое, што той, хто адбірае ва ўкраінцаў, праз паўгода на тваім агародзе плянуе паставіць свае зьнішчальнікі, гэта ўжо наша справа, і ўкраінцаў турбаваць ня мусіць?

Пазыцыя «свайго агароду» – гэта заведамы пройгрыш. Гісторыя ВКЛ у кожнага будзе свая. А вось будучыня ва ўсіх супольная: ці накрые зьнішчальнікамі, ці ўсе разам адужаем.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG