Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Думалі паставіць п’есу пра Крым, але зрабілі пра беларускі абсурд». Новая пастаноўка «Тэатру Ч», на прэм’еру якой прыйшлі Статкевіч і Някляеў


Прыватны «Тэатар Ч», які выбухнуў у 2013 годзе з дэбютнай пастаноўкай «Дзядоў», прадставіў новы твор — «Што рабіць з тыграм?». Свабода схадзіла на прэм’еру абсурдысцкага спэктакля.

Спэктакль пастаўлены на аснове дзьвюх п’ес польскага драматурга Славаміра Мрожака — «Пакутніцтва Пятра Ахэя» і «Летні дзень». Пастаноўкай займаўся таксама польскі рэжысэр — Дарыюш Язерскі.

«Я чула водгукі гледачоў, яны казалі, што гэта незвычайна, — расказала Свабодзе Кацярына Саладуха, дырэктарка па разьвіцьці „Тэатра Ч“. — Гэта тое, да чаго мы імкнёмся: каб наш „Тэатар Ч“ працаваў у новых кірунках, прадстаўляў розныя тэатральныя школы, розных знакавых аўтараў».

Кацярына Саладуха, дырэктарка па разьвіцьці «Тэатра Ч»

Кацярына Саладуха, дырэктарка па разьвіцьці «Тэатра Ч»

На прэм’еру ў Палацы культуры вэтэранаў сабралася поўная заля. Прыйшлі палітыкі Мікалай Статкевіч і Ўладзімер Някляеў. Статкевіча, калі той зайшоў у залю, гледачы віталі аплядысмэнтамі.

Па словах кіраўніка тэатру Андрэя Чорнага, абсурдысцкая п’еса, дзе героі ваююць з выдуманым тыграм, павінна быць актуальнай для беларускіх гледачоў. У ёй паказана, як таталітарны рэжым у выглядзе чыноўнікаў, навукоўцаў і пэдагогаў пазбаўляе чалавека права на асабістае жыцьцё.

«Такі абсурд — як усё наша беларускае жыцьцё», — сказаў Чорны.

Андрэй Чорны, кіраўнік «Тэатру Ч»

Андрэй Чорны, кіраўнік «Тэатру Ч»

Ён дадаў, што зь бюракратыяй і абсурдам польскаму рэжысэру давялося сутыкнуцца ня толькі на сцэне, але й падчас працы.

«Абсурд, пра які ён паставіў спэктакль, у нас на кожным кроку, — сказаў Чорны. — Тыя рэчы, калі начальнік кажа адно, а падначалены робіць іншае: Дарыюш пабачыў вельмі шмат дурных перашкодаў — невыкараняльных рэчаў ад часоў Савецкага Саюзу».

Самому ж рэжысэру спадабалася праца ў Беларусі. Ён ужо бываў тут неаднойчы: то прывозіў сваю студэнцкую трупу на «Тэатральны куфар», а то выступаў на тым жа фэстывалі як сябра журы. І ўрэшце прыехаў сюды як рэжысэр беларускага тэатру.

Дарыюш Язерскі — рэжысэр спэктаклю «Што рабіць з тыграм?»

Дарыюш Язерскі — рэжысэр спэктаклю «Што рабіць з тыграм?»

«У Польшчы ходзяць легенды, што ў Беларусі немагчыма працаваць з абсурдам у тэатры, — расказаў Свабодзе Дарыюш Язерскі. — Чым далей на Ўсход — тым складаней гэта. Бо ў вас іншая тэатральная школа — Станіслаўскі, псыхалёгія. Але гэта ня так, аказваецца. У вас вельмі здольныя й прафэсійныя акторы».

Яшчэ да пачатку працы над гэтым спэктаклем Язерскі прапаноўваў выкарыстаць іншыя п’есы Мрожака, у тым ліку «Лета ў Крыме».

«Гэта таксама было б актуальна, і ня толькі дзякуючы назьве», — сказаў Чорны.

«Тэатар Ч» — адзіны прыватны беларускамоўны тэатар у краіне. Ён стаў вядомы пасьля першай пастаноўкі «Дзядоў» па клясычным творы Адама Міцкевіча ў 2013 годзе. Драматург Андрэй Курэйчык назваў гэты спэктакль лепшым у Беларусі. На пачатку 2015 году «Тэатар Ч» паставіў рок-м’юзыкал па п’есе Брэхта «Матухна Кураж».

XS
SM
MD
LG