Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выняў з паштовай скрынкі дзівосны выбарчы плякат. «Чатыры ў адным». Справа Лукашэнка, зьлева Караткевіч. З адваротнага боку адпаведна Улаховіч і Гайдукевіч.

Каляровыя партрэты. Подпісу няма, але дробным шрыфтам сякія-такія выходныя дадзеныя: «РУП «БДП», т. 4263200, зак. 1369». Усё. Тыраж аграмадны. Самі разумееце, хто надрукаваў. Дадзеныя аб чацьвёрцы, зразумела, на расейскай мове.

Дзьве шырокія белазубыя ўсьмешкі. Асабліва ў Тацяны Мікалаеўны. Ну і ў Аляксандра Рыгоравіча таксама ня горшая. Два вусачы з другога боку не пасьміхаюцца, вусны сьціснутыя. Зразумела, значэньне мае толькі разварот Караткевіч-Лукашэнка. Відавочна: біяграфічную даведку апошняга канчаткова адрэдагавалі, зважаючы на дадзеныя Караткевіч — крыху празьмерныя. У Лукашэнкі — нічога неабавязковага, усё сьцісла. Нацыянальнасьць апазыцыйнай кандыдаткі напэўна вырашылі не пазначаць. А вось у прэзыдэнта коратка і ясна — беларус. І ніякіх гваздоў. Каб напісала Караткевіч — беларуска, не выключаю, у зьвестках прэзыдэнта ўзгадка аб нацыянальнасьці зьнікла б. Апошнія радкі: «Замужем, воспитывает сына», «А.Г.Лукашенко — отец троих сыновей». Што ні кажыце, гучыць у другім выпадку салідна, грунтоўна.

Бачыце: побач паставілі апазыцыянэрку! Дык значыць, ня лічаць другім гатункам, значыць усё цалкам дэмакратычна. І толькі пагляньце вы на іх: нібы бацька і дачка. Так лагодна і прыгожа, што аж ня верыцца.

І што вы думаеце: яна яму ў дочкі падыходзіць і раптам з прэтэнзіямі! «Кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч, аказваецца, зьвярнулася ў Цэнтральную камісію па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў з просьбай даць ёй эфірны час, ня выкарыстаны іншым кандыдатам, Аляксандрам Лукашэнкам». І тлумачэньне: ён жа паабяцаў публічна…

Ну як жа так: зь ёю як дачкой, можна сказаць, а яна дзёрзкасьці дапускае?

А тут яшчэ большая нясьціпласьць, проста парушэньне субардынацыі: «Кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч патрабуе ад Цэнтарвыбаркаму вынесьці другому кандыдату ў прэзыдэнты — Аляксандру Лукашэнку — папярэджаньне «ў сувязі са шматлікімі і сыстэматычнымі парушэньнямі ўстаноўленага заканадаўствам парадку ажыцьцяўленьня перадвыбарнай агітацыі, незаконным выкарыстаньнем дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і дзяржаўных бюджэтных сродкаў у мэтах правядзеньня агітацыі за сваё абраньне».

Ну гэта ўжо зусім у ніякія вароты!

Хто б сумняваўся: ЦВК дала дастойны адпор…

Але пытаньне: чаму такі плякацік цікавы апынуўся ў мільёнах паштовых скрынак? Караткевіч і Лукашэнка. Таму што не баіцца яе начальства. Таму й зарэгістравалі.

Памятаю, калі напачатку году напісаў блог «Бляндынка ідзе ў прэзыдэнты» (мелася на ўвазе Малгажата Агурэк у Польшчы), яго чыталі ўсе. І апазыцыя. І начальства чытала. І задумалася. І пачакала, пакуль палякі выбралі новага прэзыдэнта. І калі выявілася, што польская бляндынка палітыкам аказалася, як казалі самі палякі, нулявым і амаль нічога не набрала, беларускае начальства ўздыхнула з палёгкай. Значыць, такі варыянт вельмі падыходзіць нам, вырашыла яно. І Тацяне Караткевіч далі зялёнае сьвятло.

Што яшчэ дадаць? У блогу трэба пазначыць уласнае стаўленьне да кандыдаткі. Выглядае яна прывабна, наша. І каб былі выбары з двума няўсьмешлівымі вусачамі і ёй, я пайшоў бы і прагаласаваў за яе. А раз няма такога, то няма й мовы.

Але запатрабаваньне ў грамадзтве сапраўды ёсьць, як цяпер прынята казаць, на новы сьвежы твар, а значыць у сёньняшніх умовах на Тацяну Караткевіч канкрэтна. Адзін знаёмы (ён прызнаўся, што таксама чытаў «Бляндынка ідзе ў прэзыдэнты») пахваліўся сваім рэкордам: за Тацяну Караткевіч сабраў у Горадні 170 подпісаў усяго за дзевяць гадзінаў! Сам дагэтуль уражаны. Людзі вельмі ахвотна падпісваліся. Нават пэнсіянэркі, якія папярэджвалі, што раней паставілі подпіс за Лукашэнку.

Гэты чалавек дзеля параўнаньня ўспомніў: за Пазьняка ў 1994-м зьбіраць было вельмі цяжка, здаў, праўда, больш за дзьвесьце подпісаў, але зьбіраў іх цэлы месяц, не хацелі падпісвацца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG