Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску жыхары дому грозяць Лукашэнку няўдзелам у выбарах за капрамонт


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Жыхары дому 78 па вуліцы Каліноўскага ня хочуць ісьці на выбары, бо дом стаіць без капітальнага рамонту 46 год.

Першы пяціпавярховы дом у мікрараёне «Ўсход-1» быў збудаваны ў 1969 годзе — менавіта яго жыхары напісалі скаргу на імя Лукашэнкі, тэкст якой перадае БелаПАН. За 46 год дом на Каліноўскага, 78 ні разу паўнавартасна не рамантаваўся.

Як адзначаюць жыхары ў скарзе, у шмат якіх кватэрах вокны прыйшлі ў няспраўны стан, праржавелі і прагнілі трубы, састарэла электраправодка, кватэры часта падтопліваюцца, сьцены патрэскаліся, не трымаюць цеплыню, а батарэі ў сьценах абаграваюць хутчэй вуліцу. Канструкцыі пліт перакрыцьцяў падлогаў, лёджыяў, гаўбцоў, брылёў, прыступак пад’ездаў знасіліся і маюць пашкоджаньні апорнай арматуры і бэтону, што стварае пагрозу жыцьцю і здароўю людзей, пішуць жыхары.

У знак пратэсту жыхары дому адмаўляюцца ісьці на прэзыдэнцкія выбары і маюць намер байкатаваць усе наступныя выбары ды дзяржаўныя мерапрыемствы. Яны ня хочуць «падтрымліваць тыя ўлады, тых чыноўнікаў, якія іх падманвалі і падманваюць», беручы ўдзел у выбарах, хоць многія зь іх «падтрымліваюць кандыдатуру дзейнага прэзыдэнта».

Жыхары дома лічаць, што цягам 46 год адлічэньні на капітальны рамонт, якія яны ўносілі, выкарыстоўваліся на суседнія дамы пазьнейшай пабудовы. Аўтары звароту мяркуюць, што заканадаўства па капітальным рамонце належыць паставіць на грамадзкі кантроль. «Час пакласьці канец непадзельнаму панаваньню чыноўнікаў і махінацыям у гэтай сфэры», — пішуць яны Лукашэнку.

XS
SM
MD
LG