Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама і Пуцін абмеркавалі ў Нью-Ёрку крызісы ў Данбасе і Сырыі


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама (справа) паціскае руку прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна падчас іх сустрэчы на Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 28 верасьня 2015 году

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама (справа) паціскае руку прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна падчас іх сустрэчы на Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 28 верасьня 2015 году

Уладзімер Пуцін ня выключыў удзелу Расеі ў сумесных паветраных ударах па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы». Абама выказаў трывогу з нагоды ажыцьцяўленьня Менскіх дамоўленасьцяў па Данбасе.

У Нью-Ёрку ў штаб-кватэры ААН прайшла першая за два гады рабочая сустрэча і перамовы прэзыдэнтаў Злучаных Штатаў і Расеі.

Сустрэча адбылася ў кулюарах сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. Яна прайшла за зачыненымі дзьвярыма і працягвалася каля паўтары гадзіны.

Як паведамляе Reuters, Пуцін ахарактарызаваў сустрэчу з Абамам як вельмі карысную і адкрытую і выказаў гатоўнасьць Расеі да паляпшэньня адносінаў са Злучанымі Штатамі. Расейскі кіраўнік ня выключыў таксама сумесны з Захадам удзел Расеі ў санкцыянаваных ААН ваенных апэрацыях супраць тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». Інфармацыйнае агенцтва Associated Press вылучае словы Пуціна аб тым, што Расея не выключае ўдзелу ў сумесных зь міжнароднай кааліцыяй паветраных ударах па баевіках «Ісламскай дзяржавы». Пуцін, як адзначае агенцтва, нічога не сказаў пра тое, ці абмяркоўваўся падчас сустрэчы крызіс на ўсходзе Ўкраіны.

Крыніца агенцтва Reuters паведаміла, што прыкладна палова сустрэчы была прысьвечаная абмеркаваньню сытуацыі вакол Украіны. Прэзыдэнт Абама выказаў трывогу з нагоды ажыцьцяўленьня Менскіх дамоўленасьцяў і намераў непрызнаных уладаў у Луганску і Данецку правесьці мясцовыя выбары насуперак умовам дамоўленасьцяў.

Па словах прадстаўнікоў амэрыканскай адміністрацыі, сытуацыя ва Ўкраіне была для іх прыярытэтнай тэмай. Афіцыйны Вашынгтон пакуль не пракамэнтаваў вынікі перамоваў Барака Абамы і Ўладзімера Пуціна.

Апошняя вочная гутарка Барака Абамы і Ўладзімера Пуціна мела месца ўвосень мінулага году ў Кітаі на Форуме Азіяцка-ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG