Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Растове-на-Доне прайшоў пікет з патрабаваньнем вызваліць Надзею Саўчанку


Грамадзянскія актывісты заклікалі вызваліць ня толькі Надзею Саўчанку але і іншых палітвязьняў у Расеі

У Растове-на-Доне грамадзянскія актывісты правялі пікет з патрабаваньнем вызваліць ўкраінскую вайскоўку Надзею Саўчанку, якая ўтрымліваецца пад вартай у Расеі і абвінавачваецца ў датычнасьці да забойства двух расейскіх журналістаў.

Пікет, узгоднены з уладамі, прайшоў за дзень да аднаўленьня ў судзе гораду Данецк Растоўскай вобласьці слуханьняў у справе Саўчанкі. Людзі, якія сабраліся на акцыю - 15 чалавек - заклікалі вызваліць ня толькі яе, але і іншых палітвязьняў. Грамадзянскія актывісты трымалі плякаты: «ГУЛАГу — Не!», «Свабоду Сянцову і Кольчанку», «Свабоду Надзеі!».

Па словах адной з арганізатараў акцыі Валянціны Талмачовай, да мэмарыялу ахвярам палітычных рэпрэсій, дзе праходзіў пікет, прыйшлі тыя, каму неабыякавы лёс палітычных зьняволеных у Расеі, хто ня хоча браць на сябе «асабістую адказнасьць за ганебнае судзілішча над ўкраінскай ваеннаслужачай чыя нявіннасьць для большасьці сумленных і прыстойных людзей відавочная».

Нягледзячы на вячэрні час, да ўдзельнікаў пікету раз-пораз падыходзілі мінакі. Хтосьці браў спэцыяльна падрыхтаваную актывістамі памятку з кароткім выкладам справы Саўчанкі і выказваў спачуваньне Надзеі, а хтосьці выказваў нязгоду з пазыцый актывістаў і нават абражаў іх. Двойчы мужчыны, якія праходзілі міма, выказалі недвухсэнсоўныя пагрозы на адрас удзельнікаў публічнага мерапрыемства.

У цэлым акцыя завяршылася без сур’ёзных інцыдэнтаў, перадае карэспандэнт Радыё Свабода Грыгоры Бакунін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG