Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абвінавачныя па справе «графіцістаў»: на сайце дзяржоргана падаецца заведама ілжывая інфармацыя


Абвінавачаныя і падазраваныя па «справе графіцістаў» Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі, Вячаслаў Касінераў і Яраслаў Ульяненкаў накіравалі скаргу кіраўніку Сьледчага камітэту і ў Генпракуратуру на публікацыю, разьмешчаную на сайце Сьледчага камітэту.

Яна мае назву «Сьледчы камітэт працягвае расьсьледаваньне крымінальнай справы аб хуліганскіх дзеяньнях і пашкоджаньні маёмасьці ў сталіцы».

Аўтары скаргі лічаць гэтую публікацыю прамым парушэньнем іх прэзумпцыі невінаватасьці і права на абарону, а таксама абразай іх гонару і годнасьці.

У згаданым артыкуле на сайце Сьледчага камітэту хлопцаў наўпрост называюць «хуліганамі, затрыманымі за сэрыю наўмысных дзёрзкіх выхадак», «зламысьнікамі», «удзельнікамі групы» яшчэ да разгляду справы судом і прыпісваюць толькі нэгатыўныя якасьці. Фактычна з дапамогай распаўсюджваньня падобнай навіны грамадзтву ўнушаецца думка пра вінаватасьць хлопцаў у інкрымінаваных дзеяньнях, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Таксама там напісана, што «паводле заключэньня рэспубліканскай экспэртнай камісіі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь распаўсюджаныя ў сетцы Інтэрнэт матэрыялы ўтрымліваюць прыкметы праявы экстрэмізму і рашэньнем суду Цэнтральнага раёну гораду Менску прызнаныя экстрэмісцкімі». Аднак хлопцам невядома, пра якія матэрыялы ідзе гаворка, з заключэньнем рэспубліканскай экспэртнай камісіі і адпаведным рашэньнем суду яны не былі азнаёмленыя. Між іншым фігуранты па справе далі падпіскі пра неразгалошваньне дадзеных папярэдняга сьледзтва і нават ня могуць аспрэчыць у СМІ падобныя сьцьвярджэньні Сьледчага камітэту.

У публікацыі адзначана, што ў «зламысьнікаў» быў выяўлены і адабраны траўматычны пісталет. Пры гэтым на разьмешчаным фатазыдмку ёсьць выява пнэўматычнага пісталета, які адносіцца да катэгорыі грамадзянскай зброі.

«Такім чынам, на сайце дзяржаўнага органа падаецца заведама ілжывая інфармацыя, што зьяўляецца недапушчальным, парушае правы і дыскрэдытуе Сьледчы камітэт», — зазначаюць аўтары скаргі.

Таксама ў артыкуле гаворыцца пра адабраньне ў «зламысьнікаў» бутэлек з лёгкаўзгаральнымі вадкасьцямі, «элемэнтаў запалохвальнага характару», нейкіх налепак, а таксама літаратуры, якая асьвятляе дзейнасьць анархісцкіх і нацыяналістычных рухаў. Аднак захоўваньне вадкасьцяў, налепак, літаратуры не зьяўляецца проціпраўным. Хлопцы лічаць, што ў нэгатыўным кантэксьце падачы навіны гэтыя зьвесткі зьяўляюцца спробай падаць іх асобамі, схільнымі да супрацьпраўных дзеяньняў.

Акрамя таго, у нэгатыўным рэчышчы падаецца і тое, што двое зь юнакоў зьяўляюцца прыежджымі і жывуць на здыманай кватэры, і тое, што трое з іх зьмянілі прозьвішчы. Ні першае, ні другое не зьяўляецца проціпраўным, аднак з-за нэгатыўнай падачы ўсёй навіны гэтыя факты выклікаюць сумневы ў тым, што фігуранты па справе зьяўляюцца законапаслухмянымі грамадзянамі.

Артыкул, у якім у сьцвярджальнай форме ўтрымліваецца выснова пра вінаватасьць абвінавачаных і падазраваных, уяўляе сабой прамое і грубае парушэньне прэзумпцыі невінаватасьці

У артыкуле адлюстравана, што былі вывучаныя асобы «фігурантаў крымінальнай справы», але ніводнага факту, які ствараў бы станоўчы вобраз абвінавачаных і падазраваных, у артыкуле не прыведзена.

«Лічым разьмяшчэньне падобных навінаў у сетцы Інтэрнэт спробай сьледзтва ачарніць нас, абвінавачаных і падазраваных, у вачах усяго грамадзтва, прадвызначыць пазыцыю суду і паўплываць на зыход справы. Артыкул, у якім у сьцвярджальнай форме ўтрымліваецца выснова пра вінаватасьць абвінавачаных і падазраваных, уяўляе сабой прамое і грубае парушэньне прэзумпцыі невінаватасьці і права на абарону, выдае таямніцу сьледзтва і дыскрэдытуе ўвесь Сьледчы камітэт», — адзначаюць скаржнікі.

У сувязі з разьмяшчэньнем дадзенага артыкулу, фігуранты па «справе графіцістаў» просяць правесьці праверку вышэйназваных фактаў, даць ім прававую ацэнку і прыняць прадугледжаныя законам меры па ліквідацыі парушэньня правоў.

11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя за беларускамоўныя графіці, а таксама за пашкоджаньне фарбай сацыяльнага білборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.

XS
SM
MD
LG