Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчыма стыхійнае ўзьнікненьне Плошчы, — Някляеў


Уладзімер Някляеў, Мікалай Статкевіч і Анатоль Лябедзька на акцыі 23 верасьня

Уладзімер Някляеў, Мікалай Статкевіч і Анатоль Лябедзька на акцыі 23 верасьня

Уладзімера Някляева і Анатоля Лябедзьку будуць судзіць 30 верасьня ў Цэнтральным судзе Менску. Таксама ў суд выкліканы Мікалай Казлоў.

Уладзімера Някляева вінавацяць у арганізацыі і ўдзеле ў акцыях 10 і 23 верасьня ў Менску. Пасьля іх яго пачалі выклікаць то ў пастарунак, то ў суд:

«Я ўжо заблытаўся. Куча СМС і куча позваў, але сутнасьць у адным: што 30-га ў 10 гадзін раніцы будзе суд. Магчыма, пайду. Яны яшчэ хацелі, каб я сёньня да іх у міліцыю прыйшоў, відаць яшчэ нешта хацелі скласьці».

Як патлумачыць такую цікавасьць праваахоўных органаў да палітыкаў?

«Наперадзе ў рэжыму праблем куча зь верхам. Паўстала даволі нечаканая праблема разьмяшчэньня расейскай вайсковай базы, і Расея пачала ўжо цяпер ціснуць на Лукашэнку. Гэта выклікала дадатковую пратэстную хвалю ў грамадзтве. Гэта бачна ня толькі па незалежных СМІ, але і па рэакцыі людзей, пікетах, якія адбываюцца. І ўсе гэта разам стварае небясьпеку стыхійнага ўзьнікненьня Плошчы, пратэстнай акцыі супраць фальшывых выбараў і супраць іншаземных баз. І наогул супраць палітыкі ўладаў, якая давяла краіну да поўнай залежнасьці ад Расеі, і цяпер Лукашэнка спрабуе перайсьці ў нейкую залежнасьць ад Захаду.

Відавочная беспэрспэктыўнасьць у палітыцы рэжыму. Людзі гэта пачалі разумець. То бок зусім магчымая такая акцыя пратэсту. Больш шырокая, чым маглі чакаць улады. Таму трэба ўсё падрыхтаваць, каб на гэты выпадак людзі, якія могуць заклікаць да гэтай акцыі, прывесьці людзей на Плошчу, аказаліся ў ізаляцыі. Вось гэтыя суды і пратаколы могуць стаць падставай для ізаляцыі», — сказаў карэспандэнту Свабоды Уладзімер Някляеў.

Уладзімер Някляеў адзначыў, што 4 кастрычніка абавязкова адбудзецца акцыя супраць расейскай вайсковай базы ў Беларусі.

У фэйсбуку Анатоль Лябедзька напісаў, што яму прыйшло СМС. У ім гаворыцца, што палітык павінен зьявіцца ў суд Цэнтральнага раёну для разьбіральніцтва па адміністрацыйных правапарушэньнях па пратаколах, складзеных 16 і 23 верасьня.

«Гэта што такое? Што за ноў-хаў ?! Напісаў у адказ: „Ты хто?“ Адказу няма. Можа, гэта конь у паліто», — напісаў у фэйсбуку Анатоль Лябедзька, камэнтуючы атрыманае СМС.

23 верасьня Анатоль Лябедзька браў удзел у акцыі на плошчы Свабоды, а 16 верасьня — у пікеце каля ГУМа, які быў прысьвечаны памяці Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юр’я Захаранкі, Зьмітра Завадзкага — зьніклых апанэнтаў рэжыму.

На Мікалая Казлова пратакол склалі таксама за акцыю, прысьвечаную памяці зьніклых палітыкаў. Ён зьбіраецца ісьці ў суд.

«Я хачу паглядзець на судзьдзю, выслухаць рашэньне. Хочацца, каб паглядзелі на гэта нашы эўрапейскія сябры, якія цяпер перакананыя, што ў нас проста разгул дэмакратыі. Яны таксама былі на гэтым пікеце і бачылі, наколькі ён мірны і абгрунтаваны. Там жа дакумэнты былі з крымінальных спраў. Мы ж бачым, што людзі, якія падазраюцца ў гэтых зьнікненьнях, застаюцца на волі. Я лічу, што мы мелі права абмеркаваць гэты момант, бо чалавек, які ўплываў на гэта, вылучаецца кандыдатам у прэзыдэнты. Мы скарысталіся сваім правам, а высьвятляецца, што мы парушылі закон. Ну, пабачым, што яшчэ судзьдзя скажа на гэты конт».

Раней былы палітвязень Мікалай Статкевіч быў пакараны штрафам за арганізацыю пікету каля менскага ГУМу 10 верасьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG