Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўным у выступе Лукашэнкі ў ААН быў ня плач па роднасных для яго дыктатарах, якія зьнішчалі апанэнтаў у салянай кіслаце, а потым былі разарваныя (некаторыя — літаральна) сваімі ж колішнімі васаламі. Галоўнае — гэта настальгія па «шматпалярным сьвеце».

Нічога арыгінальнага ў словах Лукашэнкі няма: ён паўтарыў нават не самога сябе, а крамлёўскіх ідэолягаў, якія пра гэтую самую страту «шматпалярнасьці» (а фактычна — «двупалярнасьці») сумавалі ці ня з моманту распаду СССР.

Пад адным полюсам Лукашэнка мае на ўвазе, натуральна ж, Злучаныя Штаты Амэрыкі — відавочна, як самую моцную дзяржаву НАТО. Пры гэтым яго не цікавіць мэханізм прыняцьця рашэньняў у альянсе, пры якім слова Вашынгтону хоць і істотнае, але зусім не бясспрэчнае.

І Пуціна, і Лукашэнку турбуюць якраз ня Лібія ды Ірак. Іх турбуе падтрымка Злучанымі Штатамі дэмакратычных актывістаў у краінах з аўтарытарнымі рэжымамі, пра што Пуцін днямі заявіў у сваім інтэрвію (падтрымка таксама, трэба прызнаць, істотна перабольшаная — у сьвядомасьці чалавека, які прызвычаіўся ўспрымаць працэсы ў грамадзтве выключна як вынік «апэратыўных распрацовак», не ўкладаецца, што народ можа паўстаць супраць тырана і бяз нейкага зьнешняга ўплыву).

«Неабходна на справе прызнаць, што мы ўсе розныя і што кожны народ, кожная краіна мае права на выбар свайго шляху разьвіцьця» — кажа Лукашэнка ў ААН, ігнаруючы той факт, што і ў ягонай краіне, і ў Расеі народ даўно ўжо пазбаўлены права свабоднага выбару.

Што бачыць Лукашэнка на іншых «полюсах» — здагадацца таксама няцяжка: магчыма, і Кітай, але ў першую чаргу — Расею. І ўжо самой такой заявай ён пацьвердзіў стратэгічны — на ўзроўні ідэйных перакананьняў — саюз з Масквой.

З той самай Масквой, якая практычна за ўвесь час існаваньня Расейскай Фэдэрацыі (можа быць, за выняткам аднаго-двух гадоў адразу пасьля Распаду СССР) выступала ў ролі адваката антыдэмакратычных рэжымаў.

Гэта застаецца бясспрэчным фактам: з 1991 году Расея ніколі і нідзе не падтрымала — ні на палітычным, ні на дыпляматычным, ні на якім-небудзь іншым узроўні — імкненьне народаў да дэмакратыі.

Гэтак жа, як ніколі не падтрымліваў такіх імкненьняў камуністычны СССР.

Пераемнасьць Расейскай Фэдэрацыі з Савецкім Саюзам тут поўная^; трэба прызнаць, што ў свой час быў шанец запабегчы гэтай пераемнасьці.

У пачатку 90-ых, пры распадзе СССР адбыліся дзьве падзеі, якія ў значнай ступені вызначылі цяперашні расклад сілаў. Гэта — пераемнасьць Расейскай Фэдэрацыяй сталага членства СССР у Радзе бясьпекі ААН і вывад ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі, Казахстану і Ўкраіны ў Расею.

У сваёй кнізе «Дзевяноста першы» я прыгадваю, як пасьля саміту лідэраў былых савецкіх рэспублік 21 сьнежня 1991 году ў Алма-Аце Зянон Пазьняк, які ўваходзіў у склад беларускай дэлегацыі, сабраў дэпутатаў Апазыцыі БНФ і распавёу пра «закулісныя» падзеі. На закрытай сустрэчы кіраўнікоў (куды не былі дапушчаныя ні Пазьняк, ні міністар замежных спраў Краўчанка) кіраўнікі рэспублік, у тым ліку і Станіслаў Шушкевіч, пагадзіліся з прапановай Ельцына прызнаць Расейскую Фэдэрацыю правапераемніцай СССР у Радзе Бясьпекі ААН і адзінай уласьніцай ядзернай зброі. («Мы адчулі сапраўдны шок. Атрымлівалася, што Шушкевіч нас проста здаў! Здаў нацыянальныя інтарэсы Беларусі, якая адным махам пазбавілася галоўнага козыру на перамовах з Расеяй — аб падзеле ўласнасьці былога Саюзу», — піша ў сваіх мэмуарах Краўчанка).

Цікава, што ў выпадку, калі б месца СССР у Радзе Бясьпекі ААН не адышло Расеі — найбольш верагодным прэтэндэнтам на яго ў канцы 91-га была Японія, краіна з устойлівай дэмакратыяй, пазбаўленая імпэрскіх комплексаў. І цяжка падлічыць, колькі б важных ініцыятываў не было б заблякавана Масквой у Радзе Бясьпекі за мінулыя пасьля 1991 году амаль чвэрць стагодзьдзя.

Што да ядзернай зброі, дык, здавалася б, якая розьніца — у часы СССР ядзерная зброя таксама цэнтралізавана кантралявалася Масквой, яе знаходжаньне на тэрыторыі некаторых савецкіх рэспублік зусім не азначала, што Менск ці Кіеў маюць нейкія на яе правы. Гэта праўда, але існуе істотнае адрозьненьне.

Палягае яно ў тым, што з прыходам Пуціна ўпершыню ядзерная зброя апынулася ў руках кіраўніцтва, якое ў значнай частцы зьяўляецца кадравымі супрацоўнікамі спэцслужбаў, а канкрэтна — КДБ-ФСБ. Ні ў СССР, ні ў дзесяцігодзьдзе Ельцына спэцслужба ніколі не стаяла над партыйным (а потым — прэзыдэнцкім) апаратам. Наадварот — партыя заўсёды кіравала чэкістамі. Насуперак стэрэатыпнаму меркаваньню, прыклад Андропава не зьяўляецца выключэньнем: у свой час ён быў пасланы ў КДБ з пасады сакратара ЦК КПСС менавіта для ўзмацненьня партыйнага кантролю над чэкістамі, і ўсе гады свайго старшынёўства пасьлядоўна праводзіў там «лінію» генсека Брэжнева. І прыход Андропава на пасаду Генсека быў вяртаньнем у «родныя сьцены». А вось Пуцін і ягоная каманда прыйшлі ў Крэмль са спэцслужбаў.

На першы погляд, гэта дэталь цікавая хіба гісторыкам альбо вузкаму колу палітолягаў — але яна мае значэньне.

Справа тут у некаторых прафэсійных навыках кадравых супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія зь цягам часу могуць, як гаворыцца, зрабіцца іх «другой натурай». У тым ліку — і такога, які ў звычайным жыцьці называецца не зусім прыгожым словам «шантаж» (вядома, я далёкі ад думкі, што шантаж не выкарыстоўвалі ЦРУ, МІ-6 ці «Масад»).

Палітолягі ўжо неаднойчы заўважалі, што некаторыя заявы Пуціна былі б немагчымыя з вуснаў нават Брэжнева, пры якім нарошчваньне ядзернага патэнцыялу СССР ішло шпаркімі тэмпамі.

Цяпер ядзерны патэнцыял у руках чалавека, які анэксаваў частку тэрыторыі суседняй дзяржавы і патрабуе, каб іншыя дзяржавы прызналі «вядучую ролю» ягонай краіны. У ідэале — такую самую паводле ўплывовасьці ролю, якую меў СССР, калі трымаў увесь сьвет у напружаньні, балянсаваў на мяжы ядзернай вайны і ці растаптаньне танкавымі гусеніцамі «Праскай вясны», ці высылку акадэміка Сахарава падмацоўваў ядзерным кулаком.

Вось па такім «полюсе» (калі Масква ўвасабляла камуністычную, аўтакратычную альтэрнатыву цывілізаванаму сьвету) і настальгуе Лукашэнка з нью-ёрскай трыбуны.

Апошнім часам некаторыя палітычныя камэнтатары выказвалі меркаваньні, што пад пагрозай страты незалежнасьці Лукашэнка пойдзе на супрацоўніцтва з Захадам.

Цяперашняя прамова паказала: ня пойдзе. Да Масквы ён прывязаны намёртва. І да канца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG