Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтары World of Tanks пачалі перамовы аб супрацы з «Газпром-медиа»


Што менавіта Wargaming зьбіраецца рабіць супольна з расейскім мэдыяхолдынгам, не ўдакладняецца.

Беларускія распрацоўшчыкі онлайн-гульняў Wargaming вядуць унутраныя рабочыя перамовы аб супрацы з расейскім мэдыяхолдынгам «Газпром-медиа», паведаміў Rambler віцэ-прэзыдэнт Wargaming Мікалай Небышынец. Паводле ягоных слоў, перамовы на раньняй стадыі, абмяркоўваць іх ён ня можа, да таго ж перамовы могуць прывесьці да «зусім розных вынікаў».

«Газпром-медиа» і Wargaming пакуль не камэнтуюць заяву і не раскрываюць дэталі супрацы.

Раней глава «Газпром-медиа» Дзьмітры Чарнышэнка заяўляў пра пляны выхаду на рынак онлайн-гульняў, а таксама анімацыйных праектаў. На сёньня холдынг ня мае сваіх відэагульняў: у яго ўваходзяць тэлеканалы і радыёстанцыі, у тым ліку тэлеканалы НТВ і ТНТ, радыёстанцыі «Аўтарадыё» і «Эхо Москвы», відэахостынг RuTube, прадакшн-кампаніі, часопісы і іншыя прадпрыемствы.

У гульні Wargaming гуляюць больш за сто мільёнаў чалавек. Яшчэ ў студзені 2014 году ў «танкі» адначасова згулялі больш за мільён чалавек. Акрамя World of Tanks, кампанія выпусьціла авіяцыйную гульню World of Warplanes, марскую — World of Warships, асобныя вэрсіі «танкаў» для кансоляў і мабільных прылад. Гульні кампаніі распаўсюджваюцца бясплатна, але дазваляюць купляць віртуальныя бонусы, якія не ўплываюць наўпрост на працэс бою. На канец 2014 году ў сярэднім за месяц гулец у «танкі» купляў бонусаў на 4,51 даляра — гэта больш, чым ва ўсіх іншых умоўна-бясплатных онлайн-гульнях.

XS
SM
MD
LG