Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы дызэльны рухавік вынаходзілі, — Пашкевіч выдаў прыгодніцкую аповесьць «Рух»


У выдавецтве «Кнігазбор» накладам 1000 асобнікаў выйшла дэтэктыўная аповесьць Алеся Пашкевіча «Рух».

У інтэрвію Свабодзе аўтар сказаў, што задаволены ня толькі зьместам кнігі, але і стылёвым афармленьнем — вокладку спраектаваў дызайнэр, дырэктар студыі «Адліга» Анатоль Лазар. У канцы кастрычніка выйдзе пераклад на расейскую мову, а ў наступным годзе — на азэрбайджанскую.

— Спадар Алесь, пра што вы пішаце ў аповесьці «Рух»? Наколькі гэты твор незвычайны для беларускай літаратуры?

Алесь Пашкевіч
Алесь Пашкевіч

— Тэкст атрымаўся насамрэч незвычайны. Не зусім беларуская стылістыка і жанравасьць. Вось сьцьвярджаюць, што ровар не беларусы выдумалі, але, паводле аповесьці «Рух», беларусы дакладна спрычыніліся да пабудовы дызэльнага рухавіка. Твор, з аднаго боку, біяграфічны — у яго аснове вобраз стваральніка дызэльнага рухавіка Рудольфа Дызэля. Але, зь іншага боку, я імкнуўся зрабіць тэкст сучасным, выкарыстаўшы дэтэктыўны жанр. Тут дзейнічаюць ня толькі навукоўцы, вынаходнікі і майстры, але і кайзэр з расейскім імпэратарам, расейскія і нямецкія разьведчыкі. Наагул, у цэнтры — тэктанічны разлом у тэхніцы, цывілізацыйныя зьмены. Пасьля вугальнага рухавіка з паравой турбінай на сусьветную сцэну выходзіць дызэльны рухавік, які шматкроць эканамічнейшы і мацнейшы.

— Дык у «Руху» вельмі шмат тэхнікі? Падзеі разгортваюцца вакол тэхнічных навінак пачатку 20-га стагодзьдзя.

— Але няхай чытач не палохаецца. У аповесьці ня толькі тэхнічная тэматыка прысутнічае. Ёсьць там і прыгоды, ёсьць і каханьне. Прычым каханьне паміж хрысьціянінам-беларусам, сынам паўстанца 1863 году, і мусульманкай, дачкой мільярдэра-нафтамагната. У 1910 годзе, калі адбываюцца падзеі твору, такое каханьне было ня вельмі простым. Але каханьне перамагае. На жаль, ня так сонечна склаўся лёс вынаходніка дызэльнага рухавіка. Рудольф Дызэль — трагічная фігура, і аўтару думаецца, што нямецкая разьведка спыніла ягоны лёс. Таму ў фінале кнігі Дызэль сядае на цеплаход, каб ехаць на канфэрэнцыю ў Англію, але да берагоў Туманнага Альбіёну не даплывае.

— Прачытаўшы ў «Дзеяслове» «часопісную вэрсію» аповесьці, некаторыя чытачы вызначылі яе жанр як дызэльпанк. Наколькі гэта слушна?

— Ну, так, такую выснову робяць чытачы. Можа, тут афармленьне кнігі згуляла сваю ролю. Але ў мяне не было мэты напісаць твор у жанры дызэльпанку. Гэта клясычная эўрапейская прыгодніцка-дэтэктыўная папулярызатарская аповесьць. Тым ня менш на ста дваццаці старонках кнігі зьмешчаныя — і гэта рызыкоўны ход — фатаздымкі пабудовы вежы Эйфэля ў Парыжы, самога Рудольфа Дызэля, імпэратараў. Такім чынам, «Рух» — гэта кліп-аповесьць, у якой мне хацелася зацікавіць ня толькі тэматыкай, але і сюжэтам, зьместам, стылем, кампазыцыяй. Але паколькі я чалавек больш-менш адказнай школы ў літаратуры, то, пішучы пра рэальных асобаў, я стараўся пільна сачыць за гістарычнай праўдай.

— Каго вы бачыце чытачом аповесьці «Рух»?

— Паводле водгукаў, вельмі прыемных мне, кнігу ацанілі вельмі розныя людзі — ад народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча да майстроў станцыяў тэхнічнага абслугоўваньня. Калі браць узроставае вымярэньне, то кніга разьлічана на чытача ад чатырнаццаці гадоў.

— Ці дастаткова ў беларускай літаратуры твораў папулярных жанраў?

— Насамрэч шмат зроблена. Іншая рэч, што вельмі моцна бракуе прамоцыі нашай літаратуры. Няма рэклямы, піяру, незалежных кнігарняў, выданьняў, якія б папулярызавалі кнігі. Урэшце, абмялеў цэх крытыкаў. Публікацыі зьяўляюцца ад прэміі да прэміі. А так, каб штодня ці хаця б штотыдня — такога няма. А такое даўно робіцца ў Нямеччыне, у Швэцыі, у Польшчы, нават ва Ўкраіне. Беларуская кніга, на жаль, у нялёгкім становішчы. Так склалася, што выдавецтвы не папулярызуюць сваю прадукцыю. А сам аўтар мусіць. А беларускі аўтар — чалавек далікатны. Напісаць напісаў, а сілаў на прамоцыю і вялікія прэзэнтацыі не хапае.

— Выходзіць, што кнігі ствараюцца, але чытач мала пра іх ведае? Тут маюцца на ўвазе ў тым ліку і кнігі папулярных жанраў — дэтэктыў, фантастыка...

— У апошнія гады вельмі шмат выходзіць кніг, разьлічаных на масавага чытача. Але шукаць такую літаратуру трэба ў незалежных кнігарнях. І выходзіць яна неадпаведным накладам — ад 300 да 1000 асобнікаў. Нельга сказаць, што літаратары ў апатыі. Не. Але беларуская кніга ў заняпадзе. Ёй катастрафічна не хапае выхаду ў шырокі сьвет: на тэлебачаньне, на радыё, у выглядзе аўдыёкліпаў, аўдыёкніг, электронных кніг. І не хапае крытычных аглядаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG