Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым кормяць прэзыдэнтаў на Генасамблеі ААН


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнікі дзяржаў любяць бараніну, цяляціну і філе міньён. Дэгустацыя страваў для прэзыдэнтаў можа доўжыцца чатыры гадзіны, распавядае шэф-кухар ААН.

Пра тое, чым кормяць удзельнікаў Генасамблеі ААН, прэзыдэнтаў і прэм’ераў, кіраўніца расейскай службы Радыё ААН Алена Вапнічная распытала шэф-кухара ААН Дэна Лопэза.

«У прынцыпе, мы выконваем указаньні Службы пратаколу, — кажа Лопэз. — Мая задача — згатаваць некалькі розных закусак, асноўных страў і дэсэртаў. Супрацоўнікі пратаколу праводзяць дэгустацыю віна і страў і вырашаюць, што мы будзем рыхтаваць для ланча».

Ён кажа, што зрабіць ланч для 170–190 кіраўнікоў дзяржаў цяжэй, чым накарміць чатыры тысячы супрацоўнікаў сакратарыяту ААН у Нью-Ёрку, якім ён падае ежу штодзень: на Генасамблеі строгія меры бясьпекі. Дэгустацыя можа доўжыцца чатыры гадзіны.

«Тут у ААН аддаюць перавагу клясычнай францускай кухні. Неяк мы гатавалі цяляціну ан-папіёт (запечаную ў пэргамэнце. — РС), курку пад галяндзкім соўсам, фуа-гра. Яны любяць бараніну, цяляціну, філе міньён — ва ўсякім разе, за 12 гадоў маёй працы тут гэтыя стравы прысутнічалі ў мэню. Мы рыхтуем нешта рыбнае, нешта вэгетарыянскае...»

«Прэзыдэнцкі абед», які падаецца ў верасьні, пачынаюць плянаваць яшчэ ў студзені. Да чэрвеня фармуецца сьпіс страваў, у канцы ліпеня супольна з супрацоўнікамі Пратаколу кухары прымаюць канчатковае рашэньне. Гатаваць пачынаюць за два дні да самога ланчу.

Паводле словаў шэф-кухара, краіны ААН таксама фінансуюць і праводзяць тыдні нацыянальнай кухні: з той ці іншай краіны прыяжджаюць кухары і вучаць гатаваць нацыянальныя стравы. Згадак пра тыдзень беларускай кухні ў ААН не знайшлося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG