Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прылепін папярэдзіў Лукашэнку пра «пацаноў»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Папулярнага маскоўскага пісьменьніка Захара Прылепіна зачапілі за жывое словы прэзыдэнта Лукашэнкі, што беларускае начальства аднолькава спытае з усіх грамадзянаў РБ, хто цяпер з аўтаматамі ва Ўкраіне: на якім бы баку яны ні ваявалі.

Прылепін робіць несуцяшальную для сябе выснову: «а значыць будуць перасьледаваць і апалчэнцаў ДНР і ЛНР, сярод якіх нямала грамадзянаў Белоруссіі».

Заламваючы ўяўную шапку, Прылепін урачыста заяўляе: «І я іх сам там бачыў. І гэта атлічныя пацаны».

Маскоўскі пісьменьнік на словах закідае Лукашэнку: калі ён апынецца ў ролі Януковіча (Прылепіну гэта чамусьці ўжо бачыцца), то будзе змушаны званіць другу Валодзю і прасіць дапамогі. І затым Прылепін з важнасьцю падымае палец, патрабуючы ўвагі: «І тут важны момант. Тыя, хто цяпер зь ліку беларусаў ваююць з боку ЎС Украіны — прыйдуць і будуць “скавырваць” з месца “бацьку”. А тыя, хто ваюе на баку апалчэнцаў — уздыхнуць і пойдуць яго ратаваць».

Захар Прылепін сам прызнаецца, што глядзіць з «апалчэнскага акопу», куды залез дзеля пісьменьніцкіх, а перш патрыятычных сваіх уражаньняў. Імпэрскі запал не дазваляе яму цьвяроза ацаніць сытуацыю: ён прыехаў у суседнюю краіну, якую ягоныя землякі вырашылі разбурыць, і радуецца, што ў акопах сустрэў беларусаў, якія гатовыя пакласьці галаву за тое, каб Расея паставіла на калені Ўкраіну. Прылепіну не даходзіць, што для Лукашэнкі ня будзе нічога важнейшага, як утрымаць беларускую тэрыторыю, а мэта «пацаноў» супрацьлеглая.

Камэнтары пад прылепінскім опусам робяць уражаньне: сьціслыя і па справе. Першы: «Отличные пацаны... Моторыло, Гиви, Бабай, Гиркин и примкнувший к ним Прилепин…» Другі: «Прилепин все же глуп просто. Так бывает. Талантлив , но глуп». Трэці: «Всё будет с точностью до наоборот, когда путин решит “вернуть” Белорусию в состав РФ и зеленые человечки начнут захватывать и блокировать, то те, кто сейчас против днр-лнр воюет, встанут рядом с Лукашенко и будут защищать суверенитет РБ».

Прылепін, сьледам за Пуціным не паважаючы ўкраінцаў, не паважае і беларусаў, ня лічыць іх вартымі свайго асобнага жыцьця. Сярод іх вылучаючы толькі “пацаноў”, наёмнікаў. Ненавідзячы ўсё ўкраінскае, гэтыя “пацаны” ненавідзяць перш усё беларускае. Але беларускае ў Беларусі сёньня ў прыгнечаным стане, цяперашняя ўлада падбала. “Пацанам” не разгарнуцца. А вось у Данецку можна.

Значыць, калі зялёныя чалавечкі Пуціна паявяцца ў Беларусі, то расейскія і беларускія “пацаны”, каторыя цяпер у любімых Прылепіным “ДНР” і “ЛНР”, таксама будуць тут. Каб нішчыць Беларусь. А за імі, глядзіш, пасьпяшае і сам імпэрскі пісьменьнік. Канечне, каб захапляцца “пацанамі”.

Не даходзіць Прылепіну, што беларусы, ваюючы за Ўкраіну, ваююць, каб у будучыні ня здарылася гібрыдная вайна ў Беларусі. Але любоў да “пацаноў” засьціць імпэрскія вочы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG