Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FreshMeatOMG: рэпэр, які сьпявае пра дармаедаў, дэвальвацыю і Каменную Горку


Менскі інжынэр-будаўнік Мікалай адкрыў у сабе талент сьпяваць на вострасацыяльныя тэмы. Цяпер відэа рэпэра FreshMeatOMG праглядаюць сотні тысяч разоў: сярод яго твораў песьні пра расейскія антысанкцыі, зорку БРСМ Ксенію Дзягельку, льготнікаў з Каменнай Горкі. Мікалай распавёў Свабодзе, адкуль бярэ ідэі для зьедлівых сьпеваў.

Мікалай кажа, што зарабляе на жыцьцё працай на інжынэрнай пасадзе, акрамя музыкі цікавіцца спортам, любіць вандраваць, чытаць кнігі і сустракацца зь сябрамі — «усё даволі банальна». FreshMeatOMG не глядзіць тэлевізар, атрымлівае інфармацыю з інтэрнэту:

«Я намагаюся браць тэмы, што хвалююць нашых людзей, тое, пра што людзі размаўляюць на працы, дома, зь сябрамі. Толькі лянівы не абмяркоўваў увод падатку на куплю валюты або дэкрэт пра дармаедаў. А зрабіць ролік пра Geely мяне падштурхнулі ня толькі нэгатыўныя водгукі ў інтэрнэце на гэтую машыну, але і аповед нашага кіроўцы з працы, які езьдзіць на Geely. Супрацоўнік ДАІ назваў яго машыну „чудовище“, толькі літары там былі крыху іншыя».

Пытаем, ці ня выдуманы сьвет у яго песьнях, ці жыве ён у тым, пра што сьпявае. Мікалай адказвае станоўча:

«Асноўная частка нашых людзей так жыве! А вось для жыхароў Драздоў мае песьні сапраўды зьяўляюцца нейкі фантазіяй, хіба што зь песьняй пра Geely яны пагодзяцца. Бо ніхто зь іх на Geely ня езьдзіць».

Нэгатыву шмат, а ці засталося нешта, чым рэпэр ганарыцца ў сваёй краіне?

«У відэа пра дармаедаў адмоўны толькі апошні пэрсанаж, усе астатнія — добрыя. Ганаруся людзьмі. Ня ўсімі, вядома, але ёсьць у нас людзі, якія выклікаюць павагу».

FreshMeatOMG кажа, што жанр сьцёбных песенек яму даспадобы, пераходзіць на сур’ёзны тон (як зрабіў расейскі сьпявак Вася Абломаў) і даваць сольныя канцэрты ён пакуль не зьбіраецца:

«Але ёсьць ідэі паспрабаваць нешта зрабіць і ў іншым фармаце, у прыватнасьці, і на роднай мове. Але калі шчыра, то нашу родную мову ведаю я горай, чым расейскую, ды і гледачам у асноўным прасьцей расейскую ўспрымаць, такая ўжо склалася асаблівасьць у нас у краіне. Але на дадзены момант гумарыстычны жанр мне больш падабаецца. У нашым жыцьці і без таго занадта шмат сур’ёзнага, а часта і сумнага, што хочацца трошкі разбавіць гэтыя шэрыя фарбы і прымусіць людзей усьміхнуцца».

Падпісанты на Youtube просяць FreshMeatOMG прасьпяваць пра выбары, але наступная песьня будзе не пра іх:

«Мне, калі шчыра, трохі боязна пра выбары пісаць. Зраблю відэа, а потым могуць прыляцець хлопцы ў масках і будуць мяне за нагу па лесьвіцы спускаць, а потым высьветліцца, што я іх усіх яшчэ і перакусаў. Таму пакуль пішу на больш побытавыя тэмы. Вось праблему п’янства буду ўздымаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG