Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 28 верасьня 2015: вечарына «Дзеяслова» і вынікі конкурсу «Засьпявай 2.0»


Возера Бяляеўка, Чачэрскі раён. Фота Андрэя Ўсанава

Возера Бяляеўка, Чачэрскі раён. Фота Андрэя Ўсанава

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

У менскім цэнтры сучасных мастацтваў (вул. Някрасава, 3) адбудзецца прэс-канфэрэнцыя міжнароднага фэстывалю стрыт-арту Urban Myths. Пачатак а 14-й радзіне. Падчас фэстывалю будзе размалявана 7 менскіх будынкаў, а таксама пройдуць сустрэчы мастакоў з жыхарамі Менску.

У менскай кнігарні «логвінаЎ» адбудзецца ўзнагароджаньне пераможцаў і ляўрэатаў «Засьпявай 2.0». Пачатак а 18-й гадзіне. Дэма-вэрсіі песень прызёраў конкурсу можна паслухаць тут.

У менскім бары «ДК» (вул. Талбухіна, 4, трэці паверх, дзьверы ў гарошак) адбудзецца вечарына з аўтарамі і сябрамі часопісу «Дзеяслоў». Пачатак а 18.30. Падрабязнасьці тут.

У менскім Палацы Рэспублікі а 20-й гадзіне адкрыецца 10-ы Міжнародны фэстываль Юрыя Башмета, які пройдзе ў Менску, Горадні і Маладэчне з 28 верасьня па 9 кастрычніка. Праграма фэстывалю тут.

У Маладэчанскім музычным каледжы імя Міхала Клеафаса Агінскага адбудзецца канцэрт бамбукавай флейты з удзелам майстра зь Японіі Ёсукэ Ірыэ. Пачатак а 17-й гадзіне. Уваход вольны. Больш падрабязная інфармацыя пра мерапрыемствы фэстывалю «Японская восень у Беларусі 2015» на сайце амбасады Японіі ў Беларусі.

Дзень у гісторыі:

1551 ― памёр Ян Радзівіл, дзяржаўны дзяяч ВКЛ.

1708 — расейскія палкі і атрады калмыкаў на загад расейскага цара Пятра І спалілі беларускі горад Віцебск. У той самы дзень адбылася бітва расейскага войска са швэдамі каля вёскі Лясная, непадалёку ад Прапойску, цяперашняга Слаўгарада.

1803 ― нарадзіўся Праспэр Мэрымэ, францускі пісьменьнік.

1939 — у Маскве міністры замежных справаў СССР і Нямеччыны Молатаў і Рыбэнтроп падпісваюць «Нямецка-савецкую дамову аб дружбе і мяжы СССР і Нямеччыны». Быў таксама падпiсаны сакрэтны пратакол, паводле якога Лiтва ўключалася ў сфэру iнтарэсаў Савецкага Саюзу.

1934 ― нарадзілася Брыжыт Бардо, француская кінаакторка, актывістка руху абароны правоў жывёлаў, сэкс-сымбаль эўрапейскага кіно 1960-х.

1937 — савецкія карныя органы расстралялі беларускага драматурга, актора і рэжысэра, заснавальніка беларускага савецкага тэатру Ўладзіслава Галубка. Забойству не перашкодзіла нават тое, што Галубок быў першым народным артыстам Беларусі. Чалавек, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў тэатру, напісаў 40 п’ес і выхаваў вялікае мноства прафэсійных актораў, быў зьнішчаны паводле хлусьлівага абвінавачаньня ў палітычнай дзейнасьці.

1938 ― нарадзіўся Мечыслаў Грыб, беларускі палітык. У студзені 1994 году стаў старшынём Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, замяніўшы на гэтай пасадзе Станіслава Шушкевіча. Пад старшынствам Мечыслава Грыба Вярхоўны Савет 15 сакавіка 1994 году прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

1941 — у Мар’іну Горку прыбылі зь Менску 60 карнікаў, прадстаўнікоў жандармэрыі, ахоўнай паліцыі і СД пад камандаваньнем брыгадэн-фюрэра СС Цымэра. Усіх габрэяў выгналі з хатаў на плошчу, а адтуль на 9 машынах даставілі да раней выкапаных ямаў ва ўрочышчы Папова Горка — за 400 мэтраў ад вёскі Блонь. Усяго было забіта больш за тысячу чалавек.

1958 ― памёр Аляксей Туранкоў, беларускі кампазытар.

Цытата:

Кіраўнічыя колы Польшчы нямала хваліліся «трываласьцю» сваёй дзяржавы і «магутнасьцю» сваёй арміі. Але апынулася дастаткова кароткага ўдару па Польшчы з боку спачатку нямецкай арміі, а потым — Чырвонай Арміі, каб нічога не засталося ад гэтага пачварнага дзецішча Вэрсальскай дамовы, якое жыло за кошт прыгнёту няпольскіх нацыянальнасьцяў.

Міністар замежных справаў СССР Вячаслаў Молатаў ў кастрычніку 1939 году.

XS
SM
MD
LG