Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух «За свабоду» выступіў супраць «ляяльнай і падкантрольнай» апазыцыі


Рух «За Свабоду» лічыць, што праэўрапейская сілы павінны выступіць на парлямэнцкіх выбарах 2016 году адзіным блёкам, а на наступных прэзыдэнцкіх выбарах — вылучыць свайго кандыдата

У сваёй заяве Рада руху «За Свабоду» «выказвае глыбокае шкадаваньне, што дэмакратычныя праэўрапейскія сілы ня здолелі вылучыць адзінага кандыдата на прэзыдэнцкую выбарчую кампанію-2015».

«У беларускім грамадзтве расьце запыт на альтэрнатыву — як праграмную, так і пэрсанальную. Таму праблема разрозьненасьці павінна быць урэшце пераадоленая! Рух „За Свабоду“ заклікае прабеларускія і праэўрапейскія партыі і арганізацыі зрабіць работу над памылкамі і аб’яднацца на грунце нацыянальных інтарэсаў. На парлямэнцкіх выбарах 2016 году гэтыя сілы павінны выступіць адзіным блёкам, а на наступных прэзыдэнцкіх выбарах — вылучыць свайго кандыдата», — адзначаецца ў заяве.

У заяве таксама падкрэсьліваецца, што «ва ўмовах эканамічнага крызісу і вонкавай пагрозы сувэрэнітэту Рух „За Свабоду“ гатовы вітаць дзеяньні кіраўніцтва краіны, скіраваныя на ўмацаваньне незалежнасьці Беларусі і збліжэньне з цывілізаваным сьветам».

«Мы лічым, што насьпеў час для агульнабеларускага дыялёгу, які павінен грунтавацца на дэмакратычных прынцыпах. Таму непрымальнымі зьяўляюцца спробы кіроўнага рэжыму стварыць ляяльную і падкантрольную апазыцыю», — упэўненыя ў руху «За свабоду».

У руху заявляюць аб неабходнасьці «кансалідацыі і актывізацыі прыхільнікаў дэмакратычных рэформаў і інтэграцыі Беларусі ў аб’яднаную Эўропу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG