Пасол Расеі Сяргей Андрэеў быў выкліканы для тлумачэньняў у Міністэрства замежных спраў, паведаміў польскаму тэлеканалу TVN 24 прэс-сакратар ураду Цэзары Томчык. Ён сказаў, што дыпляматыя прадугледжвае шэраг крокаў, якія можна зрабіць у гэтым выпадку — ад ноты пратэсту, ажно да высылкі — і што рашэньне будзе прымаць МЗС. «Словы пасла для кожнага з нас прагучалі, нібы ўдар па твары,» — сказаў Томчык.
25 верасьня ў эфіры таго ж тэлеканалу TVN 24 пасол Расеі заявіў: «Часткова Польшча была адказная за тую катастрофу, да якой дайшло ў верасьні 1939 году». Паводле Андрэева, СССР не нападаў у верасьні 1939 году на Польшчу, бо «савецкія войскі увайшлі на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Ўкраіны, калі лёс вайны паміж Нямеччынай і Польшчай быў вырашаны».
«У тых умовах неабходна было гарантаваць бясьпеку СССР», — сказаў расейскі дыплямат.
Дэпутат Польскай сялянскай партыі Яўгеніюш Клапотэк лічыць, што заява расейскага пасла гэта не выпадковасьць, а відавочная правакацыя, за якую той павінен папрасіць прабачэньня. "Калі пасол будзе пры чарговым выступленьні паводзіць сябе гэтаксама, то ён павінен атрымаць воўчы білет пэрсона нон-грата ў нашай краіне, — сказаў Клапотэк ў эфіры тэлеканалу TVN 24.