Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка з трыбуны ААН казаў пра Хусэйна, Кадафі і права на «свой шлях»


Аляксандар Лукашэнка выступае ў ААН 27 верасьня 2015 году
Аляксандар Лукашэнка выступае ў ААН 27 верасьня 2015 году

Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на пленарным пасяджэньні саміту ААН па ўстойліваму развіцьцю, абвінаваціў «моцных гэтага сьвету» у злачынствах ў Іраку, Лібіі і Сырыі.

Як паведамляе агенцтва БЕЛТА, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў ўспомніць нядаўнія факты. «Пад маркай наяўнасьці хімічнай зброі ў Іраку вядомыя дзяржавы вырашылі дэмакратызаваць Ірак. І дзе гэтая хімічная зброя? Дзе дэмакратыя ў Іраку? Навошта забілі прэзыдэнта Іраку? Дзе наагул гэтая краіна і якая будучыня ў ірацкага народу? На тэрыторыі гэтай дзяржавы людзям стала жыць лепш? Не», — сказаў кіраўнік Беларусі.

«Вы — вінаватыя — скажаце, што памыліліся, трэба было б спыніцца, але зноў жа — не, пайшлі далей. Пачалі з Тунісу і скончылі Лібіяй. Сцэнар той жа. Укрыжавалі прэзыдэнта Кадафі, зьнішчыўшы дзяржаву. У Лібіі стала лепш? Не. І дзе гэтая Лібія наагул як цэласная дзяржава?» — адзначыў Лукашэнка.

«Спадарства, можа быць хопіць? Не, ірванулі ў Сырыю. Пытаецца, навошта? Навошта забіваеце людзей, навошта зрынаеце дзейнага прэзыдэнта, чым ён вам не дагадзіў? Больш за тое, бойняй ў гэтай краіне вы сьцірае першыя сьляды нашай з вамі цывілізацыі», — заявіў Лукашэнка. «Скажыце сусьветнай супольнасьці, чаго вы хочаце і да чаго вы імкняцеся, як раз з нагоды, з гэтай трыбуны Генэральнай асамблеі ААН».

На думку Лукашэнкі, сьвету да гэтага часу не ўдалося аднавіць той балянс сіл, які быў згублены з распадам Савецкага Саюза.
«Няма балянсу сіл — няма міру і няма стабільнасьці. Гэта сыстэмны крызіс. У любой сыстэме сіла дзейнічае бескантрольна, калі яна зьяўляецца адзінай, імкнецца толькі да свайго росквіту і вырашэньня праблем за кошт іншых», — лічыць прэзыдэнт Беларусі.

«Палітыка гегеманізму і нацыянальнага эгаізму прыводзіць да шырокага выкарыстаньня ціску, санкцый, абмежаваньняў і ваенных акцыяў. Як вынік — мы губляем давер адзін да аднаго», — падкрэсьліў Лукашэнка. Ён адзначыў, што ўзаемнае адчужэньне характэрна ня толькі для буйных краін. «У многіх нават няма жаданьня зразумець традыцыі, культуру, перакананьні іншых народаў», — сказаў ён.

«Відавочна, што аднаўленьне балянсу — гэта доўгі шлях да шматпалярнага сьвету. Мы наблізімся да гэтай мэты, калі будзем дзейнічаць, а не пасіўна чакаць».

«Неабходна на справе прызнаць, што мы ўсе розныя і што кожны народ, кожная краіна мае права на выбар свайго шляху разьвіцьця. Менавіта ў нашай разнастайнасьці — залог агульнага прагрэсу і посьпеху кожнага, — падкрэсьліў Лукашэнка. — Такі падыход дазволіць аднавіць давер у нашым міжнародным жыцьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG