Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Сёньняшняя Беларусь — частка рускай цывілізацыі. І гэта трагедыя


У выніку некалькіх стагодзьдзяў калянізацыі Беларусь стала часткай рускай цывілізацыі, якая сёньня гіне на нашых вачах.

Такое меркаваньне выказаў аналітык Сяргей Нікалюк у сваім выступе на канфэрэнцыі «Заходнерусізм — антыбеларуская ідэялёгія» ў Менску 26 верасьня.

Сяргей Нікалюк

Сяргей Нікалюк

«Расея ёсьць асобная цывілізацыя, і мы з Украінай зьяўляемся яе часткай. Безумоўна, ВКЛ было іншай цывілізацыяй. ВКЛ — гэта частка заходняй цывілізацыі (іншая справа, што гэта была пэрыфэрыя заходняй цывілізацыі). Але я лічу, што пасля цывілізацыйная ідэнтычнасьць беларусаў зьмянілася, і мы цяпер знаходзімся ў рускай цывілізацыі. Гэтую цывілізацыйную блізкасьць я ўспрымаю як трагедыю», — заявіў аналітык.

У зьмене цывілізацыйнай ідэнтычнасьці няма нічога ўнікальнага, кажа Нікалюк.

«З пункту гледжаньня гісторыі, у гэтым няма нічога новага. Калі мы ўзгадаем, ядром праваслаўнай цывілізацыі была Бізантыя. Сёньня там Турэччына, а 80% насельніцтва Турэччыны — гэта нашчадкі былых праваслаўных. Вось вам і прыклад зьмены цывілізацыйнай ідэнтычнасьці», — адзначае ён.

Пры гэтым той факт, што Беларусь зьяўляецца часткай рускай цывілізацыі, зусім ня значыць, што беларусы і расейцы — гэта адзін народ, падкрэсьлівае экспэрт.

«Калі французы і немцы стагодзьдзямі варагавалі, то гэта ня значыць, што яны знаходзяцца ў розных цывілізацыях. Выдатна можна варагаваць, знаходзячыся ў адной цывілізацыі», — тлумачыць ён.

Паводле яго слоў, руская цывілізацыя на нашых вачах заканчвае сваё жыцьцё.

«Усе падзеі, якія мы ў апошні час назіраем, ёсьць вытворныя ад яе цывілізацыйнай гібелі. Тыя ваенныя дзеяньні, якія разгарнуліся з сакавіка 2014 года — гэта ўжо элемэнт агоніі. Гэта значыць, высьвятляецца, што гэтая цывілізацыя ўнутры сябе ня можа жыць у мірных умовах. Яна функцыянавала стагодзьдзямі як мілітарысцкая», — падкрэсьлівае аналітык.

«Беларусь у цяперашні час знаходзіцца на гістарычным скрыжаваньні: яна альбо зьменіць сваю цывілізацыйную ідэнтычнасьць, стаўшы часткай заходняй цывілізацыі, альбо канчаткова выпадзе з гісторыі», — сьцьвярджае Нікалюк.

Пры гэтым, з пункту гледжаньня аналітыка, верагоднасьць другога сцэнару істотна вышэйшая за першы.

Нікалюк адзначае, што ў заходняй і рускай цывілізацыяй розныя базавыя элемэнты культуры. Для заходняй цывілізацыі характэрная мэдыяцыя — гэта значыць, вырашэньне любой спрэчкі шляхам узгадненьня канчатковага рашэньня (сярэдні спосаб). Менавіта таму на Захадзе гэтак пасьпяхова функцыянуюць парлямэнты. Для рускай цывілізацыі характэрна маніхейства — гэта значыць, калі ўзгадненьня ня можа быць, магчымая толькі перамога аднага або іншага боку (умоўнага дабра над умоўнай злом). Менавіта таму ў палітычным жыцьці там немагчымы кансэнсус.

«Цяпер кажуць: галоўнае для Беларусі — сумленныя выбары. Сумленныя выбары ў Беларусі праходзілі ў пачатку 90-х гадоў: у выніку мы атрымалі не парлямэнт, здольны вырашаць пытаньні, мы атрымалі людзей, якія паміж сабой счапіліся. У Расеі тое ж самае. На пачатковым этапе там таксама былі сумленныя выбары. А калі яшчэ і адбыўся падзел уладаў, то ў гэтай культуры, дзе няма мэдыяцыйнага мысьленьня, падзел уладаў азначае грамадзянскую вайну. Бакі ня могуць ўзгадняць рашэньні. Таму на Гарбаты мост у Маскве выяжджаюць танкі і расстрэльваюць парлямэнт», — кажа аналітык.

Характэрным прыкладам культурнага маніхейства Нікалюк лічыць цяперашнюю перадвыбарчую праграму Аляксандра Лукашэнкі. У ёй дзейны кіраўнік дзяржавы сьцьвярджае, што ў Беларусі можа быць толькі два шляхі: шлях стабільнасьці і парадку (які сымбалізуе ён сам) і шлях смуты і хаосу. Трэцяга тут ня дадзена.

Між тым, Беларусь непазьбежна чакаюць вялікія ўзрушэньні, якія ў канчатковым выніку ўсё роўна апынуцца дабром для краіны.

«Аляксандар Лукашэнка ідзе зараз па лініі нажа. Ён зацікаўлены ў эфэктыўнай эканоміцы? Зацікаўлены. Але эфэктыўную эканоміку ствараюць людзі сучасныя, якім Аляксандар Рыгоравіч 100 гадоў не патрэбны, яны варожыя яму», — кажа аналітык.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG