Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кішынёве дзясяткі тысяч выйшлі на мітынг пратэсту левых партый


Пратэст у Кішынёве 17 верасьня

Пратэст у Кішынёве 17 верасьня

У Кішынёве прайшоў мітынг пратэсту з патрабаваньнем адстаўкі прэзыдэнта Малдовы Нікалае Цімафці, правядзеньня датэрміновых парлямэнцкіх выбараў і зьмяненьня Канстытуцыі.

Акцыя была арганізавана дзьвюма левымі партыямі — «Нашай партыяй» і Партыяй сацыялістаў. Перад пачаткам мітынгу дэманстранты правялі шэсьце. Паводле дадзеных паліцыі, у ім прынялі ўдзел каля 20 тысяч чалавек. Арганізатары ацэньваюць колькасьць удзельнікаў пратэсту ў 50 тысяч.

Мітынг прайшоў мірна. Сутыкненьняў і затрыманьняў зафіксавана не было.

Пратэстоўцы, якія выйшлі на вуліцу ў нядзелю 27 верасьня, прынялі выніковую рэзалюцыю з патрабаваньнямі да ўладаў. Удзельнікі пратэсту запатрабавалі адстаўкі кіраўнікоў шэрагу дзяржаўных ведамстваў (у тым ліку, Генпракуратуры, Падліковай палаты, ЦВК і іншых), адстаўкі Нікалае Цімафці з пасады прэзыдэнта краіны, адстаўкі ўраду, а таксама зьмены Канстытуцыі і вяртаньня да ўсенароднага абраньня прэзыдэнта краіны. Акрамя таго, пратэстоўцы абвяшчаюць, што будуць патрабаваць больш хуткай арганізацыі датэрміновых парлямэнцкіх выбараў — не пазьней за вясну 2016 году.

«Наш пратэст ня скончыцца, пакуль ня будуць выкананы ўсе агучаныя патрабаваньні. Мы будзем выкарыстоўваць усе даступныя мірныя законныя і дэмакратычныя мэтады для рэалізацыі нашай праграмы. Стаім да перамогі!», — цытуе рэзалюцыю пратэстоўцаў інтэрнэт-выданьне moldnews.md.

Акцыі пратэсту ў Малдове пачаліся 6 верасьня. Тады, паводле дадзеных арганізатараў акцыі — руху «Годнасьць і праўда», на вуліцы выйшлі каля ста тысяч чалавек. На цэнтральнай плошчы Кішынёва штодня праходзілі мітынгі. Перад будынкам ураду Малдовы пратэстоўцы ўсталявалі каля 300 намётаў.

XS
SM
MD
LG