Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тарас: беларуская дзяржава выкарыстоўвае шмат элемэнтаў ідэалёгіі заходнерусізму


Анатоль Тарас

Анатоль Тарас

Гісторык Анатоль Тарас лічыць, што сёньняшнія ўлады Беларусі ня могуць будаваць дзяржаўную ідэалёгію на нацыянальных каштоўнасьцях, бо яны застаюцца пераважна савецкімі людзьмі.

Такое меркаваньне ён выказаў у інтэрвію Свабодзе падчас канфэрэнцыі «Заходнерусізм — антыбеларуская ідэалёгія», якая прайшла ў Менску 26 верасьня.

Радыё Свабода: Ці выкарыстоўвае сёньня беларуская дзяржава ідэалёгію заходнерусізму?

Анатоль Тарас: Нельга сказаць, што яна выкарыстоўвае ідэалёгію заходнерусізму наўпрост. Але шмат элемэнтаў сапраўды выкарыстоўвае. Наагул мне здаецца, што так званая дзяржаўная ідэалёгія гэта вельмі цікавая рэч, бо ніхто не ведае, што гэта такое. Я некалькі кніжак чытаў і так не зразумеў, якая ж у нас ідэалёгія. Гэта такі вінегрэт. Бо галоўную ж сваю ідэю яны ня могуць назваць, а галоўная нацыяльная ідэя для іх — гэта, каб дзейны прэзыдэнт кіраваў яшчэ сто гадоў. Гэта сказаць афіцыйна немагчыма і таму пачынаюць круціць у розныя бакі. Не, гэта не ідэалёгія заходнерусізму, але яе элемэнты там, безумоўна, прысутнічаюць.

РС: А чаму ўлады ня хочуць пабудаваць ідэалёгію на нацыянальных беларускіх каштоўнасьцях?

Тарас: Я магчыма памыляюся, але мне здаецца, што тут вельмі важны суб’ектыўны фактар. Па-першае, яны ніколі гэтую нацыянальную гісторыю не вывучалі. Яны сфармаваліся як савецкія людзі і яны ставяцца да яе адмоўна. Гэта нават не сьвядомасьць, а падсьвядомасьць. Ну ня любяць яны гэта, ня іх гэта! Для іх гэта псыхалягічна немагчыма — яны савецкія людзі. Таму галоўны чыньнік суб’ектыўны.

РС: А наколькі распаўсюджаныя ў беларускі грамадзтве ідэі заходнерусізму?

Тарас: Вельмі распаўсюджаныя, бо фактычна гэта ўсё тое, што Расея рабіла на працягу 220-х гадоў каляніяльнага рэжыму і тое, што робіць Расея ўсе гады пасьля 1991 года. У гэтым сэнсе ніякага шляху сапраўднага дэмакратызму, мультыкультуралізму ў Расеі ніколі не было. Яны ніколі не адмаўляліся ад заходнерусізму. Гэта ж вельмі зручная ідэалёгія: так, вы нашы браты, але малодшыя, маленькія, вы наша частка.

РС: Калі сытуацыя зьменіцца?

Тарас: Калі ўсё будзе адбывацца так, як цяпер ідзе (вельмі павольна), то яшчэ гадоў 20-25. Бо мы жывем у незалежнай дзяржаве (хай гэта і абмежаваная незалежнасьць), а гэта самы галоўны чыньнік фармаваньня нацыянальнай сьвядомасьці.

РС: А асноўныя намаганьні ў працэсе фармаваньня нацыянальная сьвядомасьці павінна прыкладаць грамадзтва ці дзяржава?

Тарас: Ну, ў ідэале, каб гэта быў рух з двух бакоў. Але сёньня, безумоўна, галоўная роля павінна належыць грамадзтву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG