Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Гомелі пратаранены галоўны офіс апазыцыі


У ноч на 27 верасьня ў Гомелі пацярпеў галоўны офіс гомельскай апазыцыі — грамадзка-палітычны цэнтар на вуліцы Палескай, 52.

Калі блізу дзесятай гадзіны раніцы актывісты прыйшлі да цэнтру, то ўбачылі жудасны малюнак: мэталёвая брама, цагляная агароджа былі разьнесены ўшчэнт. Груда цаглін валялася на ходніках. Уражаньне такое, што сюды уляцеў ці то здаравенны грузавік, ці танк.

«З дапамогай камэры відэаназіраньня ўдалося аднавіць малюнак здарэньня. Прыкладна ў 3 гадзіны 19 хвілін адбылося дарожна-транспартнае здарэньне. Легкавік „Таёта“ ўляцеў ў браму, зьнёс яе, ды так, што і дом пацярпеў. Цяпер ідзе прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. Магчыма, гэта неяк і зьвязана з кампаніяй, але адназначных пацьверджаньняў гэтаму мы пакуль ня маем», — кажа намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянкай партыі Васіль Палякоў.

Актывісты выклікалі міліцыю, каб зафіксаваць нанесеную цэнтру шкоду, але тыя не прыехалі: заявілі, што здарэньнем займаецца дзяржаўтаінспэкцыя.

Праваабаронца Леанід Судаленка зьвяртае ўвагу на тое, што дзяржаўтаінспэктары, якія былі тут, не папярэдзілі пра здарэньне юрыдычную ўладальніцу дома — старшыню абласной арганізацыі АГП Зінаіду Шуміліну. Пра тое, што вароты зьнесены яна даведалася толькі раніцай праз тэлефанаваньні актывістаў. Праваабаронца зьвяртае ўвагу, што «Таёта» ляцела па вуліцы зь вельмі вялікай хуткасьцю. З відэазапісу бачна, што пацярпеў кіроўца-ліхач — у яго разьбітая галава, прыяджала «хуткая дапамога».

На 27 верасьня ў грамадзка-палітычным цэнтры быў заплянаваны трэнінг назіральнікаў за прэзыдэнцкімі выбарамі.

XS
SM
MD
LG