Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі Міністэрства абароны, Міністэрства замежных спраў Беларусі і Расеі распачалі падрыхтоўку тэксту пагадненьня аб расейскай авіяцыйнай базе (РАБ) у Беларусі. Прынцыповых рознагалосьсяў ў гэтым пытаньні няма, паведамляе расейская «Независимая газета».

Падпісаньне дакумэнта чакаецца на сумеснай калегіі абаронных ведамстваў дзьвюх краін, якая пройдзе ў бліжэйшыя тыдні. Авіябаза ў Бабруйску пачне функцыянаваць ужо са студзеня 2016 году. Такое хуткае разгортваньне расейскай авіябазы ў Беларусі, як паведамілі «НГ» ваенна-дыпляматычныя крыніцы, разглядаецца як мера ў адказ на магчымае разьмяшчэньне Пэнтагонам ў Эўропе новых ядзерных узбраеньняў.

Паводле суразмоўцаў «НГ», у склад РАБ акрамя зьнішчальнага палка Су-27 мае ўвайсьці Су-27, а таксама эскадрыльля ваенна-транспартных гэлікоптэраў Мі-8. Самую базу будуць прыкрываць зэнітныя ракетныя комплексы С-300В са складу 147-й зэнітнай ракетнай брыгады ВПС і войскаў СПА Узброеных сіл Беларусі. Вядома, што зьнішчальнікі Су-27 здольныя несьці на сваім борце і ядзерныя боепрыпасы (ЯБП). Аднак наўрад ці яны зараз будуць разьмешчаны ў Беларусі, паколькі краіна выконвае Дамову аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі (ДНЯЗ). Між тым верагоднасьць іх разьмяшчэньня ў Беларусі выключаць нельга, калі Дамову будуць парушаць краіны НАТО, паведамляе «НГ».

Як вядома, да 1994 году на ваенным аэрадроме ў Бабруйску дыслякаваўся 200-ы гвардзейскі Брэсцкі бамбавальны авіяцыйны полк. Паводле афіцыйных зьвестак, па стане на 1 студзеня 1991 году на яго ўзбраеньні знаходзілася каля 20 апэратыўна-стратэгічных бамбавікоў ТУ-22М3, здольных несьці ядзерную зброю. Тады СМІ паведамлялі, што пры аэрадроме маюцца сховішчы для ЯБП: у сярэдзіне 1950-х гадоў мінулага стагодзьдзя там знаходзіліся 9 вадародных бомбаў, а ў канцы 80-х гадоў — каля 200 ядзерных боегаловак для крылатых ракет. Ту-22М3 і ЯБП даставілі ў Расею, а спусьцелыя ядзерныя сховішчы па-ранейшаму гатовыя да эксплюатацыі.

Колькі будзе каштаваць Расеі арэнда авіябазы ў Бабруйску, пакуль не вядома. Але гэта не зьяўляецца мэтай перамоваў, адзначае «НГ». Найхутчэй «знаходжаньне РАБ на тэрыторыі галоўнага саюзніка Расеі, як і іншых расейскіх вайсковых аб’ектаў у рэспубліцы, будзе бязвыплатным».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG