Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Газпром» ня выключыў праблем з транзытам газу ў Эўропу зімой


Кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер ня выключыў праблем з транзытам у Эўропу гэтай зімою. Паводле яго, гэта зьвязана з тым, што парафіраваны 25 верасьня газавы пратакол паміж Расеяй, Украінай і Эўракамісіяй прадугледжвае закупку толькі двух мільярдаў кубоў расейскага газу, чаго ня хопіць у выпадку халоднай зімы.

«Сёньня мы фіксуем, што Ўкраіна ўсё ж атрымала грошы — гэта 500 мільёнаў даляраў, і з пачатку кастрычніка Ўкраіна пачне адбіраць расейскі газ», — сказаў Мілер у інтэрвію «Расеі 24». Аднак, паводле яго, два мільярды кубоў праблему не вырашаюць, таму, калі зіма будзе анамальна халоднай, можна чакаць праблем.

«Ніякіх абавязаньняў і разуменьня таго, ці будуць ва Ўкраіны грошы, каб дакупіць неабходныя пяць мільярдаў кубоў, няма», — дадаў ён. Паводле ацэнак «Газпрому», Украіне для нармальнага праходжаньня асеньне-зімовага пэрыяду трэба пяць-сем мільярдаў кубамэтраў газу.

«Крыніцы фінансаваньня закупкі ў поўным аб’ёме ў цяперашні час не зафіксавана, таму рызыка (для транзыту) ёсьць», — сказаў на заканчэньне ён.

У пятніцу Расея, Эўракамісія і Ўкраіна па выніках трохгадзіннай сустрэчы ў Брусэлі парафіравалі пратакол пра пастаўкі газу ва Ўкраіну і яго транзыц у зімовы пэрыяд. Згодна з пратаколам, які яшчэ не падпісаны канчаткова, Украіна бярэ на сябе абавязаньне закупіць два мільярды кубамэтраў газу ў «Газпрома» для запампоўваньня ў ПСГ. Гэты газ павінен быць закуплены ўжо ў кастрычніку.

Як заявіў міністар энэргетыкі Ўкраіны Ўладзімір Дэмчышын, Украіна ўжо сабрала 500 мільёнаў долараў, неабходныя для закупкі двух мільярдаў кубоў. «Грошы ўжо знаходзяцца на рахунку» Нафтагазу Ўкраіны«. Яны даступныя і прызначаны для аплаты газу «Газпраму»", — сказаў ён.

XS
SM
MD
LG