Лінкі ўнівэрсальнага доступу

— Я ня веру! — сказалі Вы, дарагі наш Прэзыдэнт, калі халтурыстыя чыноўнікі сталі спасылацца на адсутнасьць у нашай дзяржавы нафты, газу ды іншых карысных выкапняў.

«Я ня веру! — кажу ўсьлед Вам я і таксама ўсё падначаленае мне таварыства марыністаў-аматараў. — Ня веру, дарагі наш Прэзыдэнт, што ў Беларусі няма мора!»

Я ня веру, бо ва ўсіх нашых пяці суседзяў ёсьць. Пачынаючы ад братняе Расеі, у якой гэтых вадаёмаў хоць абліся (і яны нанешта той Крым схапілі?), і заканцоўваючы далёкім замежжам, Літвой, чый выхад да мора можна лёгка праскочыць, калі ты на аўтамашыне. Мы што, нейкія не адсюль?

Я ня веру ў адсутнасьць мора, бо ведаю, як старагрэцкі гісторык Герадот дзьве старонкі рукапіснага тэксту скрэмзаў, успамінаючы як выглядала мора, якое на Палесьсі. Калі перакласьці яго пісулі на сучасную мову і не цытаваць даслоўна, дык грэк сказаў прыблізна такое: «Выходзіш на прасьцяг дэльты па фальватэры і... там-там-там ту-туру-ру-ру! Чырвона-зялёныя стужкі на бесказырках маракоў матляюцца засланяючы бясконцы гарызонт. Раўненьне нале-О! Шпіль адміралцейства, перароблены з „Магазіна пад шпілем“, альбатросы адганяюць курэй і індыкоў. Раўненьне напра-О! Уздоўж берага крэйсэры, якія зроблены па ліцэнзіі на „Белазе“, і сярод іх — адважны „Вараг“, які не здаецца натаўскаму ворагу...» Субмарына «Курск-Беларус», якая нізавошта не патоне, бо, поўзае, не ўсплываючы, па марскім дне і зьбірае качаны марской капусты. Песня, дарагі наш Прэзыдэнт! Гісторыя!

«Я ня веру!» — крычу я, а разам са мною і ўсё прагрэсіўнае чалавецтва. Карты-шмарты, спутнік-шмутнік, Магелан-Шмагелан, — у чыноўнікаў заўсёды ёсьць адчэпкі каб не працаваць. Ці хоць раз былі пасланыя першаадкрывальнікі на пошукі нашага мора? Нешта ня чулі мы з прэсы пра спэцыяльна навучаную і абсталяваную экспэдыцыю, што аб’езьдзіла як сьлед усе куткі нашай краіны. Мы самі, калі выбіраемся пасьля палучкі з усім таварыствам марыністаў на прыроду, часам адчуваем, як зямля літаральна хістаецца пад нагамі, быццам шторм балаў пяць-сем. Часам нават і больш. Але нам яно, как гаварыцца, па калена.

«Я ня веру!» — вось што хочацца сказаць таксама нашым спадарам-шмадарам, нашай шаноўный інтылігенцыі, з клясыкам Купалам Янкам на чале, сухапутным інтэндантам у адстаўцы, да слова кажучы. Калі яны па-паражэнску мямляць, што «мора, маўляў, было, толькі на вялікі жаль колісь акупанты закідалі яго гразюкай» (п’еса «Тутэйшыя»). Моў, было і сплыло.... А калі тое нячыстае мора апрацаваць як сьлед, шаноўны спадар Іван Дамінікавіч? А калі адмыць і перагнаць яго на перагончым камбінаце, якіх у нас у кожным райцэнтры панатыркана? Аддзяліць, як сказана ў Бібліі, ваду ад плявел? Нафта ў нас таксама ня вельмі чыстая, ці з нафтай ня ўсё чыста, дык што тут ужо пра мора...

Дзе ж выхад? Ці ёсьць ён? А калі ёсьць, дык які? І ці дажывём?

Адказ на гэтыя надзённыя пытаньні толькі адзін: як народ скажа, так і будзе. Канкрэтна, прапанова наша такая: праводзім выбары і рэфэрэндум. У адным флаконе. Выбары па выбары Вас, наш дарагі Прэзыдэнт, Прэзыдэнтам, і рэфэрэндум па наданьні мору ў нашай краіне афіцыйнага статусу, роўнага зь зямлёй. І ўнясеньня адпаведных паправак у канстытуцыю і прагноз надвор’я.

І ўсе пры дзеле, новых пасадаў будзе нават больш, чым марыністаў. Будучыня паўстае прыўкрасная і губляецца за бяскрайнімі марскімі гарызонтамі.

Органы дзяржкантролю штрафуюць і садзяць за новую карупцыю ў сфэры марскіх перавозак і партовых пошлін. Мытнікі арганізуюць кантрабанду на берагах. Аэрадромы пераймяноўваюцца ў авіяносцы. Расея просіць здаць у арэнду марскую базу. Апазыцыя пратэстуе супраць недастатковай салёнасьці мора. Сьледчы камітэт саджае за крадзеж марской солі. Міністэрства адукацыі выпускае слоўнікі марской лексыкі, фабрыка «Мілавіца» пераходзіць на пашыў цяльняшак, «Лінію Сталіна» пераймяноўваюць у «Фарватэр прэзыдэнта». Мяняем дзяржаўны сьцяг — зялёны колер на колер марской хвалі. Азёрныя чайкі і акунькі робяць эвалюцыйны скачок з падклясу азёрных у падклясу марскіх, сасновая смала самохаць згортваецца ў бурштын.

Мы, марыністы, ня верым, дарагі наш Прэзыдэнт, што ў нас няма выхаду! Таго, які да мора! Толькі пастаўце на галасаваньне — і мы адразу дамо нырца!

З павагай і дзевяць футаў пад кілем,

Выбаршчыкі-марыністы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG