Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляевa і Лябедзьку выклікаюць у суд за пікет каля ГУМу і акцыю на плошчы Свабоды


Пікет 23 верасьня

Пікет 23 верасьня

На мабільныя тэлефоны палітыкаў прыйшлі sms-паведамленьні, у якіх Цэнтральны суд Менску «інфармуе аб яўцы для ўдзелу ў разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэньні».

Паводле Ўладзімера Някляева, яго выклікаюць у суд адносна сустрэчы з выбарцамі 23 верасьня на плошчы Свабоды. Ці абвінавачваюць спадара Някляева ва ўдзеле ў пікеце, які праводзіў Мікалай Статкевіч 10 верасьня, палітык не ўдакладніў. «Нават не глядзеў, што там яшчэ пішуць». Анатоля Лябедзьку зьбіраюцца судзіць у сувязі з акцыяй на плошчы Свабоды, а таксама з пікетам каля ГУМу, які АГП правяла 16 верасьня. «Пры сабе мець пашпарт», — паведамляецца ў sms, якія атрымалі Уладзімер Някляеў і Анатоль Лябедзька.

Уладзімер Някляеў сказаў, што яшчэ ня вырашыў, ці пойдзе 30 верасьня ў Цэнтральны раённы суд Менску:

"Па-першае, ідзі ня ідзі, ужо магу назваць вынік — 40 базавых велічынь, менш яны проста ня могуць даць. Яўна, што хочуць стварыць базу, каб на выпадак магчымых падзей 11 кастрычніка, калі будзе такое рашэньне, адправіць туды, адкуль не адразу выходзяць. А тое, што пачалі праз sms выклікаць у суд, а не праз звычайныя позвы, гэта і вызначыць неяк складана. Бачна, што ўжо ніхто ні з чым ня лічыцца, Паставілі на канвэер, каб заадно папаўняць бюджэт грашыма«,— сказаў Уладзімер Някляеў карэспандэнту Свабоды.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька паведаміў пра запрашэньне ў суд праз sms на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. «Гэта што такое? Што за ноў-хаў?! Напісаў у адказ: „Ты хто?“ Адказу няма. Можа, гэта конь у паліто», — пракамэнтаваў Анатоль Лябедзька гэткую форму выкліку ў суд.

На пачатку тыдня былы кандыдат на прэзыдэнта, нядаўні палітвязень Мікалай Статкевіч быў пакараны штрафам на 40 базавых велічынь за арганізацыю пікету каля менскага ГУМу 10 верасьня. Мікалая Статкевіча судзілі завочна. У гэтыя дні Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў Польшчы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG