Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расія абмяняла асуджанага за шпіянаж эстонца Кохвэра на Дрэсэна


Эстан Кохвэр у судзе, 9.11.2014

Эстан Кохвэр у судзе, 9.11.2014

Асуджанага ў Расеі за шпіянаж грамадзяніна Эстоніі Эстана Кохвэра абмянялі на былога афіцэра МУС Эстоніі Аляксея Дрэсэна, які, у сваю чаргу, адбываў пакараньне на бацькаўшчыне за перадачу сакрэтных звестак расейскай ФСБ.

«26 верасьня 2015 году на памежным КПП “Кунічына гара” ў Пскоўскай вобласці на мосце праз раку Піюза адбыўся абмен супрацоўніка эстонскай спэцслужбы Эстана Кохвэра, асуджанага ў Расеі за шпіянаж, на Аляксея Дрэсэна, былога афіцэра дэпартамэнту паліцыі бясьпекі МУС Эстоніі, які адбываў пакараньне за перадачу сакрэтных зьвестак ФСБ Расеі», - паведамілі ў ФСБ.

Раней СМІ неаднаразова прагназавалі магчымасьць абмену, але гэтую інфармацыю ўвесь час абвяргалі.

Расейскія спэцслужбы затрымалі Эстана Кохвэра ў верасьні 2014 году на мяжы Расеі з Эстоніяй. Яго абвінавацілі ў шпіянажы, кантрабандзе і нашэньні зброі, а таксама ў незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы.

ФСБ сьцьвярджала, што Кохвэр быў затрыманы на расейскім баку мяжы пры правядзеньні агентурнай апэрацыі. Пры гэтым Эстонія заяўляла, што ўзброеныя людзі выкралі яго з эстонскай тэрыторыі, блізу пагранічнага пункту Лухамаа, калі ён удзельнічаў у апэрацыі па прадухіленьні злачынства на мяжы. Расейскі суд прыгаварыў эстонца да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Аляксей Дрэсэн быў асуджаны на 16 гадоў пазбаўленьня волі ў 2012 годзе. У Эстоніі яго абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе. Сьледзтва сьцьвярджала, што Дрэсэн гандляваў інфармацыяй аб агентуры і працаўніках паліцыі бясьпекі, а таксама перадаваў Маскве зьвесткі аб дзейнасьці латыскіх контравыведнікаў.

XS
SM
MD
LG