Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гарадку ўжо гатовыя забясьпечыць масавае галасаваньне па месцы знаходжаньня выбарцаў


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце грамадзкай арганізацыі «Права выбару — 2015».

Леанід Гаравы, які зьяўляецца каардынатарам назіраньня руху «За Свабоду» па Віцебскай вобласьці, зафіксаваў парушэньні на пяці выбарчых участках Гарадка, дзе за лічаныя хвіліны ў сьпісы для галасаваньня па месцы знаходжаньня выбарцаў было ўнесена ад 87 да 360 чалавек. Падобнае парушэньне на Савецкім участку № 3 зафіксаваў і Леанід Аўтухоў, актывіст Партыі БНФ. Ён налічыў 157 такіх выбарцаў.

Леанід Гаравы, акрэдытаваўшыся ў якасьці назіральніка на пяці выбарчых участках, адразу ж зафіксаваў на кожным зь іх аднатыпныя парушэньні. Атрымліваючы інфармацыю пра колькасьць унесеных ў сьпісы выбарцаў на ўчастку і выбарцаў, якія ўключаныя ў сьпіс для галасаваньня па месцы знаходжаньня, ён убачыў апошнюю старонку адпаведных сьпісаў, якая была запоўненая з парушэньнем нормаў зацьвержаных у дадатку № 10 да пастановы ЦВК № 11. Згодна з гэтай нормай трэба зафіксаваць ня толькі асноўныя дадзеныя выбарцы, але таксама дату і час прыняцьця заявы, што зроблена не было.

Але яшчэ больш гарадоцкага праваабаронцу зьдзівіла колькасьць грамадзянаў, якія амаль за два тыдні да выбараў вырашылі прагаласаваць, не пакідаючы межаў уласнага жытла. Такая надзвычайная актыўнасьць на фоне ўсеагульнай палітычнай апатыі ў краіне падалася абсалютна ненатуральнай.

З прычыны яўнага парушэньня заканадаўства — самаўпраўнай арганізацыі галасаваньня па месцы знаходжаньня выбарцаў — у Гарадоцкую раённую камісію Леанідам Гаравым было пададзена адразу пяць скаргаў на парушэньне свабоды волевыяўленьня выбарцаў адпаведнымі ўчастковымі камісіямі Гарадка. У гэтых скаргах назіральнік Гаравы патрабуе прызнаць створаныя сьпісы для галасаваньня па месцы знаходжаньня выбарцаў несапраўднымі, абавязаць участковыя камісіі весьці дадзены сьпіс толькі па заявах выбарцаў і паінфармаваць выбарцаў раёну пра дакладнае выкананьне нормы выбарчага заканадаўства па арганізацыі галасаваньня па месцы знаходжаньня выбарцаў.

З падобнага роду парушэньнямі Гаравому давялося мець справу і ў мінулым годзе пры назіраньні за выбарчай кампаніяй ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Ужо тады ім была заўважана пэўная заканамернасьць: колькасьць жадаючых прагаласаваць па месцы жыхарства на адным і тым жа ўчастку павялічвалася ад адной выбарчай кампаніі да другой (80, 115, 350 грамадзян), а тут — адразу 360 выбарцаў за першы дзень.

У кампанію па назіраньні за выбарамі «Права выбару-2015» уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, «Гавары праўду!», «Рух «За Свабоду!», Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасьці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэсу.

Галоўнай мэтай кампаніі зьяўляецца абарона сапраўднага волевыяўленьня грамадзянаў праз прадухіленьне парушэньняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыя парушэньняў і апэратыўнае рэагаваньне на іх.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG