Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Высакародны вораг: нявыдуманая гісторыя 100-гадовага крыжа


Вечны спакой: з павагай да ворага

Вечны спакой: з павагай да ворага

У гэтыя дні 100 гадоў таму лінія фронту расейска-германскага супрацьстаяньня стабілізавалася на заходніх межах цяперашняй Беларусі. Першая ўсясьветная вайна закруціла ў варонку імпэрскіх інтарэсаў і беларускія землі.

Пра стагодзьдзе крывавых сутычак дагэтуль нагадваюць напаўзаваленыя акопы ў лясах, бэтонныя ўмацаваньні на палях і ўздоўж дарог, рэдкія ўпарадкаваныя пахаваньні і даўно забытыя братэрскія магілы.

Перамога духу: праваслаўны крыж ад каталікоў

Але ёсьць у гэтым пераліку адрасы, якія варта адзначыць асабліва. Адно з самых незвычайных сьведчаньняў таго, што можна людзьмі звацца нават у экстрэмальных сытуацыях, — надмагільны крыж у лесе паміж мястэчкам Крэва і вёскай Багушы на Смаргоншчыне.

Туды скіроўваемся з краязнаўцамі-аматарамі Алегам і Натальляй Гайдукевічамі і культуролягам Сяргеем Верамейчыкам. Прабіцца праз гушчар да зададзенай мэты няпроста, і спадар Алег узбройваецца сучасным навігатарам. Паўкілямэтра пад дажджом, пры адбіваньні бесьперапынных атакаў кляшчоў, даюцца нялёгка. Зрэшты, не параўнаць з тым, што адбывалася ў гэтым месцы ў верасьні 1915-га.

Алег і Натальля Гайдукевіч, Сяргей Верамейчык

Алег і Натальля Гайдукевіч, Сяргей Верамейчык

Крыху паблукаўшы, выходзім на шырокую «прамысловую высечку» і неўзабаве бачым дубовы крыж, прымацаваны на 2-мэтровай вышыні на яліне. Разуменьне незвычайнасьці ўбачанага прыходзіць паступова: праваслаўны крыж з надпісам па-нямецку. Як такое здарылася?

Спадарыня Натальля знаходзіць апісаньне ў прыхопленых з сабой хроніках, прысьвечаных падзеям Першай усясьветнай вайны: «Смаргоншчына: Трагедыя. Гераізм. Памяць»:

Гісторыя крыжа ў зборы хронік Першай усясьветнай

Гісторыя крыжа ў зборы хронік Першай усясьветнай

«У 1990-я мясцовым краязнаўцам стала вядомая інфармацыя пра драўляны крыж на магіле рускіх салдатаў у Багушоўскім лесе пад Крэвам. Захавалася нататка ў запісной кніжцы за 1962 год крэўскага краязнаўцы, пэдагога Пятра Іванавіча Грынкевіча: „У лесе за Талякоўшчынай і Стапуліхай знойдзена магілка рускіх салдатаў з надпісам на крыжы па-нямецку: 8-ы Фінляндзкі стралковы полк. Яфрэйтар Мікалай Папоў, радавыя (ці стралкі) Ёсіф Парадзін, Пётар Бандарчук. Загінулі 26.09.1915. Вечны спакой“. Інфармацыя выклікала цікавасьць і падштурхнула да пошукаў, дзе тая магіла».

Апошні бой: вечны спачын у 34-м квадраце

Наноў рукатворны мэмарыял быў рэанімаваны 10 гадоў таму — 5 лістапада 2005-га. Пры дапамозе былога галоўнага крэўскага лясьнічага Ўрублеўскага ў часе экспэдыцыі мясцовых краязнаўцаў Аляксандра Камінскага, Уладзімера Прыхача і сталічнага дасьледчыка і фотамастака Ўладзімера Багданава месца адшукалі і першасна абсьледавалі. Дубовы крыж і магіла — у 34-м квадраце Багушоўскага лесу. Пра іх існаваньне дагэтуль ведаюць адзінкі.

У небясьпечнай блізіні ад зоны высечкі

У небясьпечнай блізіні ад зоны высечкі

Супаставіўшы гістарычныя зьвесткі, дасьледчыкі прыйшлі да высновы: германцы паставілі крыж на магіле рускіх салдатаў адразу ж пасьля гібелі тых у верасьні 1915 году. У 1980-я, пасьля таго як перагніла «падэшва» крыжа, паляўнічыя прымацавалі верхнюю частку двума цьвікамі да яліны, якая расла побач з магілай. Так быў уратаваны ад поўнага зьнішчэньня рэдкі напамін пра тыя падзеі — адзін з апошніх арыгінальных драўляных крыжоў 1915 году на Беларусі, усталяваны кайзераўскімі вайскоўцамі. Прычым не сваім салдатам, а ворагу. Ідэнтыфікаваць саму магілу не выпадае, яна ніяк не абазначаная.

Між тым, як лічыць спадар Алег, ад бою, дзе загінулі салдаты царскай арміі, да зьяўленьня надмагільнага крыжа магло прайсьці нямала часу — прынамсі тыя некалькі дзён, якія запатрабаваліся немцам, каб адціснуць рускіх са стратэгічнай вышыні:

Крыж «расьце» разам з дрэвам

Крыж «расьце» разам з дрэвам

«Якраз чытаю кніжку Кветкі Вітан, гэта каханая Івана Луцкевіча. Дык вось яна піша ў сваіх успамінах, што на пачатку верасьня 1915 году ў Вільню прыйшлі немцы. Неўзабаве пасьля гэтага фронт перасунуўся далей, да Смаргоні. Значыць, разумею сытуацыю так: рускія войскі падышлі сюды, акапаліся — вырылі акопы, замаскіраваліся. Недзе ў гэтых чыслах пачалі наступ германцы, і пасьля масіраванага артылерыйскага абстрэлу адсунулі адсюль падразьдзяленьні праціўніка мэтраў на 500 далей, да дарогі. Чаму рускія тут замацаваліся адпачатку? Пэўна, была выгодная пазыцыя, магчыма, быў пагорак, стратэгічная вышыня. Але пасьля таго як немцы іх адціснулі, лінія фронту замацавалася: расейцы — там, немцы — тут. І ўжо тады, як я разумею, немцы мелі магчымасьць гэты крыж змайстраваць».

Парадоксы вайны: вораг ушанаваў ворага

Высакароднасьць учынку германцаў не выклікае пярэчаньняў, як і факт гераізму рускіх салдатаў — у іншым выпадку наўрад ці яны заслужылі б такога паважлівага жэсту ад ворага. Культуроляг Сяргей Верамейчык лічыць, што такому артэфакту сапраўднае месца ў музэі, бо невядома, што можа здарыцца з крыжам, калі 34-ы квадрат стане месцам «паломніцтва»:

Рарытэт 100-гадовай даўнасьці: 26 верасьня 1915 году

Рарытэт 100-гадовай даўнасьці: 26 верасьня 1915 году

«Што ўсталявалі немцы, сумнявацца не выпадае — надпіс па-нямецку. Магчыма, салдат на гэтай пазыцыі свае не пасьпелі падтрымаць, яны і загінулі. І крыж ім немцы паставілі як героям: тыя ведалі, што падмогі ня будзе, але змагаліся да канца. За тое, што так адзначылі, гонар ім і хвала. Учынак высакародны, прыклад таго, што вайна тут нават ні пры чым. Гэта менавіта ўчынак людзей, для якіх важнае найперш пачуцьцё гонару. Бо атрымліваецца, што вораг паставіў помнік ворагу. Насамрэч у сьмерці няма нацыянальнасьці, веравызнаньня, яна ня ставіць межаў ні перад кім. У дадзеным выпадку каталікі ці лютэране ўшанавалі праваслаўных, паставілі праваслаўны крыж. Рэч унікальная, прынамсі для мяне. У тым сэнсе, што ўсё да гэтай пары яшчэ захавалася. Увогуле было б добра зрабіць копію і тут паставіць, а арыгінал захаваць у музэі. Ці хоць бы зрабіць навес. На выпадак, калі тут стане месца «паломніцтва».

Адно з германскіх умацаваньняў у Багушоўскім лесе

Адно з германскіх умацаваньняў у Багушоўскім лесе

Багушоўскі лес дагэтуль зрэзаны кілямэтрамі траншэяў, а грыбнікі сям-там рызыкуюць праваліцца ў шчыліны германскіх бліндажоў. Менавіта адсюль у 1917 годзе спрабаваў прарваць лінію нямецкіх умацаваньняў з выхадам на Вільню адзіны ў сваім родзе ўдарны жаночы «батальён сьмерці» пад камандаваньнем Марыі Бачкаровай.

Лясныя акопы часоў Першай усясьветнай

Лясныя акопы часоў Першай усясьветнай

Збольшага добраахвотніц рэкрутавалі ў прапагандысцкіх мэтах — узьняць маральны дух арміі і прысароміць мужчын, якія адмаўляліся ваяваць. Але заставацца простымі назіральніцамі было немагчыма — у безыменных магілах пад кронамі Багушоўскага лесу дагэтуль ляжаць дзясяткі загінулых ваяўніц.

Дот можна пазнаць толькі па вэнтыляцыйных адтулінах

Дот можна пазнаць толькі па вэнтыляцыйных адтулінах

Тым часам над зьнясіленай фізычна і маральна арміяй ужо луналі бальшавіцка-капітулянцкія лёзунгі, і ўмацаваць уласным прыкладам дух моцнай паловы прапагандысткі Часовага ўраду не пасьпелі. Хоць, як падаюць гістарычныя хронікі, і спрабавалі: ня толькі ішлі ў атакі, але спынялі спробы братаньня зь немцамі, лавілі марадэраў, якія перапрадавалі тылавікам нарабаванае ў нямецкіх акопах, з рызыкай для жыцьця адбіралі здабыты там жа алькаголь.

Крыж як сымбаль прымірэньня

Крыж як сымбаль прымірэньня

XS
SM
MD
LG