Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кандыдаты на прэзыдэнта: Пасьля выступаў на радыё і ТВ — зноў паездкі па рэгіёнах. А Лукашэнка — ў Нью-Ёрк


Кандыдаты ў прэзыдэнты на выбарах 2015 году (зьлева направа) Сяргей Гайдукевіч, Тацяна Караткевіч, Мікалай Улаховіч і Аляксандар Лукашэнка

Кандыдаты ў прэзыдэнты на выбарах 2015 году (зьлева направа) Сяргей Гайдукевіч, Тацяна Караткевіч, Мікалай Улаховіч і Аляксандар Лукашэнка

Мінула 2 тыдні ад рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта Цэнтравыбаркамам. Як штабы прэтэндэнтаў на галоўную дзяржаўную пасаду ацэньваюць вынікі першага этапу агітацыйнай кампаніі і чым будуць займацца ў бліжэйшыя дні?

«Сяргей Гайдукевіч у мітынгу супроць расейскай авіябазы ўдзельнічаць не зьбіраецца»

Амаль паўмільёна ўлётак ды іншай агітацыйнай прадукцыі за Сяргея Гайдукевіча раздалі выбарцам за 2 тыдні кампаніі актывісты штабоў старшыні ЛДПБ у Менску і рэгіёнах Беларусі. Запас улётак скончыўся, днямі надрукавалі дадатковую партыю. Сёньня, 26 верасьня, іх раздадуць кіраўнікам абласных штабоў. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў намесьнік старшыні ЛДПБ Алег Гайдукевіч. Паводле Гайдукевіча-малодшага, прыхільнікаў абраньня ягонага бацькі на пасаду прэзыдэнта Беларусі стала болей пасьля выступаў кандыдата па радыё і асабліва па тэлебачаньні. Гэта бачна па актыўнасьці выбарцаў на пікетах і па званках на тэлефоны штабу, сказаў Алег Гайдукевіч. Паводле палітыка, цяпер асноўны ўпор у кампаніі яны зробяць на пікеты, заплянаваныя па ўсёй Беларусі.

А ці зьбіраецца Сяргей Гайдукевіч арганізоўваць яшчэ і перадвыбарчыя мітынгі?

Алег Гайдукевіч

Алег Гайдукевіч

Алег Гайдукевіч: «Калі б у нас стаяла задача правесьці мітынг, мы б яго правялі, але ў нас такой задачы няма. У нас стаіць задача кантактаваць зь людзьмі: пікеты, сустрэчы. Гэта больш эфэктыўна».

Карэспандэнт: «А ці возьме Сяргей Гайдукевіч удзел у мітынгу супроць расейскай авіябазы, які абвешчаны на 4 кастрычніка?»

Алег Гайдукевіч: «Не, ніколі ня будзем у гэтым удзельнічаць. Гэта піяр-акцыя, якая ня мае ніякага дачыненьня да рэальнай палітыкі. Па авіябазах наш кандыдат Сяргей Васільевіч вельмі дакладна сказаў, што мы не падтрымліваем ніякія базы на тэрыторыі Беларусі, але мы кажам Эўропе: рабіце крокі насустрач. Вы хочаце, каб мы базы ня ставілі, дык зрабіце крок насустрач — адмяніце санкцыі».

Былы начальнік Фрунзенскага райаддзелу міліцыі Менску Алег Гайдукевіч мяркуе, што арганізатара перадвыбарчага пікету каля ГУМУ Мікалая Статкевіча дарэмна аштрафавалі за гэтую акцыю і што ня варта было міліцыянтам складаць пратаколы таксама на Статкевіча, Някляева і Лябедзьку за акцыі на плошчы Свабоды 23 верасьня.

«Парушэньне было, акцыі былі незаконныя, але я б на іх не зьвяртаў увагі, бо ідзе выбарчая кампанія. А гэтак улады толькі дадаюць ім цікавасьці», — мяркуе Алег Гайдукевіч.

Давераная асоба Мікалая Ўлаховіча: Супроць нас пачалі плесьці інтрыгі

Мікалай Улаховіч цягам выходных праводзіць у Менску дзелавыя сустрэчы адносна сваёй выбарчай кампаніі, а з панядзелка адновяцца ягоныя паездкі па рэгіёнах для сустрэч з выбарцамі. Спачатку — у Гомель. Пра гэта паведаміў кіраўнік выбарчага штабу кандыдата на прэзыдэнта Міхаіл Образаў. Асабіста спадар Образаў застаўся задаволены тым, як Мікалай Улаховіч правёў агітацыю па радыё і тэлевізіі.

«Наш кандыдат, лічу, цалкам раскрыў усе пункты нашай праграмы. Вы пагодзіцеся, што сацыяльна-эканамічныя пытаньні стаяць у аснове асноў у нашага кандыдата. Гэтаксама як тое, што ў незалежнай Беларусі нам трэба больш свабоды ў вытворчасьці, менш апекі з боку міністэрстваў».

Чым скончыўся канфлікт Мікалая Ўлаховіча зь некаторымі прадстаўнікамі беларускіх казакоў? Нагадаю, на пачатку выбарчай кампаніі прадстаўнік грамадзкага аб’яднаньня казакоў заявіў, што казакі не ўпаўнаважвалі Мікалая Ўлаховіча вылучацца кандыдатам на прэзыдэнта і што яны надалей падтрымліваюць кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі.

«Пакуль нічым гэта ня скончылася. Яны на 6 ці 7 кастрычніка прызначылі нейкі сход. Але ж гэта ня нейкая юрыдычная асоба — гэтая арганізацыя. Проста зьбіраюцца казакі і размаўляюць. А беларускае казацтва — гэта юрыдычная асоба, і яна падтрымлівае свайго лідэра. А што іншыя пачалі інтрыгі плесьці — гэта іх справа», — сказаў Міхаіл Образаў.

Ці будуць «троліць» Тацяну Караткевіч у Акадэміі памежнай службы?

Вельмі ўдалымі называюць тэлевізійныя выступы Тацяны Караткевіч сябры яе выбарчага штабу. Але ці супадаюць гэтыя ацэнкі з тым, што кажуць самі выбарцы?

Актывіст Алег Мяцеліца, які дзяжурыць на кантактным тэлефоне, пазначаным на выбарчым сайце Тацяны Караткевіч, зазначае, што званкоў пасьля выступу 24 верасьня стала значна болей. Тое, што звоняць у асноўным пэнсіянэры, Алега Мяцеліцу не засмучае.

Алег Мяцеліца

Алег Мяцеліца

«Менш было пасьля першага выступу, цяпер болей. Са словамі падзякі, з падтрымкай, хто з чым. З нэгатыўнымі ацэнкамі ўсяго два тэлефанаваньні былі. Кшталту — дзе бераце грошы і рыторыка пра Амэрыку, якой прадаліся апазыцыянэры. І на сустрэчы прыходзіць усё больш людзей, у тым ліку пэнсіянэраў, як было 25 верасьня ў Шклове — больш за 50 чалавек прыйшло. Аказалася, гэта таксама наша мэтавая аўдыторыя, і па званках гэтаксама. Удалося Тацяне выклікаць інтарэс у гэтых людзей, зачапіць іх».

Актывіст штабу Ігар Лялькоў паведаміў карэспандэнту Свабоды пра маршруты паездак Тацяны Караткевіч на бліжэйшыя дні. Сёньня кандыдат выпраўляецца ў Гарадзенскую вобласьць, увечары будзе ў Лідзе, у нядзелю ў Слоніме, а ў аўторак заплянаваная яе сустрэча з гарадзенцамі. Але ў панядзелак давядзецца на дзень вярнуцца ў сталіцу — у Менску яе чакаюць на сустрэчы супрацоўнікі і слухачы Акадэміі памежнай службы. Ігар Лялькоў кажа пра ўражаньні ад сустрэч.

Ігар Лялькоў

Ігар Лялькоў

«Некаторыя, вядома, прыходзяць, каб „патроліць“ Тацяну Караткевіч наконт байкоту ды іншага. Але астатнія ўспрымаюць вельмі пазытыўна. Як правіла, сустрэчы адбываюцца ў добрым кантакце кандыдата з аўдыторыяй».

Кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Лукашэнка на гэтым тыдні так і не скарыстаўся сваім правам на выступы па радыё і тэлебачаньні. Ён накіраваўся ў Нью-Ёрк для ўдзелу ў паседжаньні Генасамблеі ААН.

XS
SM
MD
LG