Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ляўрэатам конкурсу ведаў аб Расеі абяцалі паездку ў гэтую краіну, але польскія пэдагогі не былі папярэджаныя, што дзеці паедуць у Крым.

Група старшаклясьнікаў з Падляшша, якія сталі ляўрэатамі конкурсу ведаў аб Расеі, арганізаванага польскай грамадзкай арганізацыяй «Расейскае культурна-асьветніцкае таварыства», атрымала ў якасьці прыза паездку ў краіну. Арганізатарам туру стаў расейскі дзяржаўны фонд «Расейска-польскі цэнтар дыялёгу і згоды».

Спачатку школьнікам паказалі Маскву. А потым, замест абяцанай паездкі ў Санкт-Пецярбург, нечакана пасадзілі на самалёт і адвезьлі ў Сімфэропаль, які зьяўляецца сталіцай анэксаванага ў Украіны Крыма, — паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода.

Пэдагогі дзяцей і іх бацькі не былі папярэджаныя пра паездку, што выклікала абурэньне ў Польшчы. Але асаблівыя пратэсты выклікала інфармацыя пра тое, што візыт дзяцей у Крым асьвятлялі розныя расейскія СМІ, у прыватнасьці, пракрамлёўскі LifeNews, і паездка была выкарыстаная ў прапагандысцкіх мэтах.

Пасьля вяртаньня дзяцей дадому больш за 30 польскіх, украінскіх і крымскататарскіх дзеячаў зьвярнуліся з запытамі да польскага Міністэрства адукацыі і МЗС, а прадстаўнік Сусьветнага кангрэсу крымскіх татараў у Польшчы назваў справу «міжнародным скандалам».

****

Як распавяла Радыё Свабода прадстаўніца Падляскага ўпраўленьня адукацыі, у Расею паехалі вучні і выпускнікі сямі Падляскіх школ, у асноўным з Беластоку. Гэтай экскурсіяй, кажа Марэк, узнагародзілі ляўрэатаў рэгіянальнага конкурсу ведаў аб Расеі, які праводзіўся ўжо ў дванаццаты раз.

«У праграме экскурсіі павінны былі быць Масква і Пецярбург. Прынамсі, так нас інфармавалі 11 верасьня, — распавяла Марэк. — Кіраўнік упраўленьня прасіў даць яму канчатковую вэрсію праграмы паездкі, і мы яе не атрымалі», — сьцьвярджае польская чыноўніца.

Калі да грамадзтва, па яе словах, дайшлі чуткі пра тое, што паездка ў Пецярбург будзе замененая паездкай у Крым, арганізацыя накіравала ліст расейскім арганізатарам паездкі, у якім было патрабаваньне зьмяніць праграму экскурсіі. Марэк сьцьвярджае, што ў адказ прагучала абяцаньне, што такая зьмена адбудзецца.

Нэдзім Усэйнаў, прадстаўнік каардынацыйнай рады Сусьветнага кангрэсу крымскіх татараў у Польшчы лічыць, што расейскі бок сьвядома ўвёў польскіх пэдагогаў у зман. Расейскія ўлады, паводле яго, спрабуюць стварыць фальшывую карцінку таго, як сьвет паволі прызнае анэксію Крыму. Гэта збольшага пацьвярджае той факт, што групу польскай моладзі ў Крыме, суправаджаў Андрэй Раманчук, які ў сакавіку 2014 году быў сярод замежных «назіральнікаў» крымскага «рэфэрэндуму» і заявіў, што ён «цалкам адпавядаў міжнароднай прававой практыцы».

У варшаўскім «Цэнтры польска-расейскага дыялёгу» арганізацыю паездкі польскай моладзі ў Крым таксама назвалі «амаральнай» і «спробай стварыць бачнасьць таго, што паўвостраў — гэта расейская тэрыторыя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG