Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малыя мовы Эўропы жывуць у песьні: пра фэстываль, дзе па-ангельску сьпяваць забаронена


Саамскі дуэт “Айла” на фэстывалі Liet International

Саамскі дуэт “Айла” на фэстывалі Liet International

26 верасьня адзначаецца Эўрапейскі дзень моваў. Усяго ў Эўропе налічваецца каля 200 моваў, пры гэтым шмат якія зь іх існуюць у «небясьпечнай зоне» або нават стаяць на мяжы зьнікненьня. Толькі 42 эўрапейскія мовы налічваюць больш за 1 мільён носьбітаў — у тым ліку і беларуская.

Адна з спробаў і намаганьняў падтрымаць мовы і культуры этнічных меншасьцяў Эўропы — фэстываль песьняў на мовах эўрапейскіх меншасьцяў Liet International.

Фэстываль Liet International быў задуманы і распрацаваны ў 2002 годзе з мэтай даць сцэну выканаўцам, якія сьпяваюць на мовах этнічных меншасьцяў Эўропы. За дзесяць гадоў свайго існаваньня Liet International ператварыўся ў шматмоўную альтэрнатыву конкурсу Эўравізіі — з той істотнай розьніцай, што тут забараняецца сьпяваць па-ангельску. Арганізуе фэстываль фрызскі фонд Liet International у цесным супрацоўніцтве з партнэрамі па ўсёй Эўропе. Міжнародная сетка кантактаў фонду з кожным годам пашыраецца.

Пераможца Liet International 2012 - брэтонка Хлэўвэн, родам з Валіі.

Апошні фэстываль Liet International прайшоў у сьнежні 2014 у Ольдэнбургу на поўначы Нямеччыны. Сёлета эстафэту пераймае іншая мастацкая імпрэза — фэстываль SUNS, які адбудзецца ў італьянскім горадзе Ўдынэ 11 сьнежня 2015 году.

Песенны фэстываль SUNS — своеасаблівы мост паміж моўнымі меншасьцямі цэнтральнай і паўднёвай Эўропы. Фэстываль быў заснаваны ў Удынэ на поўначы Італіі і належыць да сеткі Liet International. Кожны год у ім бярэ ўдзел каля 40 гуртоў і выканаўцаў. SUNS праводзіцца ў розных гарадох і адкрыты да супрацоўніцтва з усімі моўнымі меншасьцямі Эўропы.

Ляўрэат 2011 году — Яна Айер зь нідэрляндзкага Фрысланду, якая сьпявае па-фрызску.

Умовы ўдзелу ў фэстывалях кола Liet International: усе кампазыцыі мусяць быць арыгінальныя. Пры гэтым ні музыка, ні тэксты ня могуць быць узятыя з традыцыйнага фальклёрнага рэпэртуару рэгіёну паходжаньня ўдзельнікаў.

На апошнім фэстывалі Liet International перамагла Мартына Іёры,19-гадовая сьпявачка з Валь ды Фаса, на поўначы Італіі, якая сьпявае на мове лядына, на якой гавораць у італьянскіх правінцыях Паўднёвым Тыролі, Трэнтына і Бэлюна.


Ляўрэат фэстывалю 2010 году — фарэрскі гурт Орка:


У 2009 годзе фэстывальны конкурс выйграў гурт саамскамоўны Сомбі зь фінскай Ляпляндыі:


Сярод удзельнікаў фэстывалю — і прадстаўнікі малых народаў Расеі, мовы якіх сёньня перажываюць не найлепшыя свае часы. Зорка новай марыйскай эстрады — Марына Садова:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG