Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У новых школьных падручніках Казахстану Крым — расейскі. Кіеў пратэстуе


Пасольства Ўкраіны ў Казахстане накіравала ноту пратэсту Астане ў сувязі з казахстанскімі падручнікамі для сярэдніх школ, у якіх анэксаваны Масквой украінскі паўвостраў Крым названы «суб’ектам» Расейскай Фэдэрацыі.

У заяве часовага паверанага ў справах Украіны ў Казахстане, распаўсюджанай 25 верасьня, гаворыцца, што інфармацыя, якая зьмяшчаецца ў казахстанскіх падручніках для сярэдніх школ, «супярэчыць пазыцыі як міжнароднай супольнасьці, так і кіраўніцтва Рэспублікі Казахстан, якое неаднаразова заяўляла пра сваю падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны».

Амбасада Ўкраіны зьвярнулася да міністэрства замежных спраў і міністэрства адукацыі і навукі Казахстану «з просьбай садзейнічаць неадкладнаму адкліканьню названых падручнікаў зь сярэдніх школ».

У міністэрствах паведамілі, што «нота амбасады разглядаецца».

Аўтаномная Рэспубліка Крым паказаная як суб’ект Расеі ў некаторых падручніках па геаграфіі і сусьветнай гісторыі для сярэдніх школ Казахстану, што выйшлі ў сьвет летась і сёлета ў выдавецтве «Мектэп».

Паўвостраў Крым, які ўваходзіць у склад Украіны, быў анэксаваны Расеяй у сакавіку 2014 году. Міжнародная супольнасьць прызнала незаконным «рэфэрэндум аб статусе Крыму», па выніках якога Расея «далучыла» паўвостраў да сваёй тэрыторыі. У сакавіку 2014 году ў Генэральнай Асамблеі ААН пераважнай большасьцю галасоў была прынятая рэзалюцыя, у якой абвяшчаецца, што гэты «рэфэрэндум» супярэчыць міжнароднаму праву. Супраць рэзалюцыі прагаласавала ўсяго некалькі краін, у тым ліку Беларусь. Таксама супраць галасавалі Армэнія, Балівія, Вэнэсуэла, Зымбабвэ, Куба, Нікарагуа, Расея, Паўночная Карэя, Судан і Сырыя. Казахстан падчас галасаваньня ўстрымаўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG