Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША вялікі скандал з Volkswagen. Што пагражае канцэрну і беларусам?


Нямецкага аўтавытворцу злавілі на махлярстве з тэстамі на шкодныя выкіды, яму пагражае штраф на мільярды даляраў. Але беларусаў у бліжэйшай пэрспэктыве скандал не зачэпіць.

Як стала вядома 18 верасьня, амаль паўмільёна машын вытворчасьці Volkswagen Group, што прадаваліся ў Штатах апошнія шэсьць год, падманвалі экспэртаў Агенцтва па ахове навакольнага асяродзьдзя ЗША. Іхнія выкіды ў атмасфэру перавышалі нормы ў 40 разоў, але падчас тэстаў адмысловае праграмнае забесьпячэньне заніжала паказьнікі да прымальных.

Падман на мільярды

Выяўленае праграмнае забесьпячэньне было ўсталяванае на мадэлях VW Golf, Jetta, Beetle, Passat, Audi A3, Škoda Octavia і іншых з 2-літровым дызэльным TDI-рухавіком EA189. Усяго ў сьвеце такіх рухавікоў можа налічвацца 11 млн. Уладальнікаў такіх машын ня просяць нешта зь імі рабіць, дый зрабіць нічога нельга: хіба памяняць аўто на больш экалягічнае.

Volkswagen цягам году, да таго як гісторыя трапіла ў СМІ, сьцьвярджаў, што гэта проста «глюкі» праграмнага забесьпячэньня. Калі кампаніі прадставілі прамыя доказы маніпуляцыяў з праграмамі, гендырэктар канцэрну Мартын Вінтэркорн падаў у адстаўку.

Скандал пагражае кампаніі вялізнымі штрафамі — да 18 млрд даляраў (па 37,5 тысячы за кожную з 480 тысяч машын), сама кампанія патраціла на рашэньне канфлікту 7,3 млрд. Яе капіталізацыя ўжо зьнізілася на 25 млрд эўра, акцыі ўпалі на 26%, да мінімальных з 2012 году цэнаў. У ЗША прадаваць аўтамабілі са «скандальным» рухавіком забаронена. Іншыя краіны пачалі свае тэсты і расьсьледаваньні.

Да беларусаў не дайшло

Заакіянскі скандал пакуль не турбуе беларусаў, сьцьвярджае Аляксандар Дземідовіч, кіраўнік аддзелу маркетынгу беларускага імпартэра Volkswagen. Паводле ягоных слоў, карэспандэнт Свабоды быў першым чалавекам у краіне, хто зьвярнуўся ў кампанію з пытаньнем пра наступствы канфлікту. Як скандал адаб’ецца на Беларусі? Ніяк, сьцьвярджае спадар Дземідовіч:

Нічым, апроч падкопаў канкурэнтаў, гэта патлумачыць немагчыма

«На самой справе, праблема вельмі надуманая, а канфлікт высмактаны з пальца. Нічым, апроч падкопаў канкурэнтаў, гэта патлумачыць немагчыма. Цяпер у Volkswagen ідуць кансультацыі з уладамі ЗША і іншых краін, каб урэгуляваць гэтае пытаньне. Я ня веру, што Volkswagen сплоціць штрафы, і перакананы, што пасьля кансультацыяў пытаньне будзе ўрэгуляванае. Гэта часовы ўкід, каб дыскрэдытаваць Volkswagen.

У нас у Беларусі ніякія продажы ня будуць прыпыненыя, бо ў нас не пастаўляўся гэты рухавік. Гэты канфлікт ніякім бокам нас ня тычыцца. Відавочна, што праблема лякальная ў ЗША. На іншых рынках органы па сэртыфікацыі таксама спрабуюць спраўдзіць карэктнасьць экалягічных паказьнікаў, але нідзе пытаньне не стаіць так востра. Да нас гэта не перакінецца».

Volkswagen будзе жыць?

Хоць амэрыканскі дырэктар Volkswagen на прэс-канфэрэнцыі пракамэнтаваў скандал фразай «Нам гамон» («We are screwed»), кампанія, мабыць, перажыве гэта, піша Wired пад загалоўкам «Volkswagen, напэўна, не памрэ, але калі памрэ, у Эўропы праблемы».

Для Volkswagen, мяркуе выданьне, верагодны лепшы сцэнар. Махінацыі не пагражалі наўпрост жыцьцю кліентаў, а Toyota і General Motors, якія дагэтуль жывуць сабе, мелі ў машынах больш сур’ёзныя і небясьпечныя хібы (Vox падлічыў, што ад махінацыяў VW штогод гінулі ад 34 да 313 чалавек). Штраф можа быць значна меншы за 18 млрд. Дый ЗША для кампаніі — рынак не прыярытэтны, там іх доля толькі падала. Прыярытэтны ж кітайскі рынак цікавіцца бэнзінавымі, а ня дызэльнымі рухавікамі.

Магчымы і горшы сцэнар. Калі кампанія ўжо патраціла 7,3 млрд на рашэньне канфлікту, то яна гатовая і да горшых наступстваў. Менавіта экалягічныя махінацыі ўдараць па самім брэнде, які прасоўваўся як эканамічны і экалягічны, ды пры гэтым магутны. Пакуль Volkswagen працаваў над «чытэрскім» праграмным забесьпячэньнем, канкурэнты маглі працаваць над больш экалягічнымі рухавікамі. Наступствы сёньняшняга канфлікту могуць трываць яшчэ шмат гадоў.

Праблемы Volkswagen так ці іначай зачэпяць 600 тысяч супрацоўнікаў кампаніі, піша Wired, а таксама саму нямецкую дзяржаву: Германія — адзін з акцыянэраў Volkswagen, дывідэнды ідуць у тым ліку на агульнаэўрапейскія гуманітарныя кампаніі.

Тым ня менш Volkswagen — не адзіны, хто фальсыфікуе тэсты на экалягічнасьць, сьцьвярджаюць розныя экспэрты, меркаваньні якіх сабраныя на сайце Jalopnik. Тэарэтычна магчыма, што толькі Volkswagen дадумаўся падманваць эколягаў. Але ў такое цяжка верыцца многім, у тым ліку экспэртам Эўрапейскай транспартнай фэдэрацыі, якія выказвалі сумневы ў выніках экалягічных тэстаў за месяц да VW-скандалу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG