Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыка ў міноры


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Калі думаеш пра Беларусь пасьля выбараў, увага ўвесь час зьбіваецца на дожд у туманным мроіве за вакном.

Гэтай восеньню палітолягі граюць мінорную музыку.

Перафразуючы дзіцячую страшылку, гучыць неяк так: «А.Лукашенко самый лучший президент, он нас в два счета до могилы доведет».

У тым сэнсе, што і стаміўся ўжо, і краіна з народам яго перарасьлі, і савецкі патэнцыял вычарпаўся даастачы. А ён, быццам пацьвярджаючы гэта, схаваўся ў сваіх палацах, а калі й выходзіць на публіку, дык з тым жа мінорным пасылам: рэформаў ня будзе, перамен ніякіх ня будзе, нічога ня будзе! Толькі Шапэн, саната № 2 сі-бемоль мінор…

Некаторыя, праўда, папярэджваюць – ня той гэта фрукт, каб залягаць на дно, і ніякі тут не Шапэн, а Вівальдзі, чатыры сэзоны, нудзіцца-нудзіцца, а пасьля я-а-ак выбухне! Толькі каб не ў мэтро, каб без ахвяр, калі ласка.

А мне здаецца, што фантазіі на Вівальдзі ня хопіць – насамрэч вычарпалася. Пайшла татальная здача пазыцый. Грошай няма і не прадбачыцца, чынавенства расьперазалася – паўсюль карупцыя, а тут яшчэ Расея сваю авіябазу ўцюхала… Усё ж да Шапэна больш падобна. Ні намёку на бравур, які так любіў першы прэзыдэнт… Як гэта раней бывала? Дажджу прасілі – даў. А спыніць ужо ня можа.

Як плюшавы мішка з ключыкам у сьпіне – накруціў, танцуе, скончыўся завод – стаў. Бяда, што мішка яшчэ савецкі, цяпер такіх не выпускаюць. Цяперашнія, як мінімум, на батарэйках, можа быць, нават сонечных.

Разам з савецкім патэнцыялам «рэспублікі» вычарпаўся і сам «вэртыкальны» тып улады, бо ніякія інавацыі да якой-небудзь Ананіч не падключыш. І дорага і бяз сэнсу. Ананіч разам зь яе міністэрствам можна толькі закрыць. На радасьць дзеткам і дарослым. А колькі такіх ананічаў нароблена – цэлая армія. І карміць іх трэба ня так, як рабочых МАЗа, а спаржай, прычым ня соевай.

У бязь меры раскормленага дзяржаўнага апарату вось-вось пераломіцца хрыбетнік. Зрэшты, каб толькі гэта. Куды ні кінь – адна інэрцыя, і настойлівае адчуваньне, што інэрцыя на сыходзе. Усё ж такі Шапэн.

«Нешта, хутка будзе нешта!» пісаў 20 гадоў таму ананімны паэт у сваёй «Песьні пра Беларусьніка». І клікаў у канцы – «Хай хутчэй настане нешта!»

Нешта так і не настала, а сёньня яго ніхто і ня кліча. Пра тое, што будзе пасьля выбараў, палітолягі ня пішуць. Быццам мы ўсе проста пастаім тут, пачакаем, пакуль зробяць сваю справу далакопы, паслухаем Шапэна і разыдземся. Ніхто не рызыкуе рабіць дапушчэньні.

Але ж не бывае так, каб ніяк не было, значыць нешта ўсё ж будзе. Толькі зусім не ўяўляецца ў тым туманным заўтра сёньняшні прэзыдэнт. Ніхто не накручвае ключык у сьпіне. Новае пакаленьне ўжо ня ведае, як гэта рабіць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG