Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На саміце па ўстойлівым разьвіцьці ў Генэральнай асамблеі ААН 27 верасьня адбыўся выступ Аляксандра Лукашэнкі. Дагэтуль беларускі кіраўнік быў у ААН тры разы.

Аляксандар Лукашэнка раней выказваўся з трыбуны ААН супраць пашырэньня НАТО, «падвойных стандартаў» Эўразьвязу і ЗША і заступаўся за Мілошавіча і Садама Хусэйна.

Першы выступ у ААН — супраць пашырэньня НАТО, але пакуль стрымана

Упершыню Лукашэнка трапіў у ААН у 1995 годзе: у сакавіку таго году ў Капэнгагене адбылася сустрэча кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў на саміце ААН, прысьвечаным пытаньням сацыяльнага разьвіцьця. Тады Лукашэнка яшчэ не правёў рэфэрэндум, які даў яму дадатковыя правы, зьмяніў нацыянальную сымболіку і надаў расейскай мове статус другой дзяржаўнай.

Ад імя беларускай дэлегацыі Лукашэнка выказаў удзячнасьць саміту за тое, што палітыкі сьвету зьвярнулі ўвагу на сацыяльныя праблемы. Ён адзначыў, што краінам зь пераходнай эканомікай, да якіх адносіцца Беларусь, радыкальная перабудова эканомікі прынесла нязнаныя раней праблемы: разрыў эканамічных сувязяў, інфляцыю, пагрозу масавага беспрацоўя, рост сацыяльнай няроўнасьці, аслабленьне сацыяльнай абароненасьці насельніцтва і падзеньне стандартаў жыцьця.

У тым выступе Лукашэнка казаў, што вялізныя перашкоды паляпшэньню жыцьця ў Беларусі чыняць наступствы Чарнобылю, шмат каштавала ядзернае раззбраеньне і скарачэньне звычайных узбраеньняў (дэфіцыт рэсурсаў нават прымусіў прыпыніць зьнішчэньне танкаў, самалётаў, БТР).

У такіх умовах, сьцьвярджаў Лукашэнка, прапанаванае заходнімі лідэрамі паскарэньне рэформаў непрымальнае для Беларусі. У краіне стваралася новая сыстэма, адрозная ад савецкага таталітарызму — плады рэформаў маюць высьпець, іх нельга зрываць зарана.

Наша грамадзтва сур’ёзна занепакоенае ідэяй папаўненьня НАТО новымі ўдзельнікамі.

«Наша грамадзтва сур’ёзна занепакоенае ідэяй папаўненьня НАТО новымі ўдзельнікамі. Многія краіны мяркуюць, што гэта прывядзе да дысбалянсу ў цяперашняй вайсковай і палітычнай сытуацыі ў Эўропе і давядзе ўвесь сьвет да значнага падрыву даверу, росту напружаньня, нарошчваньня вайсковых выдаткаў і, як вынік, скарачэньня фінансаваньня сацыяльных праграмаў», — казаў Лукашэнка. У 50-годзьдзе перамогі над нямецкім фашызмам ён выказаў спадзеў, што такога ня здарыцца.

Ён прапанаваў прыняць глябальную праграму па дапамозе краінам зь пераходнай эканомікай. Такая праграма мелася б уключаць у сябе стварэньне сыстэмы сацыяльнай абароны ў рынкавай эканоміцы, усталяваньне сыстэмы абароны прыроды, аховы працы і здароўя, навучаньне спэцыялістаў мэтадам працы ў рынкавай эканоміцы і барацьбу зь беднасьцю.

Дэмарш Лукашэнкі ў ААН у 2000-м

У верасьні 2000 году ў Нью-Ёрку (ЗША) на сэсіі Генасамблеі ААН прайшоў Саміт тысячагодзьдзя, дзе сустрэліся кіраўнікі 185 дзяржаў сьвету, сярод іх быў і Лукашэнка.

Галоўнымі пытаньнямі саміту былі дасягненьне глябалізацыі ў сьвеце, узмацненьне ролі ААН, пацьверджаньне прэрагатываў Рады бясьпекі ААН і кансалідацыя прынцыпаў міжнароднага права. Аляксандар Лукашэнка пакінуў саміт датэрмінова, беларуская дэлегацыя нібы такім чынам зладзіла дэмарш. Але прэс-сакратар МЗС Павал Латушка тады патлумачыў, што дэлегацыя цалкам выканала праграму, зацьверджаную Лукашэнкам за месяц да саміту.

Лукашэнка тады назваў вялікім дасягненьнем ААН тое, што кожная дзяржава, незалежна ад памераў і рэсурсаў, можа на роўных браць удзел у рашэньні глябальных пытаньняў. Але адзначыў, што Беларусь, якая зрабіла ў сыстэму ААН значны ўнёсак, ня можа пагадзіцца са спробамі ўказаць ёй, як жыць і з кім сябраваць. Як краіна, якая ў барацьбе з фашызмам страціла траціну жыхароў, Беларусь у стане самастойна вырашаць свой лёс і ня можа абыякава ставіцца да спробаў зламаць стабільны сусьветны парадак і падзяліць краіны на першы і другі гатунак.

Галоўная задача ААН, па словах Лукашэнкі, — гэта падтрыманьне сусьветнага міру і бясьпекі, ды ААН з той задачай спраўляецца ня ў поўнай меры. А выпадкі ўжываньня сілы ў абыход Рады бясьпекі ААН ня вырашылі ніводнага пытаньня і толькі пагоршылі сытуацыю. Беларусь адмовілася ад статусу ядзернай дзяржавы, бо ў XXI стагодзьдзі зброя ня можа быць законным інструмэнтам міжнароднай палітыкі.

Правы чалавека і дэмакратыя ўсё часьцей выкарыстоўваюцца некаторымі дзяржавамі як нагода да пакараньня краін, якія не даспадобы.

«Правы чалавека і дэмакратыя ўсё часьцей выкарыстоўваюцца некаторымі дзяржавамі як нагода да пакараньня краін, якія не даспадобы, — казаў Лукашэнка. — Апошнім часам прыкладаюцца намаганьні, каб скалаціць нейкі „клюб абраных“, у які ня трапіць большасьць дзяржаў сьвету. Нічога добрага для рэальнага заахвочваньня дэмакратыі і правоў чалавека гэтая высакамерная спроба дзяленьня народаў на „настаўнікаў“ і „вучняў“ не дае і ня можа даць».

Ён заклікаў з павагай ставіцца да ладу жыцьця і лёсу, якія склаліся гістарычна ў кожнай нацыі, бо ў сьвеце назіраецца адваротнае: усіх хочуць «прычасаць пад адзін грэбень», адмаўляючы ўсё, што не адносіцца да «заходняга ладу жыцьця». Беларусь, казаў ён, ідзе па дэмакратычным шляху разьвіцьця, абапіраючыся на ўласны лад жыцьця і нацыянальныя духоўныя традыцыі, таму ўдаецца спалучаць дэмакратыю і стабільнасьць.

2005 — выступ у падтрымку Мілошавіча і Хусэйна

Лукашэнка ў ААН, 2005 год

Лукашэнка ў ААН, 2005 год

У верасьні 2005 году ў Нью-Ёрку адбыўся чарговы Сусьветны саміт, у выніковай дэклярацыі якога краіны сьвету рашуча асудзілі тэрарызм, ды не дамовіліся пра пашырэньне Рады бясьпекі ААН. Лукашэнка, якога тады ўжо называлі «апошнім дыктатарам Эўропы», рэзка скрытыкаваў дзейнасьць ААН.

Мінула 15 год ад распаду СССР, які «пры ўсіх памылках яго кіраўнікоў быў апорай і надзеяй многіх дзяржаў і народаў», казаў ён, і сьвет стаў аднапалярным, што прывяло да разгрому квітнеючай Югаславіі, ператварэньня шматпакутнага Аўганістану ў гарно канфліктаў і наркатрафіку, крывавай бойні ў Іраку, навядзеньня прыцэлу на Іран, Паўночную Карэю, Калюмбію, Кубу і мноства іншых краін. Беларусь, якую ААН аднесла да разьвітых краін з высокім узроўнем жыцьця і ў якой разам жывуць розныя нацыі і народы, хоча ад сьвету няшмат: міру і стабільнасьці. Астатняе яна здольная стварыць уласнай працай.

Лукашэнка ў ААН, 2005 год

Лукашэнка ў ААН, 2005 год

Беларусь, казаў Лукашэнка, падпісала Міжнародную канвэнцыю па барацьбе з актамі ядзернага тэрарызму, Дадатковы пратакол па гарантыях у сувязі з Дамовай аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі, стварыла моцны і пасьпяховы саюз з Расеяй. Гэты выбар народу падабаецца ня ўсім, хто імкнецца кіраваць аднапалярным сьветам пад сьцягам «дэмакратыі» і «правоў чалавека», сьцьвярджаў Лукашэнка, а ААН стала інструмэнтам іхняй палітыкі.

Камісія па правах чалавека, нагадаў Лукашэнка, штампуе рэзалюцыі па Беларусі і іншых краінах, спрабуе навязаць іх ААН. Няўжо ААН за надуманымі праблемамі ня бачыць сапраўдных бедаў і катастрофаў? — пытаў ён.

Слабадан Мілошавіч і Садам Хусэйн павінны быць на волі і вольна бараніць свае правы, гонар і чалавечую годнасьць.

«Суд над Мілошавічам даўно стаў карыкатурай, — казаў Лукашэнка. — Садам Хусэйн наагул, як у сьвеце дзікуноў, аддадзены на ласку пераможцы. Іх правы няма каму бараніць, апроч ААН, бо іхніх дзяржаў ужо няма, яны зьнішчаныя. Яны (Мілошавіч і Хусэйн. — РС) павінны быць на волі і вольна бараніць свае правы, гонар і чалавечую годнасьць».

Ірак, казаў ён, заліты крывёй, хоць там не знайшлі ядзернай зброі, а адкрытых і незалежных судовых працэсаў над кáтамі Гуантанама і Абу-Граіб дагэтуль няма. СНІД тым часам душыць Афрыку і Азію, беднасьць стала зброяй масавага зьнішчэньня, а гандаль людзьмі — квітучым бізнэсам.

У 2011 годзе Аляксандар Лукашэнка, знаходзячыся ў Беларусі, заявіў, што ААН стала шырмай для агрэсараў, а Рада бясьпекі ААН нават падыгрывае агрэсарам у Лібіі, дзе быў забіты яго сябра Муамар Кадафі.

У 2012 годзе ён зьбіраўся наведаць Канфэрэнцыю ААН па ўстойлівым разьвіцьці, але ўрэшце дэлегацыю тады ўзначаліў міністар замежных спраў Мартынаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG