Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дранік-фэст» у Магілёве з-за пажару перанесьлі на 17 кастрычніка


Арганізатары вымушаныя былі перанесьці сьвята дранікаў і беларускай нацыянальнай культуры праз пажар, які адбыўся 23 верасьня на тэрыторыі этнахутару.

У гэтым прыватным этнаграфічным комплексе правялі першы фэст у 2014 годзе. «Месца яго правядзеньня застаецца ранейшым», — запэўніваюць арганізатары.

Адна з арганізатарак фэсту магілёўская журналістка Алена Барысава адзначыла Свабодзе:

«Сама канцэпцыя „Дранік-фэста“ прадугледжвае, што ён мусіць адбывацца менавіта на этнахутры. Там мы гатуем дранікі на вогнішчах. Там зьбіраюцца майстры беларускіх рамёстваў. І музыкі зьяжджаюцца менавіта на этнахутар. Там сама абстаноўка пасуе фэсту. 17 кастрычніка фэст правядзём. Летась першы фэст адбыўся менавіта ў гэты дзень. Усіх накормім дранікамі. Алькаголю ня будзе катэгарычна, як і год таму».

Да пажару на этнахутары «Дранік-фэст» плянавалі правесьці 3 кастрычніка. Аднак надзвычайнае здарэньне скарэктавала гэты намер.

Будынкі, якія згарэлі падчас пажару
Будынкі, якія згарэлі падчас пажару

«Мы былі на этнахутары пасьля пажару, — працягвае Алена Барысава. — Страчаныя два будынкі, у якіх праводзіліся конкурсы. Разам з тым сама тэрыторыя этнаграфічнага комплексу не пацярпела. Выглядае прыдатнай для правядзеньня масавага мерапрыемства. Дзякуем выратавальнікам, якія беражліва выконвалі сваю працу: і нічога ня зьнішчылі, і апэратыўна затушылі пажар. Адзінае, пакуль вядзецца сьледзтва, нельга разьбіраць пацярпелыя будынкі. Уласьнік этнхутару шакаваны здарэньнем».

Этнаграфічная вёска была пабудаваная з аўтэнтычнага дрэва, зрубы зь якога былі адмыслова перавезеныя ў Магілёў. Комплекс — месца працы рамесьнікаў і адпачынку наведвальнікаў.

Дранік-фэст прыдумала суполка Цэнтар гарадзкіх ініцыятываў. Летась дранікамі паласаваліся некалькі тысяч наведнікаў сьвята нацыянальнай культуры. Прадстаўнікі грамадзкасьці назвалі Дранік-фэст падзеяй 2014 году.

Падчас мінулага "Дранік-фэсту" ў Магілёве, 18 кастрычніка 2015 году
Падчас мінулага "Дранік-фэсту" ў Магілёве, 18 кастрычніка 2015 году

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG