Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзятлава рыхтуецца да «Дажынак»: райвыканкам адбудоўваюць, палац Радзівілаў прадаюць


Пасьля рэканструкцыі будынак райвыканкаму ў Дзятлаве пашыраецца ці ня ў два разы

Пасьля рэканструкцыі будынак райвыканкаму ў Дзятлаве пашыраецца ці ня ў два разы

У райцэнтры Дзятлава вядуць маштабную рэканструкцыю гарадзкога цэнтру да абласных «Дажынак». Дзятлаўцы зьдзіўляюцца, навошта дабудавалі і так вялікі райвыканкам і чаму не рэстаўруюць, а прадаюць былы палац Радзівілаў.

У райцэнтры Дзятлава Гарадзенскай вобласьці вядуць маштабную рэканструкцыю гарадзкога цэнтру да абласных «Дажынак», прызначаных на 13 лістапада. Дзятлаўцы зьдзіўляюцца, навошта дабудавалі і так вялікі райвыканкам і чаму не рэстаўруюць, а прадаюць былы палац Радзівілаў.

Нават старэйшыя жыхары Дзятлава ня памятаюць такой маштабнай рэканструкцыі гораду. Кажуць, што ў раёне на такую будоўлю ніколі не было грошай. Аб’ектаў рэканструкцыі і праўда шмат, у горадзе поўна будаўнічай тэхнікі, рабочых.

Рэканструкцыя ў цэнтры Дзятлава

Рэканструкцыя ў цэнтры Дзятлава

Асабліва ўсіх гараджан уражвае рэканструкцыя райвыканкаму, будынак якога пабольшае ці ня ў два разы. Але ў той самы час зьменяць выгляд і раённы Дом культуры, і гатэль «Ліпічанка». Рамантуюцца мост на вуліцы Міцкевіча, інтэрнат і некалькі дамоў па вуліцах Савецкай і Фрунзэ, аб’екты гандлю, дарогі і іншае.

​Толькі былы палац Радзівілаў сярэдзіны ХVІІІ стагодзьдзя, што побач з раённым шпіталем, сіратліва стаіць некрануты, абшарпаны, з абсыпанай ад часу сьцяной з зачыненымі дзьвярыма, і ў акне аб’ява: прадаецца. Усе, з кім давялося пагутарыць у Дзятлаве, не прамінулі згадаць пра гэта.

Палац Радзівілаў, выгляд з тыльнага боку

Палац Радзівілаў, выгляд з тыльнага боку

Разгаварыўся з маладой жанчынай у цэнтры гарадка. Яна даволі крытычна глядзіць на тое, што рэканструкцыя адбываецца ў кароткія тэрміны: гэта, паводле яе, ня зможа не адбіцца на якасьці.

— Цэнтар гораду ў нас зроблены больш-менш нармальна, але калі паглядзець далей, то там усё страшна. Але самае страшнае ў нас — гэта дарогі. Іх робяць толькі для зьнешнасьці, а праз гады 2–3 яны разваляцца, бо іх робяць на хуткую руку. Лепш бы яны зрабілі добрыя дарогі, а дамы дзе-нідзе проста падфарбавалі.

Асобна спадарыня кажа пра райвыканкам. Яна наагул не разумее, навошта іхняму маленькаму гораду такія гмахі для ўлады.

Пасьля рэканструкцыі будынак райвыканкаму ў Дзятлаве пашыраецца ці ня ў два разы

Пасьля рэканструкцыі будынак райвыканкаму ў Дзятлаве пашыраецца ці ня ў два разы

— Ня ведаю, навошта гэта. Я была адзін раз у старым будынку, і лічу, што таго было дастаткова. Лепей бы зрабілі за гэтыя грошы дзіцячы садок, школу ці адрэстаўравалі палац Радзівілаў. Ён вельмі прыгожы. І калі замежныя госьці наведваюцца ў Дзятлава, то ім ён чамусьці найбольш цікавы. І калі ў інтэрнэце ў пошук уводзяць — Дзятлава, то найперш зьяўляецца палац Радзівілаў і «Радон». Гэта самыя два такія месцы, дзе можна нешта паказаць і распавесьці пра тое, што ўяўляе сабой наш горад. Вядома, добра, што горад становіцца прыгажэйшым і ня сорамна сюды будзе гасьцей запрасіць. Толькі як гэта ўсё доўга пратрымаецца..."

Цэнтар гораду ў Дзятлаве

Цэнтар гораду ў Дзятлаве

Разгаварыўся з мужчынам пэнсійнага веку, які пражыў тут большую частку жыцьця. Кажа, што яму прыемна, што ягонае Дзятлава становіцца прыгажэйшым, але, паводле яго, ня ўсё ў жыцьці мераецца зьнешняй прыгажосьцю:

— Але справа ў у тым, што першачаргова трэба было зрабіць. Для жыхароў Дзятлава сёньня вялікая праблема — ачышчальныя збудаваньні масласырзаводу. Яны ўжо ператэрмінаваныя, іх даўно ніхто ня чысьціў, і ў гэта сьпякотнае лета з-за іх немагчыма было дыхаць, людзі задыхаліся, скардзіліся. Райвыканкам нічога не зрабіў, каб палепшыць экалягічную сытуацыю. А замест гэтага будуецца цудоўны, прыгожы будынак райвыканкаму. Будынак добры, ён застанецца, і архітэктура прыгожая, але хто ім будзе карыстацца...

Цэнтар гораду ў Дзятлаве

Цэнтар гораду ў Дзятлаве

Яшчэ спадар зьвяртае ўвагу на тое, што жыхары Дзятлава наагул не інфармаваныя пра тое, адкуль узяліся грошы на рэканструкцыю, колькі і хто іх выдзеліў. Па горадзе ходзяць толькі чуткі. І раённая газэта нічога пра гэта не напісала.

Не забыўся суразмоўца ўзгадаць і пра найбольш каштоўны помнік архітэктуры ў горадзе — палац Радзівілаў, які ня трапіў пад рэканструкцыю і на які ніхто ня выдзеліў ні капейкі грошай.

Палац Радзівілаў, выгляд з тыльнага боку

Палац Радзівілаў, выгляд з тыльнага боку

Іншы мужчына пэнсійнага веку таксама кажа, што горад зьменіцца ў лепшы бок, але, маўляў, павінна быць усё ж першачарговасьць, калі трацяцца бюджэтныя грошы. Паводле яго, службы райвыканкаму можна было разьмясьціць у іншых пустых будынках — да прыкладу, той жа школы- інтэрнату, а грошы пусьціць на іншае.

— Трэба, каб хоць нейкая прамысловасьць у нас разьвівалася. У нас жа няма нічога, і моладзь тут не затрымліваецца. Усе зьяжджаюць. Вядома ж, у калгасе шмат не заробіш.

Пры нагодзе пацікавіўся ў спадароў — ці адчуваюць у Дзятлаве выбарчую кампанію, ці прыяжджалі кандыдаты на прэзыдэнта? Мне ў адказ толькі пасьмяяліся.

— Нічога наагул не чуваць, ніхто не прыяжджаў, не зьбіраўся, ніякіх сходаў не было, нічога не чуваць абсалютна...

Цэнтар гораду ў Дзятлаве

Цэнтар гораду ў Дзятлаве

Наступны мой суразмоўца аказаўся музэйным работнікам. У яго свой погляд на рэканструкцыю ў Дзятлаве.

— З аднаго боку, Дзятлава будзе прыгажэйшым, і ў гэтым няма сумненьняў. Але, з другога боку, я як работнік культуры падтрымліваю артыкул спадара Трусава, у якім ён напісаў, што без культуры ў нас ня зрушыцца зь месца і эканоміка, і ўсё астатняе. І бачу, што ў музэі ў нас таксама нічога ня робіцца, хоць праблемаў ёсьць шмат і наш палац Радзівілаў самотна стаіць. Разумею, што зь ім цяжэй, бо гэта помнік архітэктуры і не адразу ўсё зробіш. Але ўзгадваецца былы начальнік санэпідэмстанцыі, які правёў рэканструкцыю адной сьценкі з усімі пілястрамі і іншымі дэталямі — яна стаіць ужо 10 гадоў, і ўсё акуратна.

Шыльда і абвестка на палацы Радзівілаў

Шыльда і абвестка на палацы Радзівілаў

Палац Радзівілаў у Дзятлаве цяпер належыць раённаму шпіталю. Палац двухпавярховы, агульная плошча больш за 1.5 тыс. квадратных мэтраў, мае ўсе інжынэрныя камунікацыі. Помнік архітэктуры аднесены да другой катэгорыі, а таму інвэстару прапануюць набыць яго на ўмовах падпісаньня ахоўных абавязкаў. Пачатковы кошт на таргах складаў блізу двух мільярдаў беларускіх рублёў, але пакупнікоў пакуль няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG