Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судаленку сілай вынесьлі з вагона. Ён падаў у суд на мытнікаў і памежнікаў


Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка зьвярнуўся ў суд з пазовам да Менскай рэгіянальнай мытні і вайсковай часткі 2044 Смаргонскай памежнай групы наконт спагнаньня шкоды, нанесенай здароўю, а таксама маральнай шкоды.

У пазове ў Гомельскі раённы суд праваабаронца пазначыў, што 25 жніўня ён прыпыніў працоўную паездку ў Літву і тэрмінова вяртаўся ў Гомель на пахаваньне блізкага яму чалавека.

Падчас перасячэньня беларускай дзяржаўнай мяжы ў цягніку ад пункту пропуску «Гудагай» да станцыі Маладэчна прадстаўнікі адказчыкаў — мытні і памежнай вайсковай часткі 2044 — выконвалі свае службовыя абавязкі.

Судаленка згадвае, што напачатку яго праверылі мытнікі, і паколькі нічога забароненага ён ня вёз, яны пайшлі далей. Праблемы пачаліся, калі ягоны пашпарт праз сканэр стаў правяраць памежнік. Той адразу выклікаў старшага зьмены. Вярнуліся й мытнікі, праўда, ня тыя, што правяралі першы раз. Папярэдзілі, што ў Маладэчне Судаленку трэба сысьці зь цягніка.

Паколькі ў Леаніда меліся квіткі зь Менску на гомельскі цягнік, ён спазьняўся, то папрасіў патлумачыць прычыну затрыманьня. Адказалі: будуць праводзіць асабісты паглыблены мытны надгляд. Праваабаронца спытаўся, якія ёсьць дастатковыя падставы, каб гэта рабіць. Аднак нічога ўцямнага ні мытнікі, ні памежнікі Судаленку не патлумачылі, і ён адмовіўся пакідаць вагон.

У Маладэчне праваабаронцу сустракалі больш за дзясятак памежнікаў і мытнікаў — яго сілай вынесьлі з вагона за рукі й за ногі. «Вынас» памежнікі здымалі на відэа. Мытны надгляд суправаджаўся перапісам асабістых рэчаў і разьдзяваньнем.

«У мяне падняўся крывяны ціск — службоўцам давялося выклікаць „хуткую дапамогу“. Ад фізычнага гвалту я пакутаваў, здароўе расстроілася. Я вымушаны быў купляць лекі, таномэтар для вымярэньня ціску. Маю чалавечую і грамадзянскую годнасьць прынізілі, прымусілі адчуць сваю безабароннасьць перад гвалтам і беззаконьнем з боку мытнікаў і памежнікаў. Пазьней з дакладной начальніка зьмены памежнікаў капітана Савіна я дазнаўся, што мяне абшуквалі на прадмет наяўнасьці электронных носьбітаў інфармацыі, як сказана, „экстрэмісцкага зьместу“. Выглядае, што нейкі незнаёмы мне суб’ект невядома чаму і якім чынам занёс мяне ў „чорныя сьпісы“ як экстрэміста», — кажа Леанід Судаленка.

Памер шкоды, нанесенай здароўю, праваабаронца абумовіў выдаткамі на пакупку лекаў і мэдычнага таномэтра — агулам 1,8 мільёна рублёў.

Маральную шкоду, нанесеную мытнікамі і памежнікамі, Судаленка вызначыў у памеры 999 мільёнаў рублёў.

Ён таксама патрабуе спагнаць з адказчыкаў і судовыя выдаткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG