Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фітасанітарная служба: «Беларуская» папая законная


У Расею празь Беларусь паступае прадукцыя з тых краін, якія не ўваходзяць у расейскі санкцыйны сьпіс. Так беларуская фітасанітарная служба адказала на прэтэнзіі Рассельхазнагляду пра сумнеўнае паходжаньне «беларускай» папаі.

У Галоўнай дзяржінспэкцыі па насеньняводзтве, карантыне і ахове расьлін адзначылі, што паводле заканадаўства Эўразійскага эканамічнага саюзу на зьнешнім контуры мяжы беларускі бок кантралюе прадукцыю, якая ўвозіцца, на наяўнасьць шкодных арганізмаў.

«Напэўна, суб’екты гаспадараньня лічаць больш зручным расмытніцца тут. Паколькі прадукцыя размытнілася тут, то яна становіцца ўласнасьцю, таварам Рэспублікі Беларусь. Далей суб’екты гаспадараньня просяць суправадзіць прадукцыю фітасанітарным сэртыфікатам і іншымі дакумэнтамі для пастаўкі ў Расею. Мы ня маем права адмовіць суб’ектам гаспадараньня ў гэтых пытаньнях», — кажуць у ведамстве.

Пры гэтым у сэртыфікатах паказваецца інфармацыя пра паходжаньне грузу, у тым ліку пра краіну, зь якой ён пастаўлены на тэрыторыю Беларусі.

«Такім чынам, тая ж папая, якая не расьце ні ў Беларусі, ні ў Расеі, ні ў Паўночнай Амэрыцы, ні ў Эўразьвязе, трапляе ў Расейскую Фэдэрацыю. Ва ўсіх дакумэнтах напісана паходжаньне прадукцыі. Да прыкладу, Коста-Рыка. Гэта значыць, гэтая папая — з субтропікаў. Яна ня можа расьці ў Беларусі, але тое, што яна паступае зь Беларусі — несумненна. Ёсьць такія факты», — адзначае прадстаўнік дзяржінспэкцыі.

Пры гэтым, падкрэсьлівае ён, зь Беларусі ў Расею «ніякім чынам» ня можа трапіць прадукцыя з краін, якія трапілі пад расейскае харчовае эмбарга.

Ад часу ўвядзеньня харчовага эмбарга расейскія наглядныя органы неаднаразова прад’яўлялі прэтэнзіі беларускім уладам. То абвінавачвалі ў рээкспарце рыбы з Нарвэгіі, то сумняваліся ў якасьці беларускага малака і мяса, то сьмяяліся зь беларускіх крэвэтак.

«Калі адна з краін ва ўмовах адзінай мытнай тэрыторыі ў аднабаковым парадку прымяняе эмбарга на тавары, то такія праблемы непазьбежныя. Мытны саюз, ліквідаваўшы межы ўнутры, проста павінен праводзіць адзіную гандлёвую палітыку. Калі гэтага не адбываецца, то ўзьнікаюць тыя праблемы, якія цяпер існуюць», — сказаў сайту naviny.by загадчык лябараторыі міжнароднага гандлю расейскага Інстытуту эканамічнай палітыкі імя Ягора Гайдара Аляксандар Кнобель.

Ён адзначыў, што ў гэтай сытуацыі дамовіцца можна двума спосабамі: альбо Расея закрывае вочы на ажыцьцяўленне такога транзыту і рээкспарту, альбо Расея адмяняе аднабаковае эмбарга.

«Іншага выйсьця няма. У адваротным выпадку давядзецца ўзводзіць мытную мяжу і адмаўляцца ад Эўразійскага эканамічнага саюзу», — мяркуе экспэрт.

Рассельгаснагляд выявіў рэзкае павелічэньне аб’ёмаў плодаагародніннай прадукцыі беларускага паходжаньня, якая паступіла ў Расею за 7 месяцаў гэтага году ў параўнаньні з 2014 годам.

Паводле расейскага боку, пастаўкі салаты латук, цытрусавых, бахчавых і папаі, яблыкаў, груш, абрыкосаў, вішні, чарэшні і іншай прадукцыі беларускага паходжаньня ўзрасьлі больш як удвая. Рассельгаснагляд неаднаразова зьвяртаўся ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі з просьбай падаць інфармацыю пра аб’ёмы вытворчасьці, экспарту і ўнутранага спажываньня, а таксама пра беларускіх вытворцаў гэтай прадукцыі. Аднак, паводле расейцаў, са сьнежня 2014 году беларускі бок не рэагуе на звароты.

XS
SM
MD
LG