Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына адмовілася расстрэльваць Давыдзьку


Кандыдатка на прэзыдэнта Тацяна Караткевіч сёньня ўвечары другі раз выступае на Беларускім тэлебачаньні.

Мікалай Улаховіч, які ўжо вычарпаў свой ліміт двума тэлезваротамі да выбарцаў, не задаволены ні сабою, ні тым, як ягоныя выступы камэнтуюць журналісты і аналітыкі.

Сяргей Гайдукевіч рыхтуецца да свайго другога тэлевыступу на БТ увечары 25 верасьня.

Аляксандар Лукашэнка працягвае займацца справамі, не акцэнтуючы ўвагі на тым, што ён гэткі самы прэтэндэнт на найвышэйшую пасаду, як і трое ягоных канкурэнтаў.

Таямніцы тэлекухні Тацяны Караткевіч

Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч
Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч

Сёньня Тацяна Караткевіч з 19:30 да 20:00 выступае на тэлеканале «Беларусь 1». Адрозьненьне гэтага яе звароту ад таго, які прагучаў з экранаў роўна тыдзень таму, у тым, што сёньня кандыдатка зьбираеца больш казаць пра матывацыю — чаму патрэбныя зьмены і як іх можна зрабіць. А 17 верасьня Тацяна акцэнтавала ўвагу на сваёй праграме — адзначае кіраўнік выбарчага штабу прэтэндэнткі Андрэй Дзьмітрыеў.

Ён пагадзіўся распавесьці Свабодзе, як Караткевіч рыхтуецца да сваіх прамоваў:

«Ёсьць некалькі стадыяў падрыхтоўкі. Спачатку прамову трэба напісаць і зацьвердзіць. І гэта — велізарная частка ўсёй працы. Трэба вырашыць, якія праблемы ўвойдуць у выступ, пра што будзе размова, пра што павінен сказаць кандыдат, што мы ня будзем закранаць. І, зразумела, ёсьць тэмы, пра якія важна ня проста сказаць, а сказаць правільна, падабраць правільныя словы.

Пасьля гэтага наступае другі этап. Мы сядаем разам з кандыдатам (і гэта не адна, а шмат размоў) і абмяркоўваем кожную частку выступу. Гэта робіцца з удзелам экспэртаў, якія распавядаюць, тлумачаць, адказваюць на пытаньні нашага кандыдата. Робіцца гэта для таго, каб яна разумела тую сутнасьць, якая стаіць за словамі. Напрыклад, Караткевіч кажа: „Трэба праводзіць дэбюракратызацыю“. І разьбіраецца мэханізм, як гэта канкрэтна зрабіць. І тады бачна, што яна разумее, як гэта зрабіць, і каб выбарцы пабачылі яе ўпэўненасьць.

Пасьля таго як уся прамова разабраная па кавалках, пачынаецца новы этап — рэпэтыцыя. І тут ёсьць дзьве стадыі. Спачатку Тацяна прамаўляе перад намі. І мы задаём ёй пытаньні. Гэта такая ўмоўная прэсавая канфэрэнцыя ці інтэрвію, каб яна магла свабодна апэраваць тэкстам. І другая фаза — калі яна прамаўляе ўвесь тэкст і мы ўсе працуем над мімікай, жэстамі і г.д. Графік Тацяны вельмі насычаны. І таму ўсё гэта робіцца альбо рана-рана раніцай, альбо позна ўвечары».

Улаховіч: Зь мяне стараюцца зрабіць атамана, казачка, каго заўгодна, толькі не сур’ёзнага кіраўніка

Мікалай Улаховіч
Мікалай Улаховіч

Мікалай Улаховіч сказаў сёньня Свабодзе, што не задаволены сваімі выступамі на тэлебачаньні:

«Не задаволены ў тым пляне, што не пасьпяваеш дакладна выказаць думку, якую хочаш данесьці да людзей. Напрыклад, калі кажаш, што патрэбна агульнанацыянальная дактрына, і пачынаеш яе раскладаць, паказваць, як яна павінна гучаць — СМІ на гэта не зьвяртаюць увагі, а выхопліваюць зусім іншыя факты. Яны ідуць убок, абы толькі яе не паказаць.

Крыўдна, бо я ведаю, як трэба зрабіць. А зь мяне стараюцца зрабіць атамана, казачка, каго заўгодна, толькі каб не пабачыць ува мне сур’ёзнага кіраўніка.

Вось гэтым я не задаволены. Трэба глядзець па справах. А то ўхапіліся за дэталь — рыбаловаў, паляўнічых. Ну і што? Іх у нас шмат. А хто пра іх, акрамя мяне, гаворыць?.. Там жа мноства праблемаў. А мне кажуць: лухта, дробязь. У жыцьці няма дробязяў. Усё жыцьцё складаецца з дробязяў».

Гайдукевіч плянуе правесьці тысячу пікетаў і сустрэч з выбарцамі

Сяргей Гайдукевіч
Сяргей Гайдукевіч

Сяргей Гайдукевіч 15 верасьня першым з прэтэндэнтаў выступіў з тэлезваротам. Ён жа стане і апошнім. І адбудзецца гэта ўвечары 25 жніўня.

Сёньня кандыдат на прэзыдэнта шмат займаўся сваім другім выступам. А таксама ўдзельнічаў у пікеце каля менскага ГУМа.

«Ён кожны дзень удзельнічае ў нейкім пікеце. Гэта — абавязковая рэч. Плюс розныя размовы зь іншымі людзьмі. Заўтра апошні раз выступіць на тэлебачаньні і з панядзелка пачне езьдзіць па рэгіёнах, бо пакуль ён быў толькі ў Менскай вобласьці.

Мы падалі тысячу заявак — 510 на пікеты, і на сустрэчы каля 500».

Давераную асобу Лукашэнкі строга папярэдзілі

Пікет кандыдата Аляксандра Лукашэнкі
Пікет кандыдата Аляксандра Лукашэнкі

Дзейны кіраўнік Беларусі і адзін з чатырох цяперашніх прэтэндэнтаў на гэтую пасаду Аляксандар Лукашэнка сёньня сустракаўся з амбасадарам Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Мухамэдам аль-Гафлі з нагоды завяршэньня ягонай дыпляматычнай місіі ў Беларусі. Лукашэнка казаў, што Беларусь будзе «прыкладаць максымум намаганьняў для нарошчваньня гандлю з ААЭ».

Тым часам старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына пасьля сёньняшняга пасяджэньня камісіі паведаміла журналістам, што вынесла строгае папярэджаньне даверанай асобе кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі:

«Як вы ведаеце, Генадзь Браніслававіч Давыдзька зьяўляецца вядучым „Клюбу рэдактараў“. Перадапошнюю перадачу ён правёў ужо ў рангу даверанай асобы кандыдата на прэзыдэнта Лукашэнкі. Зарэгістравалі яго даверанай асобай 10 верасьня, а запіс праграмы зроблены на наступны дзень, 11-га.

Я зрабіла Генадзю Браніслававічу строгае папярэджаньне. Лічыце, што гэта было асабістае папярэджаньне старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі. Гэта прафіляктычная мера ўзьдзеяньня. А вам патрэбна, каб я яго расстраляла?!».

Паводле выбарчага заканадаўства «журналістам, службовым асобам сродкаў масавай інфармацыі забараняецца весьці тэле- і радыёпраграмы, удзельнічаць у асьвятленьні выбараў праз сродкі масавай інфармацыі, калі названыя асобы зьяўляюцца кандыдатамі на прэзыдэнта альбо іх даверанымі асобамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG