Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвярамі цісканіны падчас хаджу ў Савудаўскай Арабіі сталі, паводле апошніх зьвестак, ня менш за 717 чалавек, больш за 800 — траўмаваныя.

Цісканіна ўзьнікла падчас аднаго з рытуалаў ў горадзе Міна, недалёка ад Мэкі. У сымбалічным пабіваньні камянямі д’ябла, у дзень аднаго з галоўных мусульманскіх сьвятаў Ід аль-адха, удзельнічалі сотні тысяч паломнікаў.

На месца трагедыі былі сьцягнутыя супрацоўнікі экстранных службаў. У гэтым месяцы гэта ўжо другое буйное здарэньне ў Савудаўскай Арабіі зь вялікай колькасьцю ахвяраў. 11 верасьня сёлета 111 вернікаў загінулі пры падзеньні будаўнічага крана на тэрыторыі галоўнай мячэці Мэкі.

У гэтым годзе пяцідзённы хадж у Савудаўскай Арабіі — традыцыйнае паломніцтва мусульман да сьвятыняў ісламу — пачаўся 22 верасьня. У ім удзельнічаюць каля двух мільёнаў мусульман з 164 краін.

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што зайздросьціць загіблым ў выніку цісканіны, паколькі, паводле яго, яны «памерлі ў самы сьвяты дзень, у самым сьвятым для мусульманаў месцы, таму яны вельмі шчасьлівыя людзі».

Цісканіна падчас хаджу адбываецца ў даліне ўжо ня першы раз. Звычайна гэта здараецца падчас абраду закідваньня камянямі слупа, які сымбалізуе сатану.

Найбольшая колькасьць ахвяр было зафіксавана ў 1990 годзе, калі загінулі амаль паўтары тысячы чалавек.

Пасьля цісканіны 2006 году, у якой загінула больш за 300 чалавек, месца, дзе праводзіцца рытуал, было істотна рэканструявана. У наступныя дзевяць гадоў сур’ёзных здарэньняў падчас хаджу не было.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG