Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія эколягі вярнулі грошы Ды Капрыё, каб іх не лічылі «замежнымі агентамі»


Леанарда Ды Капрыё на конфэрэнцыі ААН па барацьбе са зьменамі клімату. 23 верасьня 2014 году
Леанарда Ды Капрыё на конфэрэнцыі ААН па барацьбе са зьменамі клімату. 23 верасьня 2014 году

Абаронцы прыроды і змагары з браканьерамі з «Экалягічнай вахты Сахаліну», якіх 18 верасьня прызналі «замежнымі агентамі», вырашылі вярнуць грошы Фонду Леанарда Ды Капрыё, атрыманыя на захаваньне заказьніка «Ўсходні». На сайце «Экавахты Сахаліну» абвешчаны збор сродкаў для працягу працы над экалягічнымі праектамі.

Ахвяраваньне ад фонду Леанарда Ды Капрыё на праект па захаванні заказьніка «Ўсходні» і прылеглых да яго дзікіх ласасёвых рэк было атрымана «Экавахтой Сахаліну» ў ліпені сёлета.

Створаны ў 1998 годзе Фонд Ды Капрыё падтрымлівае праекты па захаваньні дзікай прыроды па ўсім сьвеце. У верасьні 2014 Леанарда Ды Капрыё стаў пасланьнікам міру ААН па глябальных кліматычных праблемах. У 2010 годзе амэрыканскі актор удзельнічаў у Пецярбургскім міжнародным форуме «Дапаможам тыгру» і сустракаўся з тагачасным прэм’ер-міністрам Уладзімірам Пуціным, які падзякаваў Ды Капрыё за яго працу і назваў «сапраўдным мужыком».

«Экавахта Сахаліну» — першая расейская арганізацыя, якая атрымала падтрымку Фонду Ды Капрыё. Аднак 23 верасьня сродкі ў памеры 159 тысяч даляраў былі вернутыя назад на рахунак фонду.

Акрамя таго, «Экавахта Сахаліну» мае намер у бліжэйшы час вярнуць 30 тысяч даляраў замежнай некамэрцыйнай арганізацыі «Цэнтар дзікага ласося», атрыманых на захаваньне дзікіх папуляцый ціхаакіянскага ласося.

«Экалягічная вахта Сахаліну» была занесеная Мін’юстам Расеі ў рэестр замежных агентаў 18 верасьня. Арганізацыя настойвае, што ў Міністэрства юстыцыі не было падстаў уключаць яе ў рэестр замежных агентаў, паколькі яна не займаецца палітычнай дзейнасьцю. Аднак на ўсялякі выпадак эколягі адмовіліся ад замежнага фінансаваньня.

«Экавахта Сахаліну» мае намер дамагацца зьняцьця статусу замежнага агента праз суд. У выпадку адмовы арганізацыя, якая існуе з 1995 году, заявіла, што спыніць сваю дзейнасьць.

Кіраўнік «Экавахты Сахаліну» Дзьмітрый Лісіцын паведаміў Радыё Свабода:

Дзьмітрый Лісыцын: Мы трапілі ў сьпісы замежных агентаў 18 верасьня сёлета ў выніку чарговай, чацьвертай па ліку праверкі Мін’юсту. Мы былі маральна гатовыя да гэтага рашэньня, чакалі яго. За некалькі дзён да гэтага мы атрымалі акт праверкі Мін’юсту, у якім было пазначана, якую нашу дзейнасьць яны прызналі палітычнай і што стала падставай для ўключэньня ў рэестр.

РС: І якую ж вашу дзейнасьць яны прызналі палітычнай?

Дзьмітрый Лісыцын: Ну, напрыклад, перапост на нашай неафіцыйнай старонцы «ВКонтакте» пэтыцыі Сусьветнага фонду дзікай прыроды ў абарону Арктыкі пры нафтагазавых распрацоўках. Мы проста зьмясьцілі ў сябе на старонцы спасылку на гэтую пэтыцыю, пад якой Сусьветны фонд дзікай прыроды сабраў некалькі тысяч подпісаў. Пры гэтым Сусьветны фонд дзікай прыроды не прызнаны замежным агентам, а мы прызнаныя, паколькі Мін’юст палічыў наш перапост прыкметай палітычнай дзейнасьці.

РС: І якія будуць вашы далейшыя дзеяньні?

Дзьмітрый Лісыцын: Мы будзем абскарджваць гэтае рашэньне ў судзе. Мы будзем змагацца да канца і адстойваць тую ідэю, што мы не вядзем палітычнай дзейнасьці і на гэтай падставе нас неправамерна ўключылі ў рэестр. Па-другое, мы зьнімаем другую падставу ўключэньня ў рэестр — замежнае фінансаваньне. Таму мы адмовімся ад бягучага замежнага фінансаваньня, якое ў нас ёсьць, і ад большай яго часткі мы ўжо сёньня адмовіліся. Гэта значыць, мы адправілі усе дакумэнты ў банк, каб вярнуць грант Фонду Леанарда Ды Капрыё у памеры 159 тысяч даляраў.

РС: Гэтыя грошы, я так разумею, Фонд Ды Капрыё выдзеліў вам на захаваньне заказьніка «Ўсходні». Што гэта за праект?

Дзьмітрый Лісыцын: Гэта апошняя не парушаная чалавекам дзікая тэрыторыя на Сахаліне. Стварэньня гэтага заказьніка мы дамагліся яшчэ ў 1999 годзе. Да гэтага, да 1999 году, мы на працягу некалькіх гадоў змаглі спыніць высечкі лесу, якія яму пагражалі. І дамагліся таго, што леспрамгас, якому належалі правы на высечку гэтага лесу, добраахвотна адмовіўся ад арэнды гэтага лесу, ад гэтых правоў менавіта на карысьць стварэньня заказьніка. І ў далейшым нам удалося дамагчыся таго, што там была спыненая рыбалоўная дзейнасьць, і ў заказьніку быў створаны вельмі строгі рэжым аховы, значна больш строгі, чым ва ўсіх астатніх заказьніках ў вобласці. І далей мы цалкам вынішчылі там браканьерства, там у прынцыпе няма браканьерства, што для Сахаліну, улічваючы, наколькі багатыя там ласосевыя ракі, гэта зьяўляецца, вядома, абсалютнай анамаліяй.

Цяпер у сьпісе расейскага Мін’юсту — 93 арганізацыі, абвешчаныя замежнымі агентамі. Многія з арганізацый вымушаныя былі спыніць сваю дзейнасьць. Улетку 2014 Дзярждума прыняла закон, які дазволіў Мін’юсту ўключаць арганізацыі ў сьпіс замежных агентаў без судовага рашэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG