Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін падразае Лукашэнку крылы авіябазай у Беларусі»


Сутрэча Лукашэнкі і Пуціна ў расейскім горадзе Уфа 8 ліпеня 2015 году
Сутрэча Лукашэнкі і Пуціна ў расейскім горадзе Уфа 8 ліпеня 2015 году

Пад такім загалоўкам амэрыканскі часопіс Foreign Policy зьмясьціў артыкул пра рашэньне Крамля ўсталяваць расейскую авіябазу на тэрыторыі Беларусі.

У прыватнасьці, часопіс адзначае:

«Аўтарытарны прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка за 20 гадоў прабываньня ва ўладзе зрабіў сабе рэпутацыю гульца на супярэчнасьцях паміж Масквой і Брусэлем, які ўвесь час атрымлівае фінансавую дапамогу і палітычнае прыкрыцьцё. Аднак пасьля рашэньня Расеі пабудаваць авіябазу ў Беларусі дні лукашэнкавага лявіраваньня паміж Расеяй і Захадам і выбіваньня выгады ад абодвух бакоў могуць скончыцца.

Рашэньне пабудаваць базу, якая будзе блізка ад мяжы зь Літвой, удзельніцай НАТО, было абвешчана ў мінулыя выходныя і прыпала на час, у якім прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін спрабуе вярнуць страчаныя статус вялікай дзяржавы для сваёй краіны і аднавіць яе вайсковы патэнцыял за мяжой. Для Беларусі пляны па стварэньні базы прыпалі на асабліва напружаны пэрыяд адносін паміж Менскам і Масквой, выкліканы расейскай анэксіяй Крыму і вайной ва Ўкраіне.

Баючыся свайго ўсходняга суседа, беларускі лідэр у канцы 2014 году пайшоў на беспрэцэдэнтнае адхіленьне ад палітыкі Масквы, пагражаючы выйсьці з Эўразійскага саюзу і прымаючы новую вайсковую дактрыну, якая прадугледжвае пагрозу з боку „зялёных чалавечкаў“, накшталт тых, якія зьявіліся ў Крыме да таго, як паўвостраў стаў часткай Расіі. Беларусь таксама паспрабавала аднавіць адносіны з Эўразьвязам, што, як паведаміла агенцтва Ройтэрс 17 верасьня, мае прывесьці да паслабленьня эканамічных санкцый супраць Менску.

Але пабудова вайсковай авіябазы паказвае, што Пуцін жадае захаваць непрадказальнага Лукашэнку ў арбіце Крамля і пазьбегчы зьбліжэньня паміж Беларусьсю і Захадам».

Foreign Policy таксама цытуе меркаваньні заходніх экспэртаў, Дарага МакДаўэла і Эндру Ўілсана, якія лічаць, што стварэньне расейскай базы ў Беларусі пазбавіць Лукашэнку магчымасьці па-ранейшаму гуляць на супярэчнасьцях паміж Масквой і Захадам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG