Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Соль на выбарчыя раны начальства


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Як жа кляне начальства тое АБСЭ: як жа выбары незаўважныя, ды аб іх – немы крык плякатаў на кожным кроку. Упершыню такое, гаспада!

Назіральнікі напэўна з чатырох сьценаў не выходзяць! Уся Беларусь упершыню ў плякатах: ВЫБАРЫ ПРЭЗЫДЭНТА!

І мае рацыю начальства, як ні дзіўна. Упершыню, ясна. Едзеш па шашы –вялізныя постэры рэклямныя паведамляюць тым, хто ня ў курсе дзела, аб маючых адбыцца выбарах. На запраўках – абавязкова плякаты меншыя. Падыходзіш да прыбіральні, на суседніх дзьвярах у кавярню каляровы выбарчы плякацік.

Чаму так? Што здарылася? Як гэта разумець? Радасны лямант плякатаў сьведчыць, што начальства больш нічога не асьцерагаецца на сваіх выбарах, ніякіх для сябе падводных камянёў. Усё схоплена як ніколі жалезна. Жалязьней не бывае!

Першы раз начальства па-сапраўднаму зусім нічога не баіцца, ніякай канкурэнцыі, нават дробнага страху няма. Усё ў яго пад кантролем гэтым разам, ціп-топ. Адсюль на вуліцах вялізныя выбарчыя білборды. Ніколі-ніколі такога не было. Начальства сапраўды рабіла ўсе гады выбары чым болей незаўважнымі. Ці «саромелася», ці проста хавала. Навошта? Каб апазыцыя не магла выкарыстаць больш-менш значна свае магчымасьці. Па-другое, ускосна гэта было канстатацыяй таго, што «ў краіне можа быць толькі адзін прэзыдэнт». «І іншага ёй ня трэба».

Нас прывучалі да рыгарызму, да выбарчай ашчаднасьці, нават да скупасьці. Што ня варта разбазарваць грошы народныя на такія малаважныя рэчы, лепей патраціць на хлеб наш надзённы.

Так што назіральнікі АБСЭ, не ацаніўшы выбарчай шчырасьці начальства сёньня, у пэўным сэнсе, робяць штосьці накшталт дробнай памылкі: не было столькі плякатаў, вялізных тым больш, а цяпер ёсьць, «прагрэс» неаспрэчны. Гэтыя ж плякаты якраз для яго, для АБСЭ! Вы хацелі выбараў, крытыкавалі, што хаваем? Вось вам выбары! Толькі сьляпы не заўважыць!

Іншая рэч, што выбараў, у нармальным эўрапейскім (а ў нас жа нібы не аспрэчваюць, што мы пакуль у Эўропе) сэнсе гэтага слова няма. І быць ня можа. Некалі народ страшэнна стаміўся ад Брэжнева. А ён жа ўсяго 18 гадоў у тэлевізары быў. Уперад як кіраваць людзьмі, трэба хоць крыху быць псыхолягам. Людзі стамляюцца ад аднаго і таго ж партрэту, усё ж мы не ў царкве. А ўвесь час палохаць прывідам вайны азначае некалі сурочыць: пакліканыя здані абавязкова прыходзяць, але не з таго боку заўсёды.

І адзіны аргумэнт начальства, які вечна чуем: коней на пераправе не мяняюць… А можа нам увогуле коні не патрэбныя сёньня? ХХІ стагодзьдзе. Няхай коні адпачнуць, варта іх пашкадаваць.

Пад вялікім выбарчым білбордам у Горадні ў абедзены перапынак абавязкова зьбіраецца чарга ў шапік зь ежай, у газэтным побач такіх чэргаў не бывае

Пад вялікім выбарчым білбордам у Горадні ў абедзены перапынак абавязкова зьбіраецца чарга ў шапік зь ежай, у газэтным побач такіх чэргаў не бывае

Выбарчая рэкляма і ў вітрынах, і на вуліцы

Выбарчая рэкляма і ў вітрынах, і на вуліцы

У Горадні нават намаляваныя на сьцяне лікёра-гарэлачнага заводу немцы сёньня – у чаканьні выбараў

У Горадні нават намаляваныя на сьцяне лікёра-гарэлачнага заводу немцы сёньня – у чаканьні выбараў

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG