Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне перагляду эўрапейскіх санкцыяў павінна вырашацца 31 кастрычніка, — амбасадар ФРГ


Петэр Дэтмар

Петэр Дэтмар

Пра гэта ў інтэрвію БелаПАН заявіў новы амбасадар ФРГ Пэтэр Дэтмар, адказваючы на пытаньне пра пазыцыю сваёй краіны адносна эўрапейскіх санкцыяў у дачыненьні да Беларусі.

Паводле яго слоў, пасьля доўгіх гадоў складаных адносінаў з афіцыйным Менскам вызваленьне палітвязьняў, а таксама «пазытыўная роля Аляксандра Лукашэнкі ва ўкраінскім працэсе», які прадставіў менскую пляцоўку для правядзеньня мірных перамоваў, адбіліся «станоўчым чынам на разьвіцьці адносінаў паміж Беларусьсю і ЭЗ».

«Дыскусіі ў Брусэлі пра будучыню адносінаў паміж Рэспублікай Беларусь і ЭЗ пачаліся ня ўчора, а ідуць ужо значны час. Пры гэтым гаворка ідзе, вядома, і пра пытаньне санкцыяў. Пытаньне перагляду санкцыяў павінна вырашацца 31 кастрычніка. Ці пойдзе Брусэль на тое, каб распачаць пэўныя крокі ў гэтым дачыненьні яшчэ да 31 кастрычніка або выкажацца па гэтым пытаньні пасьля таго, як пройдзе яго фармальнае абмеркаваньне, сёньня прадказаць складана», — адзначыў нямецкі дыплямат.

Дэтмар падкрэсьліў, што правядзеньне дыялёгу зь беларускімі ўладамі не азначае для ЭЗ адмовы ад сваіх каштоўнасьцяў.

«Мы не адмаўляемся ад пэўных рэчаў, якія былі важныя для нас у мінулым. Яны захоўваюць сваю актуальнасьць. Гэта і правы чалавека, і дэмакратыя, і прынцыпы прававой дзяржавы, — сказаў амбасадар. — Мы павінны абмяркоўваць гэтыя праблемы. Калі мы будзем іх замоўчваць, гэта ні да чаго не прывядзе. Але іх абмеркаваньне прыўносіць яснасьць у пазыцыі бакоў».

Пэтэр Дэтмар заклікаў даць шанец «новаму ўздыму» ў адносінах паміж Беларусьсю і ЭЗ, каб паглядзець, наколькі вялікая гатоўнасьць беларускага боку пайсьці на пэўныя крокі па тых пытаньнях, якія вызначаныя як праблемныя.

«Асабіста я спадзяюся, што некаторыя рэчы зьменяцца ў пазытыўным кірунку», — сказаў новы амбасадар Нямеччыны ў Беларусі.

62-гадовы Пэтэр Дэтмар узначаліў амбасаду Нямеччыны ў Беларусі ў верасьні 2015 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG