Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З мапы Ўкраіны зьнікае Арцёмаўск. На чарзе Днепрапятроўск і Кіраваград


У рамках праграмы дэкамунізацыі першы горад ва Ўкраіне мяняе назву. Арцёмаўск пераназываюць ў Бахмут.

Таксама з гарадзкой мапы Бахмута зьнікнуць больш за 80 назваў вуліц, якія маюць камуністычнае паходжаньне.

З гэтага часу горад Арцёмаўск зьнікне зь пераліку ўкраінскіх населеных пунктаў. А дакладней — зьнікне такая назва горада. Гарадзкая рада Арцёмаўска, што ў Данецкай вобласьці, прыняла рашэньне пра вяртаньне гораду гістарычнай назвы — Бахмут. Афіцыйна горад пераймянуюць толькі пасьля адпаведнага рашэньня Вярхоўнай Рады, праз тры месяцы.

З 1571 да 1924 году гэты горад называўся Бахмутам. Але пасьля гібелі расейскага бальшавіка Арцёма (Фёдара Сяргеева), заснавальніка так званай Данецка-Крывароскай савецкай рэспублікі, гістарычны Бахмут быў перайменаваны ў Арцёмаўск.

Працэсу прыняцьця рашэньня падчас сэсіі гарадзкой рады папярэднічалі шматлікія кансультацыі з грамадзкасьцю. Многія мясцовыя жыхары адразу выступілі катэгарычна супраць, лічачы, што з-за перайменаваньня давядзецца мяняць месца прапіскі, альбо новая назва горада перашкодзіць ім прагаласаваць на выбарах. Але ўсе страхі аказаліся марнымі.

Штамп у дакумэнце з папярэдняй назвай будзе сапраўдным, пакуль чалавек яго перааформіць, таму пытаньне з магчымасьцю не паўстане. Што да выдаткаў органаў самакіраваньня, то яны зводзяцца да вырабу новых таблічак, ўказальнікаў і дарожных знакаў.

Усяго ва Ўкраіне пад дзеяньне Закону аб дэкамунізацыі падпадаюць 28 гарадоў і 48 пасёлкаў гарадзкога тыпу. Сярод іх і два абласныя цэнтры — Днепрапятроўск і Кіраваград. Калі ў горада была гістарычная назва, то новую прыдумляць не абавязкова — у законе гаворыцца пра яе вяртаньне.

Але галоўнае ў гэтым працэсе ня факт перайменаваньня, не зьмяненьне «фасаду» горада, а зьмяненьне ў галовах, адзначае супрацоўнік Украінскага інстытута нацыянальнай памяці, адзін з аўтараў шэрагу законаў аб дэкамунізацыі Сяргей Рабенка:

«Акрамя выкананьня закона ў частцы тапанімікі, неабходнае будзе і адпаведнае зьмяненьне ў сьвядомасьці насельніцтва, якое пражывае як у горадзе Арцёмаўск, так і ў іншых гарадах Данецкай вобласьці або ўсёй Украіны. Было б наіўным думаць, што з прыняцьцем закона ўсё рэзка зьменіцца. Вядома, гэты працэс будзе дастаткова доўгім і ня будзе лёгкім, але яго трэба было пачынаць. І маленькі крок, які зрабіла гарадзкая рада Арцёмаўска, — адзін з маленькіх, але важных крокаў», — перакананы навуковец.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG