Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое міжнародная легітымнасьць?


Франсуа Алянд, Ангела Мэркель, Аляксандар Лукашэнка. Менск, 11.02.2015

Франсуа Алянд, Ангела Мэркель, Аляксандар Лукашэнка. Менск, 11.02.2015

У Беларусі ў сувязі з выбарамі, які адбудуцца ў кастрычніку, ідуць спрэчкі аб прызнаньні і непрызнаньні выбараў з боку Захаду, аб міжнароднай легітымізацыі кіроўнага рэжыму. А што такое гэтая легітымізацыя? Сэнс гэтага паняцьця і зьвязаных зь ім наступстваў у міжнародных дачыненьнях тлумачаць экспэрты: зь Літвы — Віціс Юрконіс, зь Нямеччыны — Ёрг Форбрыг, з Польшчы — Ганна Дынэр, з ЗША — Браян Ўітмар. Зь імі гутарыў Юры Дракахруст.

РС: Гаворыцца, што выбары 2010 году ў Беларусі не былі прызнаныя. Але паслы заходніх краінаў і пасьля тых выбараў спраўна ўручалі даверчыя лісты менавіта «ўзурпатару» Лукашэнку. Канцлер Мэркель і прэзыдэнт Алянд, едучы ў лютым сёлета ў Менск на перамовы па Ўкраіне, прасілі дазволу на прыезд менавіта ў Лукашэнкі. Хіба гэта ня ёсьць прызнаньне?

Юрконіс: Прызнаньне ці непрызнаньне выбараў — гэта адна справа, а міждзяржаўныя адносіны — іншая. Беларусь — не адзіная краіна на постсавецкай прасторы, ў якой выбары несумленныя і несправядлівыя. Ёсьць Азербайджан, Туркменістан, Узьбекістан, так выглядае, што Расея і Казахстан хутка «дагоняць» Беларусь у гэтым пытаньні. Але нягледзячы на гэта ва ўсіх гэтых краінах працуюць паслы заходніх краінаў, зь імі вядзецца гандаль і г. д.

Ніхто ў Эўропе ня хоча ізаляваць Беларусь, але, на жаль, Лукашэнка сам выбірае самаізаляцыю і не дазваляе Беларусі рушыць насустрач Эўразьвязу. Лукашэнка захапіў уладу, ён увесь час парушае Канстытуцыю і міжнародныя абавязкі сваёй краіны, так што назваць яго легітымным кіраўніком дзяржавы складана. Нягледзячы на гэта, сустракацца і камунікаваць зь беларускімі ўладамі даводзіцца, таму што ёсьць шмат двухбаковых, рэгіянальных пытаньняў, для вырашэньня якіх патрэбныя і прадстаўнікі беларускіх уладаў. Такія кантакты зь імі адбываюцца з-за неабходнасьці.

Форбрыг: Тут ёсьць пэўная блытаніна, таму дазвольце мне растлумачыць сытуацыю так, як я яе бачу. Прызнаньне тычыцца Рэспублікі Беларусі — гэта прызнаньне законнасьці яе існаваньня і статус у адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права. Такое прызнаньне мае шэраг атрыбутаў, у прыватнасьці, міжнароднае прызнаньне межаў, дыпляматычныя стасункі зь іншымі краінамі і сяброўства ў міжнародных арганізацыях. Карацей кажучы, прызнаньне тычыцца таго, ці прызнае міжнародная супольнасьць гэтае грамадзка-тэрытарыяльнае ўтварэньне як дзяржаву, яно ня тычыцца таго, як гэтая дзяржава кіруецца знутры.

Трэба адрозьніваць дыпляматычнае прызнаньне дзяржавы і вэрдыкт, ці зьяўляюцца нейкія канкрэтныя выбары свабоднымі і справядлівымі.

Легітымнасьць, у сваю чаргу, тычыцца менавіта ўнутранага кіраваньня, статусу кіраўніка дзяржавы, парадку прыняцьця рашэньняў. Кіроўныя асобы могуць вызначацца паводле традыцыі, як гэта мае месца ў манархіях, альбо шляхам канкурэнтных выбараў, як у большасьці сучасных дэмакратый. Гэта можа вызначацца шляхам подкупу грамадзтва, як гэта робіцца ў большасьці краінаў, багатых на нафтадаляры, ці шляхам прымусу, як гэта робіцца ў клясычных дыктатурах.

Беларускі варыянт Аляксандра Лукашэнкі ўжо даўно зьяўляецца сумесьсю двух апошніх спосабаў: забесьпячэньня сьціплага дабрабыту ў грамадзтве ў абмен на палітычную ляяльнасьць і пагрозаў і ціску ў дачыненьні да іншадумцаў.

Тым ня менш, прызнаньне і легітымнасьць не абсалютна адрозныя рэчы. Прызнаныя дзяржавы могуць заключаць міжнародныя дамовы, якія могуць вызначаць унутраную палітыку. Адной з ключавых дамоваў зьяўляецца Парыская хартыя, якой была заснаваная Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе і якая была падпісаная Беларусьсю ў 1993 годзе. Беларусь з тых часоў часта парушала многія пункты гэтай хартыі, асабліва тыя, якія тычацца правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў. Гэтыя факты рэгулярна фіксаваліся АБСЭ. Гэта ставіць пад сумнеў легітымнасьць вынікаў выбараў і паўнамоцтваў, атрыманых у выніку іх, але гэта ня ставіць пад сумнеў той факт, што Беларусь зьяўляецца прызнанай дзяржавай. У гэтай якасьці паслы Эўразьвязу ўручаюць свае даверчыя лісты беларускай дзяржаве, лідэры краінаў ЭЗ наведваюць беларускую дзяржаву, але гэта не азначае прызнаньне легітымнасьці.

Тым ня менш, візыты замежных лідэраў і адносіны зь іншымі дзяржавамі ўплываюць на ступень легітымнасьці ўладаў адпаведнай краіны. У гэтым сэнсе перамовы ў Менску з удзелам Ангелы Мэркель і Франсуа Алянда падвысілі статус Аляксандра Лукашэнкі ў вачах многіх беларусаў. Гэтая міжнародная публічнасьць, уяўная патрэба міжнароднай супольнасьці ў Менску як у пляцоўцы для перамоваў стварае пэўны эрзац легітымнасьці для «моцнага чалавека» Беларусі. Гэта бясцэнны падарунак для таго, чыя легітымнасьць зьяўляецца вельмі слабой.

Ад прызнаньня выбараў ужо адыходзяць, бо гэта паўсюдна прызнаецца ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы дадзенай дзяржавы.

Дынэр: Трэба разьдзяліць дзьве рэчы. Прызнаньне дзяржавы і яе ўладаў з аднаго боку і прызнаньне выбараў з другога. Беларусь — дзяржава, прызнаная дэ-юрэ, а таму ў адпаведнасьці зь міжнародным правам даверчыя лісты ўручаюцца фактычнаму кіраўніку дзяржавы. Падобны мэханізм дзейнічае ў выпадку візытаў кіраўнікоў дзяржаваў. Прызнаючы дзяржаву дэ-юрэ, можна аднак не прызнаваць выбараў, калі яны не адпавядалі шэрагу патрабаваньняў, такіх як абвастрэньні, зьвязаныя з рэгістрацыяй апазыцыйных кандыдатаў, магчымасьцю правядзеньня імі выбарчай кампаніі (у тым ліку доступ да сродкаў масавай інфармацыі), або працэдура падліку галасоў, якая не выклікае сумневаў. Аднак гэта палітычнае рашэньне, а ў міжнародным праве няма пасьлядоўнасьці. Больш за тое, ад прызнаньня выбараў ужо адыходзяць, бо гэта паўсюдна прызнаецца ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы дадзенай дзяржавы.

Ўітмар: Трэба адрозьніваць дыпляматычнае прызнаньне дзяржавы і вэрдыкт, ці зьяўляюцца нейкія канкрэтныя выбары свабоднымі і справядлівымі. Гэта розныя рэчы. Кожная дзяржава прымае сувэрэннае рашэньне аб дыпляматычным прызнаньні. І непрызнаньне (як у выпадку з Паўночнай Карэяй ці Іранам з боку ЗША) зьяўляецца вельмі сур’ёзным і рэдкім крокам. Выбары кантралююцца міжнароднымі арганізацыямі і асобнымі дзяржавамі, якія прыходзяць да высноваў, ці зьяўляюцца яны свабоднымі і справядлівымі, ці адлюстроўваюць волю народа. Аднак можна — і, па сутнасьці, так яно звычайна і адбываецца — лічыць выбары нелегітымнымі, але прызнаваць улады, якія былі сфармаваныя па выніках гэтых выбараў.

РС: Часам гаворыцца, што даверчыя лісты ад паслоў, рабочыя стасункі з кіраўніком адпаведнай дзяржавы — гэта прызнаньне дэ-факта. А ёсьць яшчэ, маўляў, прызнаньне дэ-юрэ, якое грунтуецца на ацэнцы выбараў. І ў чым сутнасьць гэтага «дэ-юрэ» — якія канкрэтныя дадатковыя чыньнікі атрымлівае ад гэтага кіраўнік дзяржавы ў параўнаньні з прызнаньнем дэ-факта?

Юрконіс: Непрызнаньне выбараў — гэта канстатацыя таго, што выбары былі недэмакратычнымі (фальсыфікаванымі, імітаванымі і г. д.). Гэта канстатацыя факту, што абраньне асобаў, чыя перамога на гэтых выбарах была абвешчаная, было проста падманам. Але гэта рашэньне грамадзянаў адпаведнай краіны, калі яны выбіраюць такую рэчаіснасьць — жыць пад кіраўніцтвам махляроў.

А дыпляматы ня маюць вялікага выбару ў гэтым сэнсе — яны прыяжджаюць у такую рэчаіснасьць Да таго ж, прыяжджаючы ў краіну, яны камунікуюць ня толькі з уладамі, але і з бізнэсам, і з грамадзянскай супольнасьцю. Кожны дыплямат мае выбар, на што рабіць акцэнт, хаця мінімальная камунікацыя з уладамі непазьбежная.

Няма пытаньня асобнага прызнаньня дэ-факта і дэ-юрэ. Ёсьць пытаньне рэальнай палітыкі. Заходнія краіны прызнаюць і маюць афіцыйныя дыпляматычныя адносіны з многімі дзяржавамі, зь якімі ў іх кепскія адносіны.

Дынэр: Прызнаньне дэ-юрэ і дэ-факта датычыць дзяржаваў, а ня іх уладаў. У гэтым выпадку больш дарэчна было б казаць пра прызнаньне ўлады (ураду). Звычайна перадумовай прызнаньня ўраду бывае крытэр эфэктыўнасьці, або рэальнага выкананьня ўлады на дадзенай тэрыторыі, дзе жыве пэўнае насельніцтва. У гэтым паняцьці заключаецца як маўклівая, гэтак і выказаная ўхвала ўладаў з боку яе падданых, а таксама здольнасьць улады выконваць міжнародныя абавязаньні («Міжнароднае права ня ставіць зьяўленьне ўрадавых кампэтэнцыяў у залежнасьць ні ад спосабу ўзьнікненьня ўраду або яго складу, ні ад прыхільнасьці нейкай ідэалёгіі, ні ад займаньня прыхільнай пазыцыі і выкананьня абавязаньняў у дачыненьні да трэціх дзяржаваў». - R. Bierzanek, J. Symonides, Prawo międzynarodowe publiczne, Warszawa 2005, s. 144-145). І ў адпаведнасьці з гэтым прынцыпам нельга ставіць пад пытаньне тое, што Аляксандар Лукашэнка выконвае ўладу ў Беларусі.

Ўітмар: Дыпляматычнае прызнаньне — гэта прызнаньне і дэ-юрэ і дэ-факта, прызнаньне юрыдычнае і прызнаньне па факце. Няма пытаньня асобнага прызнаньня дэ-факта і дэ-юрэ. Ёсьць пытаньне рэальнай палітыкі. Заходнія краіны прызнаюць і маюць афіцыйныя дыпляматычныя адносіны з многімі дзяржавамі, зь якімі ў іх кепскія адносіны. Часам заходнія краіны спрабуюць ізаляваць такія дзяржавы. Прыклад таго — Беларусь, а таксама Расея пасьля анэксіі Крыму. Ступень, у якой адна дзяржава узаемадзейнічае ці ізалюе другую краіну, зьменлівая і зьяўляецца палітычным пытаньнем. Гэта можа мяняцца зь цягам часу безь якіх-небудзь зьменаў у дыпляматычным статусе дэ-юрэ. Напрыклад, да крызісу ва Ўкраіне Захад ізаляваў Беларусь і ўзаемадзейнічаў з Расеяй. Цяпер Захад узаемадзейнічае зь Беларусьсю і спрабуе ізаляваць Расею.

РС: Для заходніх дзяржаваў крытэрам тэхнічнай ацэнкі выбараў у той або іншай краіне-ўдзельніцы АБСЭ зьяўляюцца высновы назіральнай місіі БДІПЧ АБСЭ. Але ў якой ступені гэтыя высновы абумоўліваюць палітычнае рашэньне аб прызнаньні ці непрызнаньні выбараў урадамі краінаў Эўразьвязу? Здаецца, выбары ў большасьці постсавецкіх краінаў БДІПЧ АБСЭ прызнае неадпаведнымі дэмакратычным стандартам. Дык яны і адпаведна іх пераможцы не прызнаныя Эўразьвязам?

Юрконіс: Паводле назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ, рэальных выбараў няма ня толькі ў Беларусі, але і ў некаторых іншых постсавецкіх краінах. Але ніхто не разрывае дыпляматычных стасункаў. Міжнародныя арганізацыі і краіны Эўразьвязу могуць выказаць папрокі і рэкамэндацыі, некаторыя палітыкі могуць выказацца больш жорстка, але на практычным узроўні кантакты даводзіцца ўсё роўна падтрымліваць.

Паводле назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ, рэальных выбараў няма ня толькі ў Беларусі, але і ў некаторых іншых постсавецкіх краінах. Але ніхто не разрывае дыпляматычных стасункаў.

Форбрыг: АБСЭ праз БДІПЧ мае правераны часам і распрацаваны мэханізм маніторынгу і ацэнкі выбараў. Гэты мэханізм ужываецца ва ўсіх дзяржавах-удзельніцах АБСЭ, уключаючы, напрыклад, Нямеччыну і ЗША, і высновы робяцца выключна на аснове тэхнічнай ацэнкі, а не паводле палітычных меркаваньняў. Эўразьвяз і асобныя краіны-ўдзельніцы Зьвязу, як правіла, засноўваюць сваю рэакцыю на выбары на ацэнках АБСЭ. Гэтая рэакцыя ня зводзіцца толькі да ацэнак. Напрыклад, не існуе нармальнага міжпарлямэнцкага дыялёгу паміж парлямэнтамі краінаў ЭЗ і парлямэнтам Беларусі, паколькі выбары ў беларускі парлямэнт у Эўразьвязе ня лічаць прымальнымі. Аляксандар Лукашэнка не сустракаецца зь лідэрамі краінаў ЭЗ менавіта таму, што кіраўнікі краінаў Зьвязу ня хочуць сядаць за адзін стол з кіраўніком, чыё абраньне было кваліфікаванае як нелегітымнае.

Тым ня менш, практыка ЭЗ, відавочна, больш складаная. З аднаго боку, гэтыя строгія стандарты ўжываюцца не да ўсіх постсавецкіх дзяржаваў, выбары ў якіх былі скрытыкаваныя АБСЭ як неадпаведныя стандартам гэтай арганізацыі. Адносіны з Азербайджанам або Казахстанам, нягледзячы на недахоп дэмакратыі ў гэтых краінах, квітнелі на аснове Realpolitik і энэргетычных інтарэсаў, тым часам як адносна Беларусі ўжываліся ізаляцыя і санкцыі. Гэта аслабляе пазыцыі і прынцыпы Эўразьвязу.

Некаторыя ў Эўропе жадаць нармалізацыі адносінаў ЭЗ зь Беларусьсю, ці то з геапалітычных прычынаў, ці то з прычыны бізнэс-інтарэсаў. Яны заклікаюць АБСЭ прызнаць прагрэс у правядзеньні выбараў, у тым ліку і тых, якія адбудуцца сёлета ў Беларусі, каб дамагчыся палітычнага збліжэньня зь Беларусьсю пасьля гэтых выбараў. Гэта падрывае адзінства АБСЭ. Падвойныя стандарты ў ЭЗ і ціск на назіральнікаў з боку прыхільнікаў паляпшэньня стасункаў з аўтакратыямі гуляе на руку лукашэнкам і назарбаевым ва ўсім сьвеце і ўмацоўвае іх аўтакратычнае кіраваньне.

Дынэр: ЭЗ ня мае мэханізму «прызнаньня выбараў». Паасобныя інстытуцыі (Старшынёўства, Рада, Камісія, Парлямэнт) могуць выступаць з заявамі (часам вельмі вострага зьместу), і тады яны ўзьнікаюць на падставе назіральных місіяў ЭЗ, Эўрапарлямэнту або АБСЭ.

ЭЗ не прызнае дзяржавы або ўрады, бо гэта выключная кампэтэнцыя краін-удзельніц.

Адносіны з Азербайджанам або Казахстанам, нягледзячы на недахоп дэмакратыі ў гэтых краінах, квітнелі на аснове Realpolitik і энэргетычных інтарэсаў, тым часам як адносна Беларусі ўжываліся ізаляцыя і санкцыі. Гэта аслабляе пазыцыі і прынцыпы Эўразьвязу.

Ўітмар: Зразумела, заходнія краіны прыслухоўваюцца да высноваў БДІПЧ АБСЭ ў ацэнцы, ці былі выбары ў той або іншай краіне свабоднымі і справядлівымі. Але, зноў жа, ацэнка выбараў як нелегітымных (гэта значыць, несвабодных і несправядлівых) не абавязкова азначае непрызнаньне адпаведнага рэжыму. Выбары ў Казахстане і Азербайджане рэгулярна ацэньвацца як несвабодныя і несправядлівыя. Але я не чуў, каб нейкія заходнія дзяржавы адклікалі сваіх паслоў з Астаны ці Баку.

РС: Сёлета адбыліся прэзыдэнцкія выбары ў Казахстане, на якіх дзейны прэзыдэнт Назарбаеў атрымаў фантастычны вынік — 98%. Ці былі гэтыя выбары непрызнаныя гэтаксама, як выбары 2010 году ў Беларусі? Калі так, то як гэта адбілася на міжнароднай легітымнасьці прэзыдэнта Назарбаева? Яна такая ж сумнеўная, як у прэзыдэнта Лукашэнкі?

Юрконіс: Нурсултан Назарбаеў — патрыярх палітыкі, ён кіруе даўжэй за Аляксандра Лукашэнку. Ацэнкі выбараў у гэтых краінах даволі падобныя, яны трапляюць у катэгорыю кансалідаваных аўтарытарных рэжымаў.

Форбрыг: У прынцыпе любая краіна можа адмовіць ва ўезьдзе непажаданай асобе, хай нават гэта будзе кіраўнік іншай дзяржавы ці ягоны падначалены. Гэта параўнальна жорсткая мера ўжываецца звычайна ў адказ ня толькі на фальсыфікацыю выбараў, але на больш жорсткія дзеяньні — такія як рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. У гэтых выпадках візавая забарона — гэта моцны палітычны сыгнал, акт міжнароднага асуджэньня. Гэта якраз выпадак спадара Лукашэнкі. Забарона на ўезд у краіны ЭЗ была ўведзеная для яго і яго падначаленых у 2006 годзе, пасьля сфальсыфікаваных выбараў і падаўленьня пратэстаў. Візавая забарона была прыпыненая ў 2008 годзе, калі адносіны паміж ЭЗ і Беларусьсю палепшыліся, іх дзеяньне было адноўленае ў 2011 годзе, пасьля чарговых ашуканскіх выбараў і рэпрэсіяў супраць пратэстоўцаў. Здаецца, што беларускі ўрад і яго прыхільнікі ў ЭЗ зараз робяць усё магчымае, каб мець фальсыфікаваныя выбары, але без пратэстаў і праліцьця крыві, каб было адзначанае паляпшэньне сытуацыі і апраўданае скасаваньне візавых забаронаў і іншых санкцыяў. Натуральна, гэта будзе стымулам для Лукашэнкі і поўха прыхільнікам пераменаў у Беларусі.

Дынэр: Справаздача АБСЭ па выбарах у Казахстане была вельмі крытычная. Дзяржавы ЭЗ, прызнаючы Беларусь і Казахстан, прызнаюць таксама, што абодва прэзыдэнты выконваюць там уладу. Розьніца датычыць ахопу санкцыямі за канкрэтныя парушэньні правоў чалавека, якімі ахоплены беларускі прэзыдэнт.

Забарона на ўезд на сваю тэрыторыю для кіраўніка іншай прызнанай краіны зьяўляецца рэзкім і даволі рэдкім крокам.

Ўітмар: Ізноў жа, мы не павінны блытаць ацэнку легітымнасьці выбараў і прызнаньне дэ-факта і дэ-юрэ легітымнасьці рэжыму. Апошняе вызначаецца інтарэсамі і рэальнай палітыкай. Назарбаеў карысны Захаду па геапалітычных прычынах. Такім, дарэчы, стаў і Лукашэнка ў выніку крызісу ва Ўкраіне — і яго міжнародная ізаляцыя аслабла, хоць і не ліквідаваная цалкам. Гэта палітычныя рашэньні.

РС: У дадзены момант кіраўнік Беларусі знаходзіцца пад візавымі санкцыямі, яму забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Ці эквівалентна гэта непрызнаньню, адсутнасьці міжнароднай легітымацыі? Візавыя санкцыі нельга ўвесьці супраць прызнанага дэ-юрэ кіраўніка? Юрконіс: Прыклад Лукашэнкі паказвае, што можна, але санкцыі зьвязаныя ня толькі з характарам выбараў, але і з шырокімі рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасьці Беларусі пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Дынэр: Не існуе прызнаньня дэ-юрэ кіраўніка дзяржавы, таму гэтае пытаньне пастаўленае некарэктна. Затое, як паказвае выпадак зь Беларусьсю, да прэзыдэнта дзяржавы, прызнанай дэ-юрэ дзяржавамі-ўдзельніцамі ЭЗ, могуць быць ужытыя санкцыі.

Ўітмар: Забарона на ўезд на сваю тэрыторыю для кіраўніка іншай прызнанай краіны зьяўляецца рэзкім і даволі рэдкім крокам. Гэтая мера адлюстроўвае ступень абурэньня Захаду парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі. Але размовы і пляны аслабіць гэтыя візавыя санкцыі адлюстроўваюць той факт, што Лукашэнка цяпер стаў карысным для Захаду. У гэтым выпадку Захад шукае балянс паміж сваімі каштоўнасьцямі і геапалітычнымі інтарэсамі.

***

Віціс Юрконіс - Кіраўнік праекту ў Інстытуце міжнародных дачыненьняў і палітычных навук Віленскага ўнівэрсытэту (Літва), у мінулым — кіраўнік аддзелу аналізу палітыкі Віленскага Цэнтру дасьледаваньняў Усходняй Эўропы. Экспэрт па Беларусі, рэгіёне «Ўсходняга партнэрства» і Расеі. Удзельнік трэнінгаў для актывістаў грамадзянскай супольнасьці і абаронцаў правоў чалавека ў Аўганістане, Беларусі, Бірме, Грузіі, на Кубе і ва Ўкраіне. Магістр паліталёгіі.

Ёрг Форбрыг - Супрацоўнік Фонду Джорджа Маршала (Нямеччына), экспэрт па Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, дырэктар Фонду дэмакратыі ў Беларусі. Аўтар публікацыяў у газэтах The New York Times, Financial Times, CNN, Neue Zeitung Züricher і Süddeutsche Zeitung. Доктар сацыяльных і палітычных навук.

Ганна Марыя Дынэр - Аналітык Польскага інстытуту міжнародных дачыненьняў, раней — супрацоўнік Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў. Кола прафэсійных інтарэсаў — унутраная і зьнешняя палітыка Беларусі і роля Расеі на постсавецкай прасторы. Магістар паліталёгіі.

Брайян Уітмар - Старэйшы карэспандэнт Цэнтральнай службы навінаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. Аўтар блогу «Вэртыкаль ўлады» на сайце радыё. Да прыходу на радыё працаваў карэспандэнтам газэты Boston Globe спачатку ў Маскве, потым у Празе. Магістар паліталёгіі.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG