Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Намесьнік старшыні ПА АБСЭ сустрэўся ў Гомелі з прадстаўнікамі апазыцыі


Падчасу сустрэчы Кента Харстэда з прадстаўнікамі апазыцыі ў Гомелі

Падчасу сустрэчы Кента Харстэда з прадстаўнікамі апазыцыі ў Гомелі

23 верасьня спэцыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, намесьнік старшыні ПА АБСЭ Кент Харстэд сустрэўся ў Гомелі зь мясцовымі прадстаўнікамі апазыцыйных палітычных партый і грамадзкіх арганізацый.

Дэмакратычныя актывісты адзначалі, што ключавых зьменаў у выбарчае заканадаўства ня ўнесена, таму выбары праходзяць па ранейшай схеме: пройдзе шматдзённае папярэдняе галасаваньне, на якое ўлады праз кіраўніцтва арганізацый і ўстановаў настойліва запрашаюць выбарцаў і асабліва студэнтаў, вайскоўцаў, працаўнікоў бюджэтнай сфэры. У выбарчыя камісіі па-ранейшаму не ўключаюць дэмакратычных вылучэнцаў, а назіральнікам адводзяць месцы там, адкуль яны ня могуць сачыць за падлікам галасоў.

У прыватнасьці прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў і партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімер Сякерка ўзгадалі, што з 94 іхніх вылучэнцаў у мясцовыя выбарчыя камісіі трапіў толькі адзін.

Многія ў рэгіёне і без усялякіх тлумачэньняў зразумелі, што справядлівых і празрыстых выбараў няма. Таму ў асяродку выбарцаў пануе абыякавасьць і апатыя, нежаданьне ўдзельнічаць у такіх выбарах.

Каардынатар кампаніі «За свабодныя і справядлівыя выбары» Ўладзімер Кацора мяркуе, што ўдзел «да канца» ў выбарчай кампаніі Тацяны Караткевіч паглыбляе раскол у грамадзтве і ў апазыцыі ў прыватнасьці. Да таго ж абуджае некаторую цікавасьць да выбараў, якіх насамрэч няма.

Зь ім не пагадзіўся Алег Шабетнік, давераная асоба Тацяны Караткевіч. Ён лічыць, што без кандыдата ў прэзыдэнты Караткевіч уладам зь іх падкантрольнымі выбарчымі камісіямі нічога асабліва й ня трэба будзе парушаць.

Каардынатар місіі назіральнікаў Кент Харстэд паведаміў, што ў Цэнтравыбаркаме ўзьнімалася пытаньне пра магчымасьць для назіральнікаў візуальна сачыць за падлікам галасоў.

На сустрэчы прысутнічалі таксама Коні Джэнсан і Энвэр Ахмедаў, доўгатэрміновыя назіральнікі БДІПЧ АБСЭ, якія працуюць на Гомельшчыне.

XS
SM
MD
LG